Выбрать главу

— Ой, дзядуля, што вы такое кажаце? — пярэчыў нехта са старэй­шых. — Гэтта ж малых многа, а вы — такоё.

— Дак я ж проста так, прыкладам... Бо і ў нас такоё здараецца. Наесца нехта тоўчанай бульбы з падсмажанай цыбуляй, а пасля з яго дух гэты і выходзіць дробным пёрдам. Але ж прастора вунь якая. Усё адразу разыходзіцца, да чужога носа не дапяўшы. Ага. А што, мае вы гал_убкі і галубкі, хібя з вас мышы выносяць? — хітра зірнуў дзед на прысутных і вытрымаў паўзу. — Ці мо ты не робіш гэтага, га? — пазіраў на таго, хто спрачаўся з ім. Той уцінаў галаву ў плечы, ніякавата моршчыў твар і сціхаў. — А калі скажу, што наб...еў, то лепей будзя?

— Лепей казаць «паветра сапсаваў», — спрабаваў нехта павучыць дзеда культуры маўлення. Але ён не здаваўся:

— А мая ты любачка, мае ж вы гал_убкі і галубкі. Дак тое паветра можна сапсаваць чым хочаш. Гэта самае, і дзёгцем. І гноем. Ага... І картопля ў печы падгарыць. Ці мала што яшчэ. А я ж не пра тоё, я пра...

— Ой, хопіць, хопіць, дзядуля. Мы зразумелі... — таропка перабівалі яго.

— Пра што зразумелі? — не адступаўся дзед і зноўку гладзіў сваю шыкоўную бараду. — Гэта самае, пра пахі ці пра лепшасць футарскога жыцця, га?

— І пра тоё, і пра другоё.

— А-а, ну тады добра, калі пра футар, тады справядліва, мае вы гал_убкі і галубкі. Ага... Бо я не адно ў сваёй хаце магу...

Мацейку не давалі закончыць:

— Ну-у, дзяду-уля, вы ж абяцалі...

— Ага, дакляраваў... Дак я і кажу. Гэта самае, я не адно ў хаце магу чыхнуць, а і на сваім агародзе. І нікому замінаць не буду... От гэта жытка! Ага... — і дабрадушна смяяўся ў сваю схоўную бараду.

— От дзед, от хітрун. Заўсёды ён выкруціцца...

Прытупаў Мацейка і на Васілёў надворак, балазе зусім недалёка — цераз дарогу стаяла іхняя хата. Яго пасадзілі на самае пачэснае месца, а ён абапёрся на сваю арэхавую крывульку — тоўстую палку, сагнутую ўгары, паклаў на яе абедзве далоні, прымружыў вочы і пазіраў на сваіх футаран. Час ад часу падтрымліваў гаворку, нешта ўспамінаў, бо за такое доўгае жыццё шмат пабачыў на свеце. Здаралася, з некім спрачаўся, не згаджаўся, даказваў сваё. А калі загаворвалі пра сённяшні дзень, пра тое, што нялёгка чалавеку з зямлёй упраўляцца, ён толькі пасміхаўся і казаў:

— Ой, мае вы гал_убкі і галубкі, пра што вы кажаце? Каб гэта даўней мелі тоё, што цяпер ёсцека, то ого-го як жылі б. Ага. Бо цяпер і плугі жалезныя, і малацілкі таксама, і мо жнівяркі дзе ёсцека... І яшчэ ўсяго ўсялякага навыдумлялі. А некалі ж хібя было такоё? Дзе вы бачылі, мае вы гал_убкі і галубкі! Драўляная саха, ды і то не ў кожнага, сукаватая барана... Ат, ды хібя вы паверыце? Але праўда! Гэта я вам кажу...

Адны з ім згаджаліся, паддаквалі кіўком галавы, іншыя спрачаліся, а ўсе разам распачыналі бясконцую і невырашальную гаворку пра лёс хлебасея, якому адно на свеце наканавана: сеяць, жаць, малаціць, малоць — адным словам, карміць таго, хто сам не арэ, не сее, не малоціць — не працуе, толькі бізуном махае за самую малую правіну, спіну сялянскую дратуе. І то не сам, а найміта і дзеля гэтай справы мае — цівуна.

— От жа каб якому парабку ці батраку да ў людзі выбіцца, та-скаць. Во быў бы фокус, — уздыхаў Валодзік Хвілосаф.

— А я табе так скажу, — не саступаў са свайго дзед Мацейка. — І некалі парабку не соладка было. Ага. Усякся даводзіласё... Як каму на раду напісана. Аднаму на поўную губу хапае, а другі і крошцы рады. Яшчэ дзед мой расказваў. А яму мо яго дзед. Паслухай, — і Мацейка ўжо больш звяртаўся да Хвілосафа, чым да іншых. — У аднаго пана служыў парабак. Усё рабіў, што той ні загадае. Ва ўсім пану патураў. Да ўсяго здатныя рукі меў. Ага... Вось неяк паслаў яго пан збожжа малоць. Меле хлопец, падсыпае жыта на камень, а сам песню жорнаў слухае. І здаецца яму, што камяні прыгаворваюць: «Не тутака, не тутака. Там лепш, там лепш». Падумаў хлапчына, што гэта лёс яму падказвае, дзе лягчэй хлеба надзённага здабыць можна. І паверыў, мае вы галубкі і галубкі, парабак жорнам, сышоў ад таго пана. Пайшоў у іншага працу шукаць. Знайшоў. Ага. А пан вазьмі і пашлі яго жыта малоць. Прыходзіць парабак на млын, засыпае зерне, а жорны яму і кажуць: «Як тамака, так і тутака. Як тамака, так і тутака». Кінуў ён і гэтага пана. Пайшоў шукаць новага гаспадара. Выпетраў так, што ажно косці свецяцца. Але ж ён не нейкі там цемця-лемця — упарты, да працы ахвочы. Ды ўсюды жорны адну песню спявалі: «Як там, так і тут. Як там, так і тут». Плюнуў хлопец на нялюбую зямлю: чаго тутака марна распінацца, і за мора паехаў. Каб там лепшую долю знайсці. А там мо зноў жыта малоць давялося... Але ўжо мо застраміў сэрца воляй, ага...

Валодзік Хвілосаф не выцерпеў: