Выбрать главу

Клеапатра

                          Ах, Далабела, Чым я аддзякую?

Далабела

                            Рад услужыць. Пайду да Цэзара. Бывай, царыца. Клеапатра Бывай, мой друг.

Далабела выходзіць.

                       Ну вось і ўсё, Ірада! Сама ты чула: нас у Рым адправяць. Цябе, як і мяне, мая Ірада, Павалакуць, пацягнуць на памост Рабы ў зашмальцаваных фартуках. I чараватай чэлядзі натоўп Абкружыць нас, разявіўшы раты, I будзе дыхаць нам у твар смуродам.

Ірада

Багі, абараніце!

Клеапатра

                                        Ах, Ірада, Дзе тая абарона? Рукі нам, Як шлюхам, звяжуць ліктары-звяругі, I чарада паршывых рыфмачоў Нас абсмяе у вершах непрыстойных. Імправізатары-камедыянты Разгул александрыйскі разыграюць: Антонія як п'яніцу пакажуць, А Клеапатру ў вобразе блудніцы. Жаночае адзенне начапіўшы, Юнец юрлівы голасам пісклявым Пачне мяне перакрыўляць.

Ірада

О жах!

Клеапатра

Вось што чакае нас.

Ірада

                            Я не бачу, Сабе парэжу вочы кіпцюрамі.

Клеапатра

Адзіны шлях, каб не папасці ў пастку! Знайшлі дурніц! Не выйдзе. Не дапусцім.

Уваходзіць Xарміяна.

Ну, як там, Харміяна? — Ах, дзяўчаты, Нясіце царскія мае уборы, Хачу адчуць, што я яшчэ царыца, Ізноў плыву па Кідну, каб сустрэць Свайго Антонія.— Ірада, чуеш? — О Харміяна, любая, прашу Мне паслужы ў апошні раз, а потым Гуляй сабе хоць да сканчэння свету. Карону і ўсё іншае сюды!

Iрада выходзіць.

Шум за сцэнай. Што там за шум?

Уваходзіць салдат-вартавы.

Салдат

                      Тут нейкі селянін Царыцу хоча бачыць. Ён прынёс Кашолку вінных ягад.

Клеапатра

Хай увойдзе.

Салдат выходзіць.

Для спраў вялікіх і малой прылады Часамі досыць. Ён прынёс мне волю. Я вырашыла цвёрда, і ва мне Няма цяпер жаночага нічога... Я — камень, мармур. Пераменны месяц Не будзе больш маёй планетай.

Салдат-вартавы уводзіць селяніна з кашолкай.

Салдат

Вось ён.

Клеапатра

Ідзі сабе, а ён хай застанецца.

Салдат выходзіць.

Ну як? Прынёс ты міленькую змейку, Што забівае хутка і без болю?

Селянін

А то як жа. Вядома, прынёс. Але я не з тых звадыяшаў, што дазваляюць, каб да яе дакраналіся. Не чапай. Кусаецца — раз-два, і гатова. А хто ад яе памірае, той у момант робіцца нябожчыкам і наўрад ці калі-небудзь ажыве.

Клеапатра

I шмат памерла ад яе укусаў?

Селянін

Уг-га! Асабліва мужчын, ну і жанчын таксама. Пазаўчора мне расказвала адна наша кабета, жанчына сумленная, адно што прыхлусіць любіць, і так хораша хлусіць, што ёй можна паверыць. Дык яна мне апісала ўсе свае пачуцці пасля смерці ад змяінага ўкусу. I так яна сваю змяю расхвальвала, што хто з ёю згодзіцца, той на тры чвэрці памыліцца. А вось у мяне змяя, дык усім гадам гад.

Клеапатра

Пакінь свой кош. Ідзі.

Селянін

Жадаю вам усялякіх слодычаў ад змейкі.

Клеапатра

Бывай.

Селянін

(ставячы кашолку на падлогу)

Але майце на ўвазе, што з гадамі жарты кепскія.