Выбрать главу

Бацька Сашынага сябра Ендруся працаваў выкладчыкам у Нясвіжскай беларускай гімназіі, пакуль яна была дазволена польскімі ўладамі. Але ўжо гадоў трынаццаць як зачынілі яе — навошта беларускім дзецям навука, ды яшчэ на сваёй мове, ім бы ўмець поле араць і досыць, і даволі, дастаткова, каб быць карысным для землеўласнікаў. Пра гэта таксама Ендрусеў бацька гаварыў, з горыччу прамаўляў, бо, казаў, пакрыўдзілі не адно яго, а ўсіх, хто жыў тут спрадвеку, хто гэтую зямлю для паноў урадлівай захаваў і апрацаванай. І вось такая адплата.

Выракайся свайго, выходзіць, тады ты патрэбны тутака. І то адно дзеля працы на іншых, хто гаспадаром лічыцца. А лічыцца не той, хто працаваць умее, а той, хто гэтую зямлю мае. Дак пры чым тут мова, не разумеў Саша. Нібыта той, хто ведае сваю родную беларускую мову, горш з зямлёй упраўляецца? Хутчэй наадварот. Бацька Ендруся вунь нават лацінскую мову ведае. І гэта не шкодзіць яму ні ў працы, ні ў стасаванні як з беларусамі, так і з палякамі.

Саша напачатку дзівіўся: каму тая невядомая лацінская мова патрэбна? Хто на ёй гаварыць будзе? Тут вунь польскую, нягледзячы на прымус, і то цяжка засвоіць. Са сваёй беларускай таксама не разбярэшся. У іх на хутары гавораць не так, як у Нясвіжы, нават еськаўскія кабеты такімі словамі часам сыплюць, што хоць тлумача прасі. А то нейкая лацінская. Але калі пачуў, як сябраў бацька ўжывае лацінскія досціпы-прымаўкі, то запаважаў не адно дзядзьку Франуся, а і тую чужую мову.

Аднак свая гаворка была яму бліжэй і мілей, бо ад маці пачуў упершыню, і песні яе беларускія запалі ў памяць. Часам так падымуцца спадыспаду душы, што не вытрымае і на ўсё поле зацягне якую-небудзь меладычную, што настрой ачышчае, эмоцыямі зараджае. А часам завядзе жаласліваю, што аж у самога слязу выціскае. Напяецца і ажно лягчэй ходзіцца за плу­гам, ногі самі носяць.

Хоць што да песень, то тут ахвоча спявалі і польскія, і рускія, і ўкраінскія — пад настрой. Мо таму і Коласава паэма так добра лягла на душу, што свая, нібыта пра іх і пра іхняе жыццё напісана, клопатам пра зямлю, якой і хутаранам вельмі не хапае, наскрозь пранізана. Саша чытаў не адрываючыся. Дзе толькі надарыцца вольная хвілінка, дастае абгорнутую паперай кніжку і прыпадае да гаючага тэксту. Так яму імпануе, так блізка і зразумела, што, здаецца, ягонымі ўласнымі словамі апісвае Колас сялянскае жыццё.

І адзін раз прачытаў, і другі. Бацьку з маткай чытаў, сяму-таму з суседзяў, бо ўсё-ткі нейкая апаска існавала, каб хто-небудзь не ўдаў паліцыянтам, якія пачнуць цягаць, высвятляць, дзе ўзяў, чаму іншым чытае, ды па-беларуску, чаму савецкія кніжкі прапагандуе.

Слухалі Сашу, не раўнуючы, як у царкве бацюшкава казанне. Смяяліся, паддаквалі, параўноўвалі са сваім, з нечым не згаджаліся, нешта дадавалі. Але ўсе лічылі, што гэта пра іх напісаў той невядомы ім Колас. Ды і Коласам, напэўна, нездарма называюць, меркавалі найбольш здагадлівыя. З сялянскай працай, відаць, добра знаецца, бо той, хто сам не намазоліў рукі касой ці плугам, так не напісаў бы.

Саша ж патлумачыў, што Колас амаль зямляк іхні, бо з-пад Стоўбцаў, якія зусім недалёка, калі да Менска дабірацца па той чыгунцы, што на ладным аддаленні ад хутара, за лесам, які Лахоўшчынай завецца, дзе прыпынак Савэрава. Там і праходзіць чыгунка — з Брэст-Літоўска праз Баранавічы і Стоўбцы, праз памежнае Негарэлае на савецкі Менск, у якім зараз дзядзька Якуб жыве і працуе ў Акадэміі навук. Свой ён і таму, што некалі закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Сашу паэма запомнілася сама сабой. Зазнаў вялікай асалоды. Цяпер ён на любы выпадак альбо здарэнне можа прывесці словы Якуба Коласа. Цытуе іх усюды, дзе толькі можа. За гэткае захапленне яго пачалі дражніць Паэтам, а то і нашым Коласам называлі. Апошняе то няпраўда, бо Коласам можа быць той, хто сам піша. Але людзям падабалася прачытанае Сашам, ім хацелася, каб гэткі мудры чалавек быў і сярод іх, мо іхняе жыццё таксама ўставіць у кнігу. Адзін стары Мацейка сумненне выказаў:

— Ой, мае вы гал_убкі і галубкг, не радзіўсё яшчэ той, хто нашаё туташняё жыццё апісаць здатны. Ага... Яго не на адну кніжку і не аднаму пісару хапіла б... О-ой, што перажылі нашыя прадзеды і дзяды, таго ўсяго і не згадаць. Ды і нам хапіла звыш галавы... Добра зведалі, па чым фунт ліха.

Што праўда, Саша нікому-нікому ні слова, ні паўслова не сказаў, што і яго пачала асадка вабіць, часам проста магнітам прыцягвае. Здараецца, падчас якой-небудзь працы такі настрой апануе, што альбо спяваць хочацца, альбо занатаваць радкі, якія самі складваюцца ў галаве. Саша іх не запісвае, проста запамінае. Давяраць паперы тое, што ў душы, на самым донцы сэрца нараджаецца, ён не хоча, мо нават баіцца — каб чужое вока не заўважыла, каб не пайшлі гуляць кепікі, што мазалі не ад сахара ды плуга нажыў, а ад асадкі.