— А ты перцам запасешся, — нагадаў Жора Бандзюк.
На тым і сышліся...
Маня таксама адчувала сябе не адарванай ад кампаніі. Тым больш, што Гэтэвічаў Петрык таксама быў тут. Праўда, пакуль на танец не запрашаў, але на ўсё свой час, дойдзе чарга і да Мані. Яна не сумнявалася, і ўжо ад аднаго гэтага была ледзь не шчаслівая. Варта толькі добра на вочы паказацца, крутнуцца перад носам.
А пакуль, здаралася, запрашаў у кола Чэсь. Гэта не вельмі цешыла. Бо Чэсеў характар ведала не адно яна. Мог да кожнай дзяўчыны прычапіцца, без дай прычыны зняважыць. Мо і не хацеў гэтага, але з яго вуснаў часам пахвала ці жарт гучалі як абраза. Ды і старэйшы ён за Маню. Гадоў мо на пяць. Але не скажаш, што брыдкі. З твару сур’ёзны, аж занадта, праз тое мо злосным падаецца, недаступным. Высокі, плечы шырокія, рукі дужыя. А вось усмешка непазнавальна змяняе яго, нібыта два розныя чалавекі. Варта яму засмяяцца альбо толькі ўсміхнуцца, прымружыўшы вочы, як твар становіцца нейкім безабаронным, быццам вінаватым, асабліва мяняюцца вусны. Мо таму Чэсь смяяўся рэдка, каб не губляць сваёй мужнасці і не здавацца бездапаможным. А калі ўжо даводзілася, то пасміхаўся аднымі вачамі, якія таксама былі дзіўнага колеру — спалавелыя, невыразныя, як выгаралыя на сонцы, каб спытаў у каго, то не адказаў бы, якога колеру. Ды гэткае спалучэнне ненароджанай усмешкі — смяяўся, не растульваючы вуснаў, і суровага твару надавала яму нейкі дзіўны выгляд, як бы ён нечага сумеўся, хацелася альбо пашкадаваць хлопца, альбо дараваць ягоныя выхілкі.
Сёння ён добра падшафэ, намурзаўсё, як кажа дзед Мацейка, таму і вырабляе, што хоча. Праўда, трохі асцерагаецца, каб бацька не бачыў, бо ён не патурае, можа кавенькай па плячах з’ездзіць. Бывала, гляне злосна і прамовіць усяго адно слова: «Чэсь!» Але і гэтага дастаткова, каб Чэсь пайшоў, як па струнцы...
Але ўсё часцей вылузваецца Чэсь з-пад такой апекі, шляхецкі гонар не дае спакою. Яшчэ мудрэйшым за бацьку будзе. Па ўсім відаць. Ужо сёння без фігі — не да носа. А што будзе, калі на свой хлеб пойдзе, калі сам у хаце гаспадаром стане, то і падумаць страшна. Назнарок супраціўляецца бацькоўскім загадам. Усё больш настойліва сваю незалежнасць і непаслухмянасць дэманструе. Многія заўважылі. Спрабуе на людзях любошчы разводзіць — то адну дзяўчыну так абдымае ў танцах, так ціскае, што ў тае ад сораму не адно шчокі гараць, але супраціўляецца не вельмі, бо мо і падабаецца, што такі завідны кавалер не цураецца яе, то другую знарок ледзь не сілком да бэзавых кустоў цягне, як бы і сапраўды намер мае што нядобрае ўчвэрыць.
А гэта для бацькоў найвялікшая ганьба, не прывыклі Стась Пахвалёнчык са сваёй Стасяй, каб батракі альбо простыя сяляне з іх кепікі строілі. Не раз суцішваў сябе бацька, стрымліваў, хоць унутры ўсё гарэла, калі трэба было Чэся на месца паставіць, не хацеў на людзях слабасць сваю бацькоўскую паказваць, баяўся, што агрызацца пачне сын. Адно зірне тады на яго сурова і ціхенька прамармыча сабе пад нос: «Пся крэв, хаме. Зводзяць сына. Оне самі негжэчны і дзецкі іх тэж... Але ніц, я мам цо показаць хамам. Запоментаён ешчэ Пахвалёнчыкаў...»
Сям’я Пахвалёнчыкаў на хутары, канешне, не раўня іншым. Але і з панам Абуховічам, што ў Вялікай Ліпе, не зраўняецца. У пана і зямлі нямерана, і парабкаў наймае, і з сялянамі можа зрабіць, што захоча. Хоць, дзеля праўды варта сказаць, што такога пана яшчэ мо пашукаць трэба. Хай Бог бароніць, не лютуе без дай прычыны, не здзекуецца з людзей. Наадварот, часам не толькі капейкай спрыяе ці мяшком збожжа, здараецца, хвораму дапамагае, дзяцей сялянскіх на вучобу адпраўляе.
То хіба Пахвалёнчык можа быць горшым за пана? Адна розніца — Абуховіч у вялікай вёсцы, а Пахвалёнчык на маленькім хутары. Але затое бліжэй да зямлі, на якой самому, у адрозненне ад пана, працаваць даводзіцца. Праўда, парабкаў і ён наймае, але часцей проста суседзі адпрацоўваюць за розныя паслугі. Для Пахвалёнчыка і гэтага дастаткова, каб выдзеліцца, каб не так, як усе. Усе — гэта нешта шэрае, невыразнае, агульнае, дзе ні вобліку, ні розуму. А быць невыразным не ў традыцыях роду Пахвалёнчыкаў. Іхнія далёкія продкі гербавай шляхтай лічыліся. Праўда, наступнікі па жыццёвай дарозе пагубілі былую славу, ледзь не збяднелі зусім, нават герба зараз не маюць. Але да сялянскай долі яшчэ не апусціліся. Яны — не шэрыя, яны асобна. Хоць часам і з мазаля жывуць, ды хлеба з вадою не ядуць, маюць нешта смачнейшае.
Калі Назаноў Саша ўбачыў, як Чэсь пусціўся ў танец, не ўцярпеў, каб не прадэкламаваць свайго любімага Якуба Коласа. Ён на памяць ведае яго паэму «Новая зямля». А паэма вялікая. Цэлая кніжка. Паэтычных радкоў больш за дзесяць тысяч. Ендрусеў бацька падказаў, каб купіў, калі знойдзе. Знайшоў, сябры паспрыялі, нягледзячы на небяспеку, з тае Беларусі, што за мяжой, прынеслі.