Выбрать главу

Меншая Маніна сястра Жэня і старэйшы пасля Сашы брат Янак акурат сёння мусілі адрабляць Стасю Пахвалёнчыку. Так дамаўляліся з гэтым мо самым заможным на хутары суседам яшчэ вясной — за пару мяшкоў насеннай бульбы добрага гатунку трэба было тры дні адрабіць на жніве. Ён ужо колькі разоў нагадваў пра доўг, але Міхась Назан, Манін бацька, усё адгаворваўся пільнасцю сваіх спраў: не сёння, не цяпер, пачакай трохі. Бо вядома, што кожнаму свая сляза салёная...

Калі ж просьбы Пахвалёнчыка сталі нагадваць пагрозы, Назан здаўся і выправіў на суседава поле Жэню з Янкам. Пахвалёнчык, праўда, злаваўся, што аддае стары хітрун (хітруну гэтаму ўсяго сорак пяць, на пяць гадоў менш, чым Стасю) самую маладую і нявопытную, але Міхась так хваліў Жэню, што цяжка было супраціўляцца. Да таго ж ён папярэдзіў, што калі не хоча Жэні, то не аддасць і Янку, бо сваіх клопатаў мае вышэй галавы, няма калі ў гульні гуляць. Была і ў Стася адна правіна, якая давала права Міхасю трохі паартачыцца: праз Чэся адбылося тое непрыемнае здарэнне — акурат перад жнівом, з-за ягонага п’янага выбрыку...

І вось цяпер Жэня разам з гурмой іншых адпрацоўшчыкаў недзе таксама на Запасках жне поблізу Мані, там поле вялікае, толькі за сцяной густога і высокага жыта нічога не бачна. А Янак, відаць, снапы вяжа і ў мыдлі састаўляе. Хоць ён і жаць умее, не баіцца браць у рукі серп. Але ад гэткай іхняй блізкасці Мані не лягчэй. Не, не тое, што жніво сілы адбірае, — спіну аднолькава цяжка гнуць і ў вялікай кампаніі, і на адзіноце. Толькі сумна адной.

З Жэняй больш увішна, можна навыперадкі — хто хутчэй з краю ў край палоску пройдзе. Хоць Жэня і марудлівая трохі, але ўсё любіць рабіць дасканала, сумленна, старанна, каб ніхто ні зачапіцца не мог, ні прыдрацца, калі нават захоча. Мані, праўда, такое кешканне не падабаецца, яна быстрая — у гарачай вадзе купаная, як кажа яе дзед Костусь. Таму любіць кампаніі, на жніве таксама, бо весялей, хоць словам перакінуцца можна альбо песню завесці, калі настрой адпаведны.

Маня ўжо спрабавала падвесяліць сябе, але дарма, не спявалася адной, не знаходзілася тая нітачка настрою, ухапіўшыся за якую, бывала, і жнецца ў ахвотку, і спяваецца хораша, і на душы добра, лагодна, узнёсла. Справа тады як бы сама сабой робіцца. Сама хлебная ніва сваімі каласамі табе кланяецца, калі набіраеш іх поўную жменю, каб зрэзаць, нібыта вусачы самахоць на перавясла просяцца. Толькі паспявай пальцы выпростваць, каб паўней захопліваць іх ды сярпом шастаць. Калі адразу мала ўзялося ў далонь, можаш паўтарыць другі раз, а калі сцябліны тонкія, то часам і трэці. А тады разгінай спіну, падымай руку з нажатым, падтрымліваючы сярпом важкае калоссе, рабі паўкруг у паветры, паказваючы ўсяму свету і самому небу, як урадзіла жыта, а тады ўжо кладзі на перавясла, скручанае з нарваных з карэннем найдаўжэйшых сцяблін.

І так раз за разам, пакуль не назбіраецца на сноп. А пасля і другі, і трэці, і дзесяты... Толькі падымай калоссе не рыўком, не похапкам, а спакойна, рытмічна, каб руку не падверадзіць, бо тады не адно жаць не здолееш, кубка з вадой не падымеш. Не дапаможа і свянцоная нітка, завязаная на кісць рукі. Затым зноў кланяйся зямліцы, не шкадуй спіны, хай прывыкае, бо ў жыцці не адно перад хлебам давядзецца згінацца.

Колькі за дзень даводзіцца такіх паклонаў адбіць, то і палічыць ніхто не здолее, мо такой лічбы яшчэ наогул не прыдумалі.

Дык што ж выходзіць? Каласы кланяюцца Мані за тое, што яна ратуе ад абсыпання іхнія зярняткі, а яна кланяецца зямлі, што вырасціла гэткае жыта? Узаемныя паклоны чалавека і прыроды.

«Ой, нешта на «хвіласофію» пацягнула, як сказаў бы Валодзік Кусабуцкі», — падумалася Мані, і яна на хвілінку выпрасталася, паглядзела на сонца — яшчэ да поўдня не дакацілася, павяла вачыма вакол, дала ім спачынак на залаціста-жоўтай роўнядзі жытняга палетка, а пасля ўтаропілася ў густое — дзе цёмнае, бо яловае, а дзе святлейшае — бярозавае зяленіва далекаватага Школьнага лесу. Добра было б у халаднаватым цяньку бярозак астудзіць напаленае сонцам і натруджанае жнівом цела, выпрастаць сярэдзіну, але хто ж ёй такую раскошу дазволіць. Праўда, нікога з пабочных назіральнікаў тутака няма, ніхто дакараць не стане. Але ж уласная ацэнка не менш важная за чужую, а часам нават больш значная і прынцыповая. Бо хто цябе ведае лепш, чым ты сама?

Маня падняла руку, каб змахнуць пот, і ў каторы раз адчула, як моцна пахне жытам далонь. Непаўторны і нязводны пах жняі. Ён даражэйшы за ўсякі парфумны. Хоць, што праўда, парфумы той ні Маня, ні яе сяброўкі не ведалі — дзе ты яе на хутары знойдзеш, а каб і знайшоў, то за што купіш. Жывыя грошы ў сям’і з’ява рэдкая, разлікі вядуцца найбольш натуральнай аплатай — то збожжам, то бульбай, то адпрацоўкай. Гэтак больш звыкла. Грошы прыдадуцца, калі ў Сноў на базар давядзецца ехаць альбо крамнага чаго купіць. Там за жыта не хочуць нічога даваць.