Выбрать главу

— Ну й дурны той парабак. Трэба было, та-скаць, спаліць кляты млын, а не за мора ўцякаць.

— А што, і табе не пад нораў? — пытаецца дзед Мацейка і даказвае сваё: — Але ж не адзін млын гэтую песню спяваў. Ды і ці млын вінаваты? Хібя камяні жорнавыя давялі яго да галечы?

— А то як жа! — усклікнуў нехта са слухачоў. — Яны ж яму ў вушы ўкладвалі, гірай віселі на шыі.

— Ага, ага, камяні ў яго хлеб адбіралі, — з’едліва згадзіўся дзед Мацейка. — Яны, ненажэрныя, вінаваты, што гаспадар іхні ненаедны аказаўся, — і было не зразумець, каго ганіць стары: жорны ці пана.

— Ладна, пачакай ты, — звярнуўся Хвілосаф да таго, што пра гіру казаў. — А што там далей з тым парабкам было?

— А мае вы галубкі і галубкі, то ці ж я ведаю? — шчыра здзівіўся дзед. — Мой дзед за морам не быў. Ага. І бацька не быў. Я таксама не дапяў. То скуль жа я буду ведаць? — дзед плямкаў губамі.

— Ну то чаго тады байкі баеш? — засердаваў Валодзік. — Заморскасць, та-скаць, хваліш. А мне тутака жыць хочацца. Дзе бацькі мае жывуць, дзе дзяды пахаваны. І каб з хлебам. Да без мякіны. Да каб малако заміж вады. А то каму булкі, а каму, та-скаць, фіга з маслам. Нават вотрубяў не застаецца. Панскім свінням ідзе. А ў нас адно мазалі ад сярпа ды касы растуць і растуць...

Дзед папераджальна падняў руку і прамовіў:

— Не, мае вы галубкі і галубкі, не бачылі вы сапраўднага гора. Цяпер адно жыві ды жыві... Каб гэта дзед мой, царства яму нябеснаё, дзе дняваў, хай там начуе, — і Мацейка паклаў на лоб крыж, — устаў з таго свету, не проціў ночы кажучы, то мо назад папрасіўсё б. Ага. Хібя ж паверыў бы ён, што жалезныя пташкі будуць па небе лятаць! А ў нас жа гэтыя ярапланы ўсё неба з’аралі, усе хмары паразганялі. Ага. Мо праз гэта і засуха даймае. Ніколі раней такога не было...

Дзед Мацейка яшчэ доўга расказваў, успамінаў, згадваў, параўноўваў. Нават калі слухачоў менела, ён усё адно не спыняўся, вельмі ж добра сказаць людзям пра тое, чаго яны самі не бачылі. Бо на сваім надворку, седзячы на прызбе, хіба што кату з сабакам пра гэта раскажаш...

На ігрышчы ў кожнага свой занятак — ад старога да малога. Каля бэзавых кустоў проста на траве ўселася падлеткавая кампанія. У іх свой інтарэс. Таму назіраюць, каб ніхто чужы, а найперш дзяўчаткі, не прысталі да іх. Найбольш цікуюць, хто з кім танцаваць ідзе, каб пасля дражніць іх, а найбольш нервовых да злосці даводзіць. Часам за тое, каб не даймалі кепікамі, дзяўчаты гатовы яблыкамі адкупіцца альбо струкамі гароху ці яшчэ нейкай смакатой. Сядзяць падшывальцы каля кустоў, смяюцца, розныя прыдумкі згадваюць.

— Вось бы нам, хлопцы, перцу дастаць, — мройна прамовіў Сіневічаў Славік.

— Якога перцу? — не адразу зразумелі кампаньёны.

— Чорнага, молатага. Таго, што ў кілбасы дадаюць, — патлумачыў Славік.

— У вас то напэўна ёсцека, — выказаў меркаванне Гэтэвічаў Міхась, звяртаючыся да Казіка. — Вы нядаўна кілбасы рабілі...

Усе пазіралі на Пахвалёнчыка. Але ён толькі сцепануў плечукамі і незадаволена прамовіў:

— Мо і ёсцека, але я не пайду шукаць. Хіба мо ў маткі спытаць?

— Не-не, у маткі не трэба, — паспешна перабіў яго Славік.

— А чаму? Калі табе вельмі патрэбна...

— Гэта не мне. Нам усім. Каб пасмяяцца, — патлумачыў Славік. — Я пра гэта ад хлопцаў з Баяр чуў. Яны рабілі такоё. А смеху і гаворкі было на ўсю вёску...

І Славік расказаў пра пачутае.

Там таксама танцы наладзілі. На дварэ. Абставілі кола маладымі бярозкамі, каб прыгожа. Танцораў сабралася шмат. Неўзабаве з пляцоўкі, на якой танцавалі, такі пыл валіў, што ажно на потныя твары наліпаў і чорнымі рагамі сцякаў па шчоках. Старэйшыя параілі вадой паліваць. Прынеслі вядро, кубак і папырскалі зямлю. Але гэта не выйсце. Мінаў нейкі час, зямля высыхала, а з-пад хромавых ботаў зноў курэў пыл.

Тады нехта з пакрыўджаных, тых, каму не дасталася выбраная ім дзяўчына, бо танцавала зусім з іншым, вырашыў адпомсціць ёй. А заадно падвесяліць усіх. Згаварыўся з сябрамі, нехта прынёс молатага перцу, і яны непрыкметна патрусілі ім па зямлі, дзе танцавалі. Пачаўся чарговы танец, колам пайшлі хлопцы з дзяўчатамі, а змоўшчыкі збоку назіраюць. Неўзабаве зноў закурыўся дробны пыл. А разам з ім перац. Па голых сцёгнах дзяўчат пыл падымаўся ўгару, дабіраўся да самых патаемных месцаў. А там пот. А танец у разгары.

Ды раптам проста пасярод полькі альбо падыспані то адна, то другая дзяўчына адчула нейкую няўтульнасць. Гэта пачынаўся сверб. Спачатку слабы, але дакучае ўсё адно. Пасля ён мацнее. Неўзабаве ўжо і трываць цяжка. Ды не будзеш жа чухацца проста ў танцы, перад усімі. Дзяўчаты стараюцца танцаваць больш жвава, з падскокам, мо страсецца гэтая дзіўная часотка. Але дзе там, яшчэ горай выходзіць. Пыл залазіць вышэй і глыбей. Тут пачынаюць пакашліваць хлопцы — дастае і іх пыл з перцам. У сяго-таго закруціла ў носе, апанаваў чых.