Выбрать главу

За малога пачынаюць заступацца дарослыя хлопцы:

— Адпусціце яго, дзед. Ён паказаў, што смелы, не баіцца.

— Яму цукерку за гэта трэба даць...

— Цукеркі то ў мяне няма, — прызнаецца дзед. — А вось чарачку даць магу.

— Не, не, — ажно крычыць хлапчук. — Не хачу!

— Ну тады, як сабе хочаш, — разважна кажа дзед.

Скарыстаўшы тое, што Мацейка прыгасіў сваю пільнасць у размове

з прысутнымі, хлапчук вырываецца з дзедавых рук і адбягаецца да кустоў бэзу, каб там схаваць свае слёзы, якія вось-вось гатовы скаціцца з вейкаў. А там строяць свае абдыманкі-пацалункі дзецюкі з дзяўчатамі. Яны шыкаюць на малога, праганяюць, каб не замінаў. Таму нічога не застаецца, як ісці шукаць сваю матку, з ёй заўсёды надзейна.

Прысутныя пачынаюць турзаць сваіх сяброў і калег з прапановамі: «Давай я табе чарачку дам!», «А я цябе пагладжу, як барсук. Хочаш?» Смех, бегатня, шум пачынаюцца тады сярод удзельнікаў ігрышча....

А пакуль што дзеці пасталі ў агульны круг, пабраліся за рукі і пачалі танцаваць усе разам. Як і належыць сапраўдным танцам, было тут і кола ўлева, і кола ўправа. Праўда, сёй-той усё ж крыўдліва азіраўся па баках, як бы памятаў пра нешта раней дамоўленае. Найбольш стараліся дзяўчынкі. Некаторыя ажно ручкамі трапяталі, нецярпліва прытупвалі ножкамі ў чаканні музыкі. І ўсе з усёй сілы намагаліся патрапіць у такт. Гэта было найбольш складаным. Здараліся і нечаканыя горкія, ледзь не да істэрыкі слёзы, калі некаму з танцораў упарта не паддавалася музыка, тады ён замінаў іншым, на яго пачыналі сварыцца, а то і балюча штурхалі. Тут ужо даводзілася выступаць у ролі мірыльшчыка дарослым. Яны з усёй ласкай і пераконанасцю супакойвалі малога няўмеку, паказвалі, як трэба танцаваць.

Але часам менавіта дарослыя падкідвалі палаючай бяросты ў яркае вогнішча. Заміж таго каб супакоіць, падтрымаць, суцешыць малога, такі занадта гарачы бацька нібыта сам сабе, але так, каб пачулі многія, казаў:

— Трэба было ўдома вучыць. З табарэткай, а не тут ногі адтоптваць...

— Вось ты сам бяры тую табарэтку і круціся з ёю на злом галавы, — не хацела саступаць пакрыўджаная маці не надта здатнага пакуль танцора.

— Нашто мне табарэтка? — знарок дзівіўся той. — Я вось цябе запрашу. Адно ног мне не паадтоптвай, бо з тваімі формамі я мо не спраўлюсё... — смяяўся нахабнік і знарок уціскаў галаву ў плечы, як бы баяўся нечаканага ўдару.

— Ага, праўда, нават каб моцна захацеў, і то не справішся. У цябе ж вунь галіфэ ва ўсе бокі тырчыць, як у майго быка рогі. Будзеш за ўсіх чапляцца...

Аднак дзіцячыя танцы былі цяпер найважнейшым клопатам, таму дарослыя спрэчкі як імгненна пачыналіся, так хутка і сціхалі. Бацькі цешыліся з удаласці сваіх нашчадкаў, бо размоў пра іхні спрыт альбо няўмельства хопіць яшчэ надоўга. Будуць не толькі хваліць сваіх дзетак, але, калі надарыцца вольная хвіліна, вучыць іх. І напэўна ж не з табурэткай, хоць гэта не выдумка: жыве на хутары гэткая навука.

Калі некаму з дзецюкоў, а найперш падлеткаў, надта хацелася навучыцца танцаваць, ды каб зграбна, вытанчана, з патрэбным умельствам, а смеласці запрасіць у настаўнікі каго-небудзь з дзяўчат не хапала, тады ён цішком, каб ніхто не бачыў, вучыўся з табурэткай. Браў яе ў выцягнутыя перад сабой абедзве рукі, выцінаў сам сабе языком і кружыўся па хаце, падладжваючыся пад розныя танцы — павольны вальс, запальчывую польку, круталомную сербіянку. Паступова табурэтка станавілася ўсё цяжэйшай, рукі слабелі і самі сабой апускаліся долу. Але трэба было з усёй сілы трымаць іх на ўзроўні вачэй, тады і танец выходзіў патрэбны. І калі пройдзеш гэткую навуку, то пасля ўжо нічога не страшна...

Мо таму да дзіцячых танцаў прыглядаліся асабліва пільна, каб зразумець, хто сам здолее авалодаць майстэрствам, а каго давядзецца падвучыць. Калі ж дзіцячае кола закончыцца, калі Васіль запросіць вярнуцца дарослых, хлапчукі і дзяўчынкі яшчэ доўга будуць гілець, забаўляцца і пацяшацца. Адны, пабраўшыся парамі, — і не адно як кавалер з паненкай, а і дзяўчынка з дзяўчынкай, хлапчук з хлапчуком, пачнуць падскокваць у такт музыцы, другія, мо самыя нясмелыя альбо сарамлівыя, пад пільным наглядам працягнуць танцы наводдаль, каля бэзавых кустоў...

Бо ведама — на хутары ігрышча!

А калі трохі супакоіліся дзеткі, калі сёй-той нават засумаваў без цікавага занятку, да іх паціху-памалу пачаў падлабуньвацца Валодзік Хвілосаф. Яму зусім няўсцерп сядзець без справы, як бы м_уляла нешта, р_упіла штосьці рабіць. Хоць чым заняцца, абы быць навідавоку. Вось і зараз ён гучна аб’явіў: