Выбрать главу

Нарэшце каторая з дзяўчат не вытрымлівае. Яна просіць даравання ў партнёра, пакідае яго аднаго і з усіх ног бяжыць за плот, пад куст, хоць куды, абы далей ад людскіх вачэй. А за ёй ужо цікуюць наструненыя падшывальцы — наступае іхні час. У схованцы дзяўчына задзірае сваю сукенку альбо спадніцу і пачынае выціраць упылелыя сцёгны. Але дзе ж так хутка і чыста вытрашся. А для падшпаркаў сама іхні час. З-за плота, ля якога ў высокай траве знайшлі сабе надзейны схрон, чуваць смех і шаптанне.

А тут і другая дзяўчына бяжыць, і трэцяя... Сапраўдныя ўцёкі з танцаў.

І ўсе адным клопатам заняты — як збавіцца ад невядомага і нечаканага свербу. Што тут толькі не прыдумвалі — і лісцем лопуху выціраліся, і насоўкай, і траслі сваімі апранахамі. Ды ўсё марна. Свярбела да нясцерпнасці. Нават да калодзежа нехта збегаў і прынёс вады — бо дзяўчаты ўжо не саромеліся і аб’ядналіся ў барацьбе з невядомай пошасцю. Ды тут падскочыла нечыя матка — паглядзець карцела, што з дачкой сталася. Убачыла і асцерагла, каб не мыліся вадой, бо будзе яшчэ горш. І расказала, што да чаго. Бо ў іхняй маладосці таксама здараліся падобныя фокусы.

Дзяўчаты гатовы вінаватага на часткі разарваць. Але дзе ж ты яго знойдзеш, прайдзісвета такога. Адно шматгалосы рогат падлеткаў чуецца з-пад плота, ды іхнія вострыя каментарыі. Кавалеры, дарослыя хлопцы і нават мужчыны таксама не маглі стрымаць смеху і дзівіліся: хто ж гэта так вымудрыў, хто ў чырвань і сорам увагнаў дзяўчат? Бо згадак пра гэткае здарэнне хопіць не на адзін тыдзень.

Некаторыя кавалеры прапаноўвалі сваім абранніцам дапамогу:

— Давай, Галя (ці Жэня, ці хто іншы) я памагу, разам спрытней пыл выціраць. Ты падымеш спадніцу, а я буду лопухам шмараваць... — і самі заходзіліся ад смеху, што даводзіла дзяўчат да кіпення.

— Ага, праўда, давай паможам. А як прыпадымеш сукенку, то і святлей будзе, лепей відаць...

— Што відаць? — злаваліся пацярпелыя. — Што ты шлындзіш? Чаго ты там не бачыў?

— І праўда, хлопча, спыніся, адумайся. Чаго ты пад спадніцу зазіраеш? Асцярожна ты, бо аслепнуць можаш...

— Дак я не пра тоё... Я кажу, што на вуліцы пасвятлее. Лягчэй будзе свавольніка злавіць...

— Вось вазьмі таго перцу і насып сабе ў порткі. І тады свяці голым задам хоць на ўсе Баяры.

— А мо і да Еськавіч дастане, бо свяцільня — ого-го, што трэба...

Слова за слова, і пачынаюць пакепліваць ужо з незадачлівых кавалераў.

Ведама, дзела маладое, смейся, пакуль смяецца, за жыццё яшчэ і наплачашся, і нагаруешся...

А тыя, хто меў сур’ёзныя намеры наконт пэўных дзяўчат, злаваліся на свавольнікаў і сурова абводзілі позіркамі і падшпаркаў-падшывальцаў, і сваіх таварышаў:

— Ну, шмакадзяўкі, пападзецеся толькі мне. Я з вамі разбярусё...

Але справа зроблена, і цяпер хоць солі некаму насып на хвост, а нічога

ўжо не адменіш... Пакуль разбірацца са шмакадзяўкамі, трэба было неяк выбаўляць з бяды сваю дзяўчыну...

Мала-памалу танцы наладжваліся, пацярпелыя дзяўчаты, расчырванелыя і знерваваныя, зноў падыходзілі да абсаджанага бярозамі кола. Але і абачлівасці не гублялі — пільна назіралі за падазронымі паводзінамі шпінгалетаў-падлеткаў, ды на сёння тыя выбралі ліміт сваіх досціпаў: нарабілі шуруму-буруму і хопіць, таму абыходзіліся адно смехам ды нястомнымі згадкамі, хто, што і як рабіў за плотам...

— Вось бы і нам праверыць танцораў на вытрымку, — падвёў рысу Сіневічаў Славік. — Найперш танцорак.

— Займальная прапанова, — згадзіўся Славікаў гадок Юрашоў Жэнік. Але сам сабе ж і запярэчыў: — Шкада, што перцу няма...

— Ды і як ты ў танцавальнаё кола ўб’ешся, каб рассыпаць яго? Заўважаць, — засумняваўся Кандратукоў Генік.

— А калі зловяць, то мала не пакажацца...

— А мо ўсё ж паспрабаваць? — нечакана падае голас Казік, бо і яму хочацца паглядзець, як будуць чухацца за кустамі падперчаныя дзяўчаты. — Мо ты, Адась, сходзіш дадому? — звяртаецца ён да свайго малодшага брата. — Пашукаеш, дзе мама перац паклала.

— А чаму я? — пакрыўджана пытаецца Адась. — Як у чыжыка гуляць, то вы мяне не пускаеце. А як у бяду ўцягнуць, то вы згодныя... Не пайду. Сам ідзі, калі такі разумны...

— Ну, як сабе хочаце, — не настойвае і Славік, бо ён таксама разумее складанасць са здзяйсненнем задуманага. — Я толькі расказаў...

— Давайце да наступнага разу адкладзём, — прапанаваў Пахвалёнчыкаў Казік. — А за гэты час зробім усё як след. Загадзя перцу прыдбаем, прадумаем усё, каб не пазналі. Бо будзе тады бэтаха... Не апошняе ж ігрышча. Дажынкі таксама справім...