Выбрать главу

— Ну што, ці моцная чарачка?

Генік паспешна адказвае, з надзеяй, што дзед адпусціць яго:

— Моцная, ой моцная. Ажно ў горле дрэнчыць...

Тады дзед трохі аслабляе хлапечы нос, даючы тым самым спадзеў на хуткае вызваленне. Але пачакай спяшацца. Дзед зноў моцна падцінае нос, яшчэ больш, чым раней.

— Дак гэта ж была слабая чарачка, мой ты галубок, — тлумачыць. — А зараз будзе самы пяршак... — абяцае дзед.

У хлопца міжволі пачынаюць капаць слёзы. Ён просіцца:

— Ой, не трэба моцнай, ой. Не хачу першаку. Адпусціце...

— Ну што, гал_убкі і галубкг? — пытаецца дзед у прысутных тут дзяцей, хлопцаў і дзяўчат. — Адпусціць?

— Адпусціць, адпусціць... — хорам адказваюць тыя. — Хай ідзе закусіць... — І толькі які-небудзь голас ці два абавязкова параіць не адпускаць, відаць, нехта з тых, каго пакрыўдзіў гэты бедны хлапчына.

— Дак мо мне пагладзіць яго? Як барсук дзяцей гладзіць? — зноў хітруе дзед Мацейка.

— Не, не хачу, — адказвае бедалага, хоць і не ведае, што там за барсу­кова пагладжванне.

— Не, хопіць з яго, — заступаюцца і дарослыя дзяўчаты, хоць некаторыя з малых знарок просяць:

— Пакажыце, дзед. Пакажыце...

— Каму? Табе? — звяртаецца дзед Мацейка да таго, хто просіць. — Давай, хадзі сюды...

— Не, я не хачу... Я не люблю, калі гладзяць, — спалохана адказвае той, хаваецца за спіны іншых і наважваецца адбегчыся, але яго ловяць падлеткі і намагаюцца падцягнуць да дзеда. Хлопец вырываецца, брыкаецца, ажно на зямлю падае, абы не трапіць дзеду ў рукі.

— Хадзі, хадзі, — заахвочвае Мацейка другога. — Не бойся... А ведаеце, чаму барсук сваіх дзяцей гладзіць? — нечакана пытаецца ён ва ўсіх адразу. — Не ведаеце? Ой, мае вы гал_убкі і галубкг, якія ж вы няведальнікі. А я думаў, што вы і храбрыя, і граматныя... А вы... — дзед моўчкі абводзіць усіх сваімі прымружанымі вачыма. — Барсук гладзіць сваіх дзяцей таму, што хоча, каб валасы ў іх хутчэй выраслі. Праўду кажу, ага...

На гэтых словах сёй-той з прысутных міжволі праводзіць рукой па сваёй абірычанай галаве, як бы правярае, якія ў яго валасы. Але ахвотнікаў гэткім чынам павялічыць свой чуб альбо хутчэй адрасціць валасы не знаходзіцца. Дзед вядзе сваю агітацыю далей.

Жаданне выпрабаваць сябе, зведаць тую невядомую асалоду, якую адчуваюць барсуковы дзеці, усё ж мацнее. Некаторыя мо ўжо і згадзіліся б, бо сёй-той ведае, што гэта такое, і яго бярэ ахвота пахваліцца сваёй смеласцю перад іншымі, але і страх моцны.

— Што, і хочацца, і колецца, і страшна? — пытаецца дзед. — То мо каго з бацькоў паклічце, я ім пакажу, як барсук дзяцей гладзіць...

— Ага, хітранькія, — кажа які-небудзь смелы хлапчук. — Самі паклічце...

— А ты што, злодзей, баішся не толькі барсука, а і бацькі? — пад гучны смех прысутных пытаецца дзед. У ягоных вуснах слова «злодзей» гучыць ласкава, а не як дакор.

Тут ужо малы не вытрымлівае такой ганьбы, не хоча паказацца баязлівым. І ён нясмела пачынае падступацца да дзеда:

— Ну, ладна... Ну, давайце...

— От маладзец, — хваліць яго дзед. — От смелы. Адзін такі. Бо ўсе бачыш, якія баязліўцы. Хадзі, хадзі, я табе не адно гэта пакажу, я табе і чарачку дам, — кажа Мацейка, а вочы так і іскрацца смехам.

Пачуўшы гэта, малы адразу спыняецца як укапаны. Пасля адступаецца назад. Але дзед супакойвае яго:

— Не, не бойся, я пажартаваў. Чарачкі ў мяне няма. Скончыліся. Генік выпіў усе, — кажа дзед і таксама ставіць малога паміж сваіх каленяў, але спіной да сябе. — От маладзец, от смелы, — хваліць дзед.

Пасля ён няспешна праводзіць рукой па хлапчуковай галаве — зверху ўніз, як бы правярае: мяккія валасы ці цвёрдыя. Затым кладзе свой вялікі палец малому на лоб, прыціскае і пачынае павольна пасоўваць яго ўгару. Валасы ў хлапчука задзіраюцца пад дзедавым пальцам, які ўсё больш цесна прыліпае да галавы. Становіцца балюча. Здаецца, карэньчыкі валасоў вылузваюцца са скуры і абсыпаюцца на вушы. Хлапчук пачынае круціцца. А дзед нетаропка, але настойліва вядзе пальцам далей. Ад ягонага пруткага пальца, відаць, застаецца чырвоная безвалосая паласа — так моцна баліць. Але хлопец пакуль што трывае. Дайшоўшы да віхрастай макаўкі, дзед Мацейка адпускае палец, пагладжвае зверху ўніз і перастаўляе руку на ранейшае месца. Зладзеяваты дзедаў палец зноў пачынае свой шлях па хлапечай галаве.

Аднак на трэці заход у хлапчука не хапае ні сілы, ні жадання. Выветрылася і смеласць. Ён пачынае прасіцца, кажа, што зразумеў, як барсук гладзіць дзяцей, што яму хопіць, валасы яму і кароткія не перашкаджаюць.