Валодзік і праўда часам падумваў пра паход за кардон. Небяспечна — гэта так, ды затое грошай не трэба траціць. Лішніх у Валодзіка ніколі не было, нават на пільныя патрэбы не хапала. Мо праз гэта ён і спачуваў камуністым — так называлі на іхнім хутары тых, хто сам быў членам найбольш масавай і актыўнай партыі альбо спачуваў ім: камуністыя. Валодзік здаўна цікавіўся палітыкай. Нават знаёмых меў сярод членаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Але надта не выхваляўся, бо часам і дрэвы вушы маюць.
На палітычных жа ўсё больш настойліва паліцыя палюе, сваіх віжоў у розныя кампаніі падсылае, каб пачулі, хто чым дыхае. Кажуць, не аднаго ў пастарунак адправілі. Але жыццё вымушае ігнараваць небяспеку. Асабліва калі не надта салодкае яно. Валодзіку, мо як нікому, не хапала гэтай вабнай салодкасці. Таму з падтрымкі камуністых наважваўся пераходзіць мяжу. Думка гэтая моцна засела ў галаве. Як стрэмка ў пальцы: ные і ные. Але што ён адзін там рабіць будзе? Трэба з жонкай. А гэта яшчэ большы клопат, яшчэ мацнейшая небяспека. Ці мае ён права рызыкаваць чужым жыццём, хай сабе блізкага чалавека?
Пакуль Хвілосаф разважаў-вагаўся, міласэрны Бог злітаваўся над саракагадовымі бяздзетнымі хлебасеямі. Пусцілі яны на свет сынка, і жыве, дзякаваць Богу. Ужо чацвёрты годзік. Пасля таго Хвілосаф пры любым выпадку не праміне кульнуць чарачку за яго здароўе. Не, каб напіваўся, то не — проста трохі пад газам. А падвесяліць душу ён любіць.
Праўда, імя ў сыночка вельмі нязвыклае. Пра яго паходжанне ведае толькі ён з жонкай. Падчас чарговай размовы пра Валодзікаву бяду нехта з парцейных таварышаў ці то жартам, ці то ўсур’ёз параіў добра над іменем дзіцяці падумаць, бо як назавеш, так і павядзецца ў жыцці. Мо праз тое і паміралі Валодзікавы дзеткі, што не мелі добрых імёнаў.
Казалі, калі сын будзе, то добра было б назваць у гонар самага мудрага і справядлівага на свеце чалавека, якога працоўныя ўсіх краін любяць і шануюць. Завуць гэтага чалавека Леніным Уладзімірам Ільічом. Пра яго чуў і Валодзік, але найбольш з негатыўнай ацэнкай, бо не любілі польскія ўлады бальшавікоў і іхняга правадыра. А назваць сыночка, казалі знаёмыя парцейцы, можна Уладленам. Такія імёны сустракаюцца ў Савецкай Беларусь І дзеці гэтыя жывуць шчасліва, здаровенькія. Уладлен — скарочанае ад Уладзімір Ленін. А паколькі Ленін за працоўных, то гэткае імя абавязкова паспрыяе працоўнаму Уладзіміру Кусабуцкаму, даказвалі таварышы. Бо і сам жа ён цёзка вялікаму Леніну, да таго ж з беднякоў. Дык хіба можа не раўняцца на вялікага чалавека, не верыць яму?
Калі ж дачушка на свет з’явіцца, казалі, то можна назваць Розай. У гонар сусветна вядомай нямецкай рэвалюцыянеркі Розы Люксембург. Валодзік «па-хвіласофску» разважыў:
— Не, Роза, то гэта ж неяк не па-нашаму. У нас кажуць «ружа». Ды зноў жа, та-скаць, Люксембург... Нешта яўрэйскаё, хай Бог даруе, бо, таскаць, не хачу крыўдзіць добрых людзей...
Яго спрабавалі пераканаць, але Хвілосаф стаяў на сваім:
— Не, на Розу цяжка будзе жонку ўгаварыць. А сварыцца з ёю, таскаць, не хачу. І так у нас клопату хапае... Давайце што-небудзь, іншаё, больш наскаё, та-скаць...
Таварышы доўга раіліся, падказвалі, спрачаліся. Называлі нейкія дзіўныя імёны, кшталту Эра, Акцябрына, Сталгна, Даздраперма... Але то самі не даходзілі да згоды, то Валодзік не хацеў. Калі назвалі Даздраперму, ён увогуле пакрыўдзіўся, абураўся, што здзекуюцца з простага чалавека, выдумалі некую абракадабру і пацяшаюцца, пакепліваюць, думаюць, што нічога не кеміць селянін. Як ён мае паважаць у такім выпадку таварышаў, як давяраць ім? З цяжкасцю тыя загладзілі канфлікт, пераконваючы, што
Даздраперма — гэта скарочанае слова ад перадавога пралетарскага лозунга сусветнага пралетарыту: «Да здравствует Первое Мая!»
На гэта Валодзік яшчэ больш рашуча запярэчыў:
— Ды калі я, та-скаць, назаву гэдакаё імя ўдома, мяне не толькі жонка засмяе. Усе людзі пацяшацца будуць. Гэта ж вам не сусветная рэвалюцыя. Гэта польскія парадкі... Хай ужо тая Дразда ферма ці як яе там жыве не на нашай зямлі...