Выбрать главу

Над самаю галавою стаяла таямнічае сузор'е Паўднёвага Крыжа, мігатлівымі дыяментавымі цвікамі прыбітае да неба; здавалася, яно гайдаецца, хоць рух гэты быў выкліканы толькі ходам карабля, плыўца-волата, які з лёгкім дрыжаннем дыхаў на поўныя грудзі, то падымаўся, то апускаўся і падаваўся наперад, рассякаючы цёмныя хвалі. Я стаяў і глядзеў угору, адчуваў сябе, як пад душам: зверху цякла цёплая вада, - толькі гэта было святло, белае і цёплае, яно лілося мне на рукі, на плечы, яно ласкава струменілася вакол галавы і, здавалася, пранікала ўсярэдзіну, усё цьмянае ў маёй душы раптам праяснілася. Я дыхаў вольна, лёгка і неяк шчасліва адчуваў на вуснах, як празрысты напітак, мяккае, нейкае шыпучае, п'янлівае паветра, напоенае дыханнем пладоў і водарам далёкіх астравоў. Толькі цяпер, упершыню пасля таго, як я ступіў на сходні, я адчуў свяшчэнную радасць мараў і другую, больш пачуццёвую: аддацца, нібы жанчына, асалодзе, якая абкружала мяне. Мне хацелася легчы і скіраваць позірк угору на белыя іерогліфы. Але ўсе крэслы кудысьці прыбралі, і нідзе на пустыннай палубе не было відаць зручнага месца, каб адпачыць і памарыць.

Я пачаў вобмацкам прабірацца далей, да насавой часткі парахода, аслеплены святлом, якое ўсё мацней лілося на мяне з усіх бакоў. Мне было амаль балюча ад гэтага рэзка белага зорнага святла; мне хацелася схаваццца куды-небудзь у цень, выцягнуцца на цыноўцы, не адчуваць бляску на сабе, а толькі над сабою і на залітых ім рэчах, - гэтак глядзяць на пейзаж з зацемненага пакоя. Спатыкаючыся аб канаты і абыходзячы жалезныя лябёдкі, я дабраўся нарэшце да бака і стаў глядзець, як фарштэвень рассякае змрок і расплаўленае месячнае святло закіпае пенаю па абодва бакі ляза. Нястомна падымаўся і зноў апускаўся плуг, урэзваўся ў струменістую чорную глебу, і я адчуваў усе мукі пераможанай стыхіі, усю радасць зямной магутнасці ў гэтай іскрыстай гульні. Паглыблены ў сузіранне, я страціў адчуванне часу. Не ведаю, гадзіну я гэтак прастаяў ці некалькі хвілін; гойданне вялізнай калыскі карабля панесла мяне за межы зямнога. Я адчуваў толькі, што мною авалодвае прыемная стома. Мне хацелася спаць, марыць, але шкада было развітвацца з гэтымі чарамі, спускацца ў сваю магілу. Неўсвядомлена я намацаў нагою бухту каната. Я сеў на яе, заплюшчыў вочы, але ў іх усё-такі пранікаў серабрысты бляск, які струменіўся адусюль. Унізе я адчуваў ціхае журчанне вады, наверсе - нячутны звон белага патоку сусвету. І мала-памалу гэтае журчанне напоўніла ўсю маю істоту - я болей не ведаў самога сябе, не адрозніваў, маё гэта дыханне ці біццё далёкага сэрца карабля; я нібы растварыўся ў неспакойным цурчанні начнога свету.

Ціхі сухі кашаль пачуўся побач са мною. Я здрыгануўся і адразу прачнуўся ад свайго ап'янення. Вочы, аслепленыя белым бляскам, які пранікаў нават праз заплюшчаныя павекі, з цяжкасцю адкрыліся: якраз насупраць мяне, у цені борта, блішчала нешта, што нагадвала водбліск акуляраў; потым успыхнула вялікая круглая іскра, мабыць, агеньчык люлькі. Відаць, паглыблены ў сузіранне пены ўнізе каля носа карабля і Паўднёвага Крыжа наверсе, я не заўважыў гэтага суседа, які нерухома сядзеў тут увесь час. Міжвольна, яшчэ не ачуўшыся як след, я сказаў па-нямецку:

- Прабачце!

- О, калі ласка... - па-нямецку ж адказаў голас з цемры.

Не магу выказаць, як дзіўна і жудасна было сядзець моўчкі ў змроку побач з чалавекам, якога я не бачыў. Я міжвольна адчуваў, што ён глядзіць на мяне гэтак жа напружана, як і я на яго; струменістае і мігатлівае белае святло над намі было такое яркае, што кожны з нас бачыў у цені толькі абрысы другога. Але мне здавалася, што я чую, як дыхае гэты чалавек і як ён смокча сваю люльку.

Маўчанне зрабілася нязносным. Я з радасцю пайшоў бы, але гэта выглядала б вельмі ўжо няветліва. Ад збянтэжанасці я дастаў цыгарэту. Успыхнула запалка, і трапяткі агеньчык на момант асвятліў наш цесны закутак. За шкельцамі акуляраў я ўбачыў чужы твар, якога ні разу не сустракаў на борце - ні за абедам, ні на палубе, - і я не ведаю, ці то рэзнула мне ў вачах ад нечаканай успышкі, ці то была галюцынацыя, але твар здаўся мне змрочным, страшэнна перакрыўленым, нечалавечым. Аднак перш чым я паспеў добра разгледзець яго, змрок зноў паглынуў рысы твару, які толькі на момант аказаўся ў святле; я бачыў адно абрыс постаці, цёмнай на цёмным фоне, і часам круглае вогненнае кальцо люлькі. Мы абодва маўчалі, і гэтае маўчанне гняло, як душнае трапічнае паветра.