Далабела
Царыца!..
Клеапатра
Яго аблічча, як прасторы неба,
Дзе сонца з месяцам свой робяць круг,
Каб асвятляць маленькую зямлю,
Якая прагне ласкі.
Далабела
Уладарка!..
Клеапатра
Ён мог бы акіян пераступіць,
Яго рука, узнятая высока,
Зямлю ўпрыгожвала, як грэбень шлем,
А голас — музыка сфер незямных,
Калі вакол яго былі сябры.
Калі ж ішоў на ворага, дык голас
Яго, як гром, грымеў, наводзіў жах.
Скупой зімы не ведаў ён, быў шчодры,
Як восень у вясёлы час жніва.
Гуляць умеў, да дна мог чэрпаць радасць
I, як дэльфін, вынырваць з глыбіні.
Цары, царэвічы яму служылі,
Ён раздаваў, як драбязу з кішэні,
Правінцыі і астравы!
Далабела
Царыца!..
Клеапатра
Як думаеш, падобны чалавек
Мог існаваць ці гэта толькі сон?
Далабела
Не мог, о найяснейшая царыца!
Клеапатра
Няпраўда, мог, багоў у сведкі клічу!
I ява — прыгажэйшая, чым сон.
Няма ў прыроды столькі матэр'ялу,
Каб наша уяўленне перагнаць.
Але Антоній быў вянцом прыроды,
I мары блякнуць перад ім.
Далабела
Царыца,
Узрушаны я надзвычайна: страта
Ў цябе вялікая, твой боль вялікі.
I хоць сабой я вельмі рызыкую,
Але ўтаіць пачуццяў не магу.
Твая туга мне разрывае сэрца,
Гняце мяне і душыць.
Клеапатра
Дзякуй, дружа.
Ты — добры чалавек. Скажы, будзь ласкаў,
Што Цэзар думае рабіць са мной?
Далабела
Як мне ні сумна, папярэдзіць мушу...
Клеапатра
Чаго ж ты змоўк?..
Далабела
Велікадушны ён,
Але
Клеапатра
За трыумфальнай калясніцай
Мяне ўсё ж павядуць?
Далабела
Абавязкова.
Трубы і крыкі за сцэнай: «Дарогу імператару! Дарогу!» Уваходзяць Цэзар, Гал, Пракулей, Мецэнат, Сялеўк і іншыя.
Цэзар
Дзе ж тая Клеапатра?
Далабела
(Клеапатры)
Гэта Цэзар.
Клеапатра падае на калені.
Цэзар
Не трэба станавіцца на калені.
Устань, царыца егіпцян, устань.
Клеапатра
Схіляюся перад тваёю ўладай.
Богі жадалі гэтага.
Цэзар
Устань.
Нічога дрэннага пра нас не думай,
Табой нанесеныя нам абразы
Мы памятаем добра, але іх
Гатовы выпадковымі лічыць.
Клеапатра
О гаспадар і самадзержац свету,
Я не апраўдваю сваіх памылак
І не наводжу глянцу на грахі.
Жанчына я — і шчыра прызнаюся
Ў жаночых слабасцях.
Цэзар
Тваю віну
Мы перабольшваць схільнасці не маем;
Хутчэй наадварот, яе мы зменшым.
Царыца Клеапатра, калі ты
Намераў нашых слушных не адхіліш,
Апеку прымеш, перамена будзе
Шчаслівай для цябе. Але калі
Па прыкладу Антонія ўскладзеш
На нашы плечы жорсткасці ярмо
I разварушыш абурэнне наша,
Ты ўсіх выгод сама сябе пазбавіш,
Асудзіш і дзяцей сваіх на гібель.
А я б іх падтрымаў... Бывай. Пайду.
Клеапатра
Куды б ты ні пайшоў, усё тваё.
Ты — пераможца, мы — твае трафеі,
Набытак твой: дзе хочаш, там і стаў.
О наймагутнейшы ўладар, вось тут...
Цэзар
Разумна разважаеш, Клеапатра.
Прыемна чуць. Я слухаю.