Усё часцей пачаў тушыць трывогу шкляначкай. Тады пачынала сварыцца заўсёды ціхмяная Наста. Але Валодзік толькі цыкаў на яе і ківаў пальцам: «Маўчы, кабета, та-скаць. Лепш сыночка нашага глядзі. Пільнуй лепш як саму сябе. Бо калі што якоё, то я табе не дарую...»
Сёння Валодзік таксама прычасціўся. Ахвоча прыстаў да спеўнай кампаніі, у задаволенай усмешцы развёў вусы, што вострымі пікамі тырчаць на два бакі, чмыхнуў носам, як бы рыхтаваўся да спеваў. І адразу даў сваю ацэнку:
— От гэта песня, дак песня, скажу я вам. Та-скаць, хвіласофская... Над усімі песнямі песня. Вы толькі душой слухайце, та-скаць, а не вушамі. Нашая. Да самае пячонкі прабірае.
На яго зашыкалі:
— Ціха ты, дзядзька. Разбубніўсё. Не мяшай.
— Тваю пячонку мо ўжо і барана не прадзярэ. Заспіртавалася.
— Праўда, дзядзька, не мяшайце, лепш паслухайце. Ну чаму вы такі?
— Хто мяшае? Я-а-а мяшаю? — здзіўляўся Валодзік. — Ды ты яшчэ пяшком пад стол не хадзіў, а я ўжо, та-скаць, гэтую песню спяваў. Вось так... А ты мяне вучыць сабраўсё.
— Ну і спявай. Чаго бубніш?
— От ужо — ад кожнай бутэлькі затычка... Нідзе нічога без яго не абыдзецца.
— Спеваць дармо — баліць гардло, — засмяяўся Валодзік, надаючы беларускім словам польскі акцэнт.
— Сціхні ты, Хвілосаф, а то вусы павыдзіраю, — хоча прыстрашыць Валодзіка Ясева Гандзя.
— Хто-о, ты? А-а, давай-давай, табе можна... — згаджаецца Валодзік і зухавата намагаецца абняць кабету за плечы.
Ён моцна паважае сваю бліжэйшую суседку, у якой не раз папасваўся то хлебам, то соллю. Таму нават падсунуўся бліжэй да Ясіхі, каб яна магла ямчэй ухапіць за вусы. Гандзя і праўда робіць рух рукой, але да вусоў не дакранаецца, адно марськае ў Валодзіка пад носам. А ён зноў звяртаецца адразу да ўсіх:
— Вы лепш скажэця, чыя гэта песня? — і, не даючы нікому апамятацца, нібыта не чуючы адразу некалькіх галасоў: «Народная», «Вядома, народная. А чыя ж яшчэ?», Валодзік пераможна пазірае паўзверх галоў: — Ага, не ведаеце? — і ўжо гатоў быў пачаць прасвятленне цёмнага люду, як пачуўся голас Сашы Назановага:
— Не адзін ты, дзядзька, знаток. Канстанцыя Буйло напісала. Наша беларуская паэтка...
Валодзік здзіўлена пазірае на Сашу:
— Беларуская... Бач, як смела пра тое кажаш, і не баішся нікога... А мо кусты вушы маюць?
— А што, можа, мне вас баяцца, дзядзька? — задае прамое пытанне Саша і хітра пазірае на Валодзіка. Але той не рэагуе, таму Саша працягвае: — Дак усе ж мы з беларусаў, тутэйшыя, та-скаць, — паўтарае ён Валодзікаву прыказку. — І дзяды нашыя, і іхнія дзяды з прадзедамі тутэйшымі былі. Хібя не праўду кажу, дзядзька, га? — запытальна пазірае на Валодзіка.
Скарыстаўшы момант, нехта са слухачоў пахваліў:
— От гаворыць, як сечку рэжа!
Валодзік жа нейкі час выглядае нібыта разгублена, а тады згаджаецца:
— А-а, ну, вядома, дзед мой меў некалі гэтта валок мо трыццаць зямлі... А што да твае паэткі, то ты, канешне, лепш ведаеш. Бо кніжнік, та-скаць, чытаць любіш.
— Люблю, — не пярэчыць Саша. — Хіба гэта дрэнна? А кніжка гэтая ў мяне ёсцека. Называецца «Курганная кветка». З друкарні пана Марціна Кухты... У Вільні выдадзена.
— А-а, дак кніжку тую пан выдаваў? — дзівіцца нехта са слухачоў. — Відаць, добры пан. Не нашаму раўня.
— А што, наш табе кепскі стаў? — чуецца нечы задзірыста нязгодны голас? — Мо мала за працу заплаціў? Табе абы прычапіцца.
Гамана мае намер скіраваць зусім у іншае рэчышча, таму Саша давяршае сваё слова:
— Гэта не пан, гэта выдавец. Ён беларускія кніжкі друкуе. Добры чалавек, як і Канстанцыя... А яна непадалёку ад нас працавала. Ля Баранавіч. Была настаўніцай у маёнтку Горнае Скробава. Шмат вершаў там напісала. Нават п’есу стварыла. А рэдактарам яе першай кніжкі, дзе і гэты верш змешчаны, быў сам Янка Купала. Вось так, пане мой Хвілосаф, — не без гонару закончыў Саша сваё выхаваўча-пазнавальнае слова. — Запомніце, дзядзька, мо і вам калі прыдасца...
— Запомню, та-скаць, запомню, — неяк паныла прамовіў Валодзік і адступіўся ад надта дасведчанай кампаніі.
А нехта востры на язык адразу ж паклаў пачутае на практычную свойскую глебу:
— Не змікіціў ты, Саша, падказаць Сіневічу. Хай бы ён адну са сваіх дочак так назваў. Хай бы была і ў нас свая паэтка...
Пажылы мужчына, у якога дзяцей як маку — ледзь не штогод па дзіцяці, не жадае паддавацца моладзі. Ён ніколі па слова за пазуху не лезе, таму і цяпер порстка адказвае: