Выбрать главу

- Ах, доктар, толькі цяпер вы ўспомнілі пра рэцэпт для майго хлопчыка... ах, ужо мне гэтыя вучоныя...

Госці, якія стаялі паблізу, дабрадушна засмяяліся... я зразумеў, я быў моцна ўражаны, як па-майстэрску выратавала яна сітуацыю... Я хуценька вырваў з блакнота чысты лісток... яна спакойна ўзяла яго і... пайшла... падзякаваўшы халоднаю ўсмешкаю... У першы момант я абрадаваўся... я бачыў, што яна ўмела загладзіла мой недарэчны ўчынак, выратавала становішча... але я тут жа зразумеў, што для мяне ўсё страчана, што гэтая жанчына ненавідзіць мяне за маю шалёную гарачнасць... ненавідзіць мацней за смерць... зразумеў, што магу сотні разоў падыходзіць да яе дзвярэй, і яна будзе сотні разоў праганяць мяне, як сабаку.

Хістаючыся, ішоў я па зале... і адчуваў, што на мяне глядзяць людзі... у мяне быў, відаць, вельмі дзіўны выгляд... Я пайшоў у буфет, выпіў запар дзве, тры, чатыры чаркі каньяку... гэта выратавала мяне ад непрытомнасці... нервы болей не вытрымлівалі, яны быццам абарваліся... Потым я выбраўся цераз бакавы выхад, тайком, як злачынца... Ні за якія багацці на свеце не прайшоў бы я зноў па той зале; дзе сцены яшчэ хавалі водгук яе смеху... Я пайшоў... дакладна не ведаю, куды я пайшоў... у нейкія шынкі - і напіўся... напіўся, як чалавек, які хоча ўсё забыць... але... але мне не ўдалося адурманіць сябе... яе смех гучаў ува мне, рэзкі і злосны... гэты пракляты смех я ніяк не мог заглушыць... Потым я блукаў па беразе каля гавані... рэвальвер я пакінуў у гатэлі, а то абавязкова застрэліўся б. Я болей ні аб чым не думаў і з адною гэтаю думкаю пайшоў да сябе... з думкаю аб левай шуфлядцы камоды, дзе ляжаў мой рэвальвер... толькі з адною гэтаю думкаю.

Калі я тады не застрэліўся... прысягаю вам, гэта была не баязлівасць... было б збавеннем спусціць ужо ўзведзены курок... але, як бы растлумачыць гэта вам... я адчуваў, што на мне яшчэ ляжыць абавязак... так, той самы абавязак... Мяне збівала з панталыку думка, што я магу яшчэ быць ёй карысны, патрэбны ёй... бо была ўжо раніца ў чацвер, а ў суботу... я ж казаў вам... У суботу павінен быў прыйсці параход, і я ведаў, што гэтая жанчына, гэтая гордая жанчына не перажыве свайго ўніжэння перад мужам і перад светам... О, як мучылі мяне думкі аб неразумна страчаным каштоўным часе, аб маёй шалёнай неразважлівасці, якая зрабіла немагчымай своечасовую дапамогу... гадзінамі, прысягаю вам, гадзінамі хадзіў я ўзад і ўперад па пакоі і ламаў галаву, намагаўся знайсці спосаб наблізіцца да яе, выправіць сваю памылку, дапамагчы ёй... Што яна болей не дапусціць мяне да сябе, было мне зусім ясна... я ўсімі сваімі нервамі адчуваў яшчэ яе смех і гнеўнае ўздрыгванне ноздраў... Гадзінамі, гадзінамі бегаў я ў трох метрах майго цеснага пакоя... быў ужо дзень, час набліжаўся да поўдня...

І раптам мяне штурханула да стала... я схапіў пачак паштовай паперы і пачаў пісаць ёй... я ўсё напісаў... я скуголіў, як пабіты сабака, я прасіў у яе прабачэння, называў сябе вар'ятам, злачынцам... умольваў даверыцца мне... Я абяцаў знікнуць адразу ж з горада, з калоніі, памерці, пажадай яна гэтага... толькі б яна прабачыла мне, і паверыла, і дазволіла дапамагчы ёй у гэтую апошнюю, самую апошнюю гадзіну... Я спісаў дваццаць старонак... Мусіць, гэта быў шалёны, дзіўны ліст, падобны на гарачкавае трызненне, бо, калі я ўстаў з-за стала, я абліваўся потам... пакой плыў перад вачамі, я мусіў выпіць шклянку вады... Я паспрабаваў перачытаць ліст, але мне стала страшна пасля першых слоў... дрыготкімі рукамі склаў я яго і хацеў ужо сунуць у канверт... і раптам мне прыйшла новая думка, я знайшоў патрэбнае, рашаючае слова. Яшчэ раз схапіў я пяро і напісаў на апошнім лістку: «Чакаю тут, у Странд-гатэлі, вашага прабачэння. Калі да сямі гадзін не атрымаю адказу, я застрэлюся».

Пасля гэтага я выклікаў званком боя і загадаў яму аднесці ліст. Нарэшце-такі я сказаў ёй усё!

Побач з намі штосьці зазвінела і пакацілася, - неасцярожным рухам ён перакуліў пляшку з віскі. Я чуў, як яго рука мацала па палубе і нарэшце схапіла пустую пляшку; моцна размахнуўшыся, ён кінуў яе ў мора. Некалькі хвілін ён маўчаў, потым загаварыў яшчэ больш гарачкава, яшчэ больш узбуджана і хапатліва.

- Я болей не веру ў бога... у мяне няма ні неба, ні пекла... а калі і ёсць пекла, то я яго не баюся - яно не можа быць страшней за гадзіны, якія я перажыў у тую раніцу, у той дзень... Уявіце сабе маленькі пакойчык, нагрэты сонцам, у якім робіцца ўсё гарачэй ад паўдзённай спёкі... пакойчык, дзе толькі стол, крэсла і ложак... На гэтым стале нічога, акрамя гадзінніка і рэвальвера, а каля стала - чалавек... чалавек, які не зводзіць вачэй з секунднай стрэлкі... чалавек, які не есць, не п'е, не курыць, не рухаецца з месца... які ўвесь час... чуеце, увесь час, тры гадзіны запар... глядзіць на белы круг цыферблата і на стрэлку, якая з ціканнем бяжыць па гэтым крузе... Так... так правёў я гэты дзень, толькі чакаў, чакаў, чакаў... але чакаў як... як робіць усё чалавек, гнаны амокам, - неўсвядомлена, тупа, з шалёнаю, прамалінейнаю ўпартасцю.