Выбрать главу

— Капуста, а што ж яшчэ? — не здавалася малеча. — Ну, праўда ж? — прасіла яна дапамогі ў прысутных.

— Не, не капуста, — задаволена паўтарыў Валодзік. — Але, та-скаць, магла быць і капуста. Бо лат таксама шмат.

— Дак што гэта?

— Здаешся? — спытаў дзядзька. — І ніхто не ведае? Дарослыя не гуляюць, — папярэдзіў.

Маўчанне было яму адказам.

— Гусь гэта, — патлумачыў Валодзік.

— А-а-а, — расчаравана працягнула дзяўчо. — Пер’е на гусях шчыльна прылягае адно да аднаго... Але ж вецер раздзьмухвае яго. Тады і шво відаць.

— Дак хібя ж гэта шво? — здзівіўся Валодзік гэткай настойлівасці. — Шва там няма, — ужо не так упэўнена адказаў ён. — А цяпер слухайце другую, — працягваў Хвілосаф: — Повен хлявец белых авец.

— Авечкі! — пачуўся хлапечы голас.

— Не-а, — запярэчыла дзяўчынка. — Чаму авечкі? Мо кацяняты?

— Гэта і ў кожнага з вас ёсцека, — даў наводку Валодзік.

Гучалі і яшчэ нейкія прапановы. А Валодзік заўважыў, як ягоны цёзка Гэтэвічаў Валодзька пабег да свае бабы Раіны, пра нешта з ёй пашаптаўся і вярнуўся назад. Не паспеў дабегчы, як выгукнуў:

— Я ведаю. Гэта зубы.

— Праўда, зубы, — згадзіўся дзядзька. — Але не ў тваёй бабы, таскаць, — прамовіў са смехам. — У яе ўжо многа дзірак. Не набіраецца повен хлявец, — пад’ялдыкнуў ці то Валодзьку, ці то ягоную бабу. А тая неўзабаве сама падышла да дзіцячага гурту, каб паслухаць, што там пра яе кажуць. — Слухайце далей. Маленькае, круглае, з хвосцікам, а не падняць.

— Кацяня.

— Не-а, сабачаня. Не падняць таму, што кусаецца.

— Дак мо вожык, бо колецца? — паддакнуў Валодзік і адказаў: — Не, думайце. На тоё і галава, каб думаць, а не адно прычоску насіць...

— Я ведаю, — паспяшалася Пахвалёнчыкава Янка. — Клубок. Гэта клубок нітак. Мне мама загадвала такую, — патлумачыла радасна.

— Маладзец, адгадала, — пахваліў Валодзік. Ён заўважыў, што да іх падышло шмат падлеткаў, нават сёй-той з дарослых кавалераў прыслухоўваўся да гамонкі. Хвілосаф усміхнуўся ў свае вусы і прапанаваў: — А цяпер, та-скаць, давайце выпрабуем глузды большых хлопцаў. Дзецюкоў, а мо нават і кавалераў. Хай яны адгадаюць. Добра? — у шуме было не разабраць, ці згаджаецца малеча, але, напэўна, было не вельмі даспадобы, што іх выключаюць з гульні. А Валодзік загадваў чарговую загадку. Гаварыў падкрэслена выразна, пасля кожнага слова рабіў шматзначную паўзу: — Тонка стаіць, слабка вісіць, сам касматы, канец лысы. Што гэта?

Хлапчукі і дзяўчынкі з цікавасцю пазіралі на старэйшых за сябе: што скажуць яны? А ў тых на тварах з’явілася хітраватая ўсмешка, як бы што недазволенае адчулі ў загадцы.

— Ну? — падахвочваў Валодзік. — Няўжо ніхто не ведае? А яшчэ ў кавалеры, та-скаць, запісаліся. Ды кожны з вас тоё бачыў, — зноў падказваў Валодзік. — Нават каштавалі... Дак што, ніхто не здагадваецца?

— Ну, чаму? — падаў голас Жора Бандзюк. — Я ведаю.

Усе з цікавасцю павярнуліся да яго.

— Гэта арэх... — і патлумачыў: — Касматы? Касматы. Слабка вісіць? Калі паспее — слабка. І кончык тады лысы вытыркаецца.

— Ага, і праўда, — пачуліся галасы згоды.

— А цяпер я загадаю, — прапанаваў Жора.

— Не, мы так не дамаўляліся, — запярэчылі самыя малыя. Але Валодзік зірнуў на Жорыка, той на яго, і Хвілосаф згадзіўся:

— Давай, та-скаць. Чашы...

— Што за загадка, што пад яйцамі гладка? — выпаліў Жорык і задаволена пазіраў на старэйшых хлопцаў з дзяўчатамі, вусны якіх расплыліся ў хітраватай усмешцы. А вось малыя запытальна павярнулі тварыкі да дарослых: маўляў, што гэты дзяцюк вярзе, ці не брыдка яму. Сёй-той з дарослых, найперш жанчыны, і праўда паспяшаўся супакоіць:

— Загадка не брыдкая. Але не трэба перад усімі выхваляцца... Тут жа дзеці...

— Дак яна ж і праўда нармальная, — прамовіў Жорык.

— І адгадка таксама нармальная, — уступіў у гаворку Сіневічаў Славік. — Гэта скаварада... Яна мусіць быць гладкай, каб яечня не падгарэла...

Дзіцячай радасці не было супынку. Гульня захапіла ўсіх, задаволены быў і Валодзік, што нарэшце яму ўдалося апынуцца ў цэнтры.

— А цяпер увага. Моцна загадкавая, та-скаць, загадка, — паспяшаўся суцішыць Валодзік. — Віса вісі, хода ходзі, віса ўпала — хода з’ела, — назваў ён новую загадку. — Што гэта?

Кароткая паўза запанавала ў дзіцячым асяроддзі, адно чуваць напружанае сапенне, перашэптванне ды варушэнне вуснамі.

— Нейкія словы незразумелыя, — прамовіў нехта з дзяцей.

— Што? — перапытаў Валодзік. — Не зразумелі? Тады кажу яшчэ раз. Для непанятлівых, та-скаць. Віса вісіць, хода ходзіць, віса ўпала — хода з’ела. Цяпер зразумела?

— Цяпер зразумела, — адказаў той жа голас.