Выбрать главу

Настойваць таварышы не сталі. Урэшце сышліся на Вілене. Нешта блізкае да іхняга Лена, падумаў Хвілосаф, хоць вядома, што з Леніным звязана — Уладзімір Ільіч Ленін. Спачатку Валодзік не надта разумеў:

— Як гэта выходзіць, та-скаць, Вілена і Уладзімір Ільіч? Тады ж трэба, каб было Улена альбо Уілена...

Але яго заспакоілі:

— Вілена — гэта ад рускага Владимир Ильич. Ты ж не супраць рускага, праўда? — і пільна-пільна пазіраюць у вочы.

А дзе ты тут будзеш супраць? Прывучаны...

І добра было б, раілі яму, не ў царкву несці. Не поп павінен у халодную ваду апусціць дзіцятка, а трэба прынародна акцябрыны справіць, мо ў сельсавеце запісаць. Але ж не павязеш немаўля дзеля гэтага праз мяжу, ды яшчэ таемна.

Ну, да акцябрынаў не дайшло, аднак, калі ў Кусабуцкіх нарадзіўся сынок, Валодзік пра ўсё расказаў Насце і настаяў, каб назвалі яго Уладленам. Польскія чыноўнікі, праўда, доўга дапытваліся, што гэта за імя такое, адкуль яно? Бацюшка таксама ў сваіх святцах не знайшоў і параіў назваць проста Уладзімірам, як і сам бацька. Але Валодзік зноў праявіў характар. Ён па-хвіласофску тлумачыў:

— Гэта мае ранейшыя дзеткі па Божых законах хрысціліся. З падказкі бацюшкі, та-скаць, імёны ім давалі. Але вядома, які лёс у іх быў. Не, я на Бога не наракаю. На ўсё воля Божая, як той казаў. Бог даў, Бог і ўзяў... Гэта па-хвіласофску кажучы... Але цяпер хачу змяніць пазіцыю. Каб я сам выбіраў. Так мне мая хвіласофія падказвае. А я мушу яе слухацца. Вось і вы паслухайце, та-скаць.

Бацюшку ўгаварыў першага. З чыноўнікамі давялося спрачацца даўжэй. Перамог. І ўнутрана цешыўся: «Ага, буржуіны недабітыя, здаліся, та-скаць, працоўнаму чалавеку... Так вам! Ведайце, што гэта толькі пачатак. Прыйдзе час — будзе і на нашай вуліцы свята. От так!» — як бы пячатку паставіў.

Аднак нездарма кажуць, што шыла ў мяшку не схаваеш. Невядома якім чынам, але стала вядома пра Валодзікавы шашні з камуністымі. І адразу ахвочыя на язык зычліўцы пусцілі новую мянушку: Камунісцік Хвілосаф. Чаму не камуніст, а толькі камунісцік, ніхто і не патлумачыў бы. Хіба за тое, што не стаў пакуль сапраўдным камуністам, вялікім змагаром за народную справу, бо пачатковец, няўмека, значыцца. Ну, а раз не прафесіянал, то які з яго камуніст — толькі на камунісціка і цягне.

Так ці іначай, а пабагацеў хутар на свайго партыйца. Надта адкрыта, асабліва пры Валодзіку, пабойваліся называць яго новым імем. З аднаго боку — не ведалі, ці і сапраўды ён стаў пад ленінскі сцяг, а з другога — каб не нашкодзіць, бо як толькі пачуюць паліцыянты, то не абярэцца чалавек бяды. Але за вочы і між сабой часта карысталіся гэтым прыдомкам. Сёй-той пад гарачую руку ўжо колькі разоў нават пры людзях клікаў яго Камунісцікам. Тады не толькі Валодзік гатоў быў кінуцца з кулакамі на крыўдзіцеля, прысутныя пры падобнай гаворцы таксама перапынялі незычліўца і добра сарамацілі яго, не хацелі, каб яшчэ карцэрам папоўніліся Валодзікавы пакуты.

Вось так і з’явіўся на хутары Язавец, што рассыпаўся двума дзесяткамі хат сярод неабдымных заходнебеларускіх палёў, якія ўжо шмат гадоў пад польскай апекай, маленькі чалавечак з вялікім імем самай знанай у свеце асобы. Валодзік цешыўся з гэтага бязмежна і не прамінаў дзякаваць таварышам камуністым за такую карысную падказку. Здаралася, за іхняе здароўе чарачку браў, толькі таемна, не называючы сваіх парцейных спрыяльнікаў.

Калі Уладлену пайшоў трэці годзік, людзі нечакана адабралі адну Валодзікаву мянушку і прыляпілі яе да сына. Цяпер ужо Уладлена пачалі клікаць Камунісцікавым. Бацька надта не супраціўляўся, бо ведаў: людзям языка не завяжаш, а будзеш задзірацца, то яшчэ горай будуць рабіць, людзям што, ім абы языкамі памянціць ды пасмяяцца. Ён і сам такі, бо ведае, што без злосці гэта, прывыклі даваць мянушкі, амаль няма такога, хто б не меў яе. А калі ў некага няма, то невядома, ці добра гэта, бо мо не хочуць людзі знацца з такім. А ўжо калі прылепяць які-небудзь прыдомак, то злосны, крыўдлівы, не адмыешся...

Ды з часам, асабліва калі сталі больш жорсткімі дзеянні ўлад супраць усіх, хто коса пазірае на існуючы рэжым, Валодзік зразумеў няпэўнасць свайго становішча, нездарма ўсё ж Хфілосафам лічыўся. З камуністымі звязаўся? Парады іхняй паслухаўся? За мяжу хадзіць збіраўся? Спачуванне да парцейных мае? Назваў сына самым найкрамольным для польскай улады імем? Самога Уладзімірам клічуць. Дык мо хто-небудзь папраўдзе падумае, што ў Савецкую Беларусь намерыўся? Разам з жонкай і сынам... Хоць такі ён парцейны, як іхні ксёндз жанаты. Але ж людзям губы не зашыеш — плявузгаюць, што хочуць. Валодзік нават пабойваецца, каб які дзівак не данёс у пастарунак. Бо даказвай тады, што ты не гарбаты.