— А цяпер я вас пацешу. Хочаце?
— Хочам! Хочам! — хорам крычалі малыя.
— Тады хто самы смелы, хадзі ка мне.
— Што, зноў чарачку даваць будзеце? Не-а, не падманеце...
— Не, я чарачкі даваць не ўмею. Гэта добра выходзіць у дзеда Мацейкі. Я іншае магу... Давай ты, Міхась, — звяртаецца Валодзік да Гэтэвічавага хлопца. — У цябе чубок добры...
— Ага, гладзіць будзеце. Як барсук... Не хачу я.
— Не, Міхасёк, не буду, та-скаць. Хадзі, не бойся.
Хоць і страшнавата, але Міхась рашаецца. Ён падыходзіць да Валодзіка. Той пагладзіў ягоны чубок, пасля ўзяўся за яго двума пальцамі, торгаў валасы туды-сюды, але не балюча. Пры гэтым прыгаворваў:
— Чуборы, чуборы — на панскія дворы... — а тады нечакана пытаўся: — Рог ці качан?
Міхась трохі падумаў, а тады адказаў:
— Качан.
— Ідзі на тапчан, — казаў Валодзік і лёгенька штурхаў Міхася, нібыта і сапраўды адпраўляў на тапчан.
Міхась адыходзіўся, а дзецям было цікава: што было б, калі б Міхась адказаў «рог». Да Валодзіка пачалі прасіцца іншыя:
— Вазьміце мяне...
— Я хачу... Я...
Валодзік выбіраў каго-небудзь на свой густ і зноў пачынаў вадзіць за чуб.
— Чуборы, чуборы — на панскія дворы... Рог ці качан?
— Рог, — адказваў хлапчук.
— Ідзі ў парог... — і скіроўваў малога да парога Васілёвай хаты.
Гульня магла доўжыцца бясконца, бо ахвотнікаў атрымаць безбалеснае пацяшэнне было нямала. Але Валодзік пасля чацвёртага чубатага хлапчука пераходзіў да іншага занятку.
— Чубораў хопіць. Цяпер будзем трэніраваць розум. Хто хоча, падыходзьце, та-скаць, бліжэй, — і на запытальнае маўчанне патлумачыў: — Ёсцека ў мяне для вас сюрпрыз. Праўда ёсцека. Усіх талковых прашу сюды.
— А куды дзявацца бесталковым? — пытаўся нехта з дзецюкоў.
— Таксама сюды хай ідуць. Тады талковымі стануць.
— То мо ты будзеш, як Сіневічаў Косцік вучыць? Тады не трэба, не высільвайся.
Валодзік усміхнуўся ў свае вусы і адмоўна пакруціў галавой:
— Не, я не як Косцік.
На хутары ўсе ведалі Сіневічаву гразьбу. Калі ён сварыўся на каторага са сваіх дзяцей, то казаў: «Я табе зараз пакажу... Я з цябе толк выб’ю!» Да выбівання, праўда, справа даходзіла рэдка, але пагроза рабіла сваю справу. Ды аднойчы старэйшы сын загнаў бацьку ў кут. Як толькі ён паўтарыў сваё выхаваўчае заклінанне, сын нечакана спытаў: «Ага, бацька, толк выб’еш. А што ж застанецца?» Толькі Сіневіч наважыўся патлумачыць, як зразумеў: не ведае, што сказаць. На выручку прыйшоў сын: «Толк выб’еш, значыць, бесталач застанецца. Праўда? То які сэнс біць?» Сіневіч толькі коса зірнуў на сына-разумніка, замахнуўся на яго лейцамі, але з таго часу караць выбіваннем толку не спяшаўся. Пакуль не забыўся пра сынава папярэджанне. Бо прывычцы здрадзіць цяжка.
Выракшыся Сіневічавай навукі, Валодзік стаў у цэнтр круга. Ахвотнікаў набралася шмат, хоць ніхто яшчэ не ведаў, што прапануе гэты няўрымслівы дзядзька з вусамі-пікамі. Хлапчукі з дзяўчынкамі акружылі Хвілосафа ў чаканні нечага незвычайнага. Падышлі і старэйшыя, хто ад вяртлявай полькі вырашыў дух перавесці. Валодзік задаволена абвёў вачыма ўсіх і звярнуўся да тых, што бязмэтна блукалі па надворку альбо стаялі ля кустоў:
— Хадзеця сюды, усе хадзеця. Усім будзе цікава.
— І што ж ты зноў надумаў? — спытала нечая бабуля.
— О, многа будзеш ведаць, хутка састарэеш, — хітра адказаў Валодзік.
— От напалохаў, — пачуўся адказ. — У мае гады ўжо не страшна. Каб ты сказаў, што здзяцінею, то яшчэ падумала б. Ды і то, які страх. Пад старасць усе дзяцінеюць...
— Добра, добра, цётка, — спыніў Валодзік. — Калі дзяцінееш, та-скаць, то давай і ты далучайся. А прапаную я вам, мае вы харошыя, загадкі.
Дзеці ажывіліся.
— Ну, калі загадкі, то і я магу загадаць, — паспакайнела гаваркая бабулька.
— І я.
— Ага, і я таксама магу, — з усіх бакоў чуліся галасы дзяцей і дзецюкоў.
— Ну, добра. Спачатку пачну я, а тады будзе бачна. Хто адгадае ажно тры, той атрымае права загадаць сваю. Згода?
Рознагалосы дзіцячы хор пацвердзіў згоду. Валодзік, як сапраўдны лідэр, адкашляўся і прапанаваў:
— Ну, для пачатку, та-скаць, лёгкую.
— Што, зноў пра вусы ў маці, та-скаць? — не прамінуў нехта з дзецюкоў падчапіць Хвілосафа. Але ён ніяк не адрэагаваў на гэта і прапанаваў першую загадку:
— Слухайце ўважліва. Лата на лаце, а шва не відаці. Што гэта?
— Капуста! — выгукнула нейкая дзяўчынка.
— Не-а, — адказаў Валодзік, і ўсмешка задавальнення схавалася ў ягоных вусах-піках.