— Дак яшчэ не позна, я магу пастарацца, хі-хі-хі... Але ж і ты, здаецца, не зломак. Калі падвучышся, можаш апярэдзіць мяне...
Пачуўся смех, галасы:
— Дак вучоба дорага каштуе, а ён бедны...
— Ага, і трэніравацца няма з кім.
— А мо няма чым?
Гэтыя досціпы перапыніў дзявочы голас:
— Годзе балабоніць ды языкамі попусту мянціць, давайце спяваць.
— Ага, праўда. Яшчэ і не зжалі, а ўжо малоцяць...
Гэлька, Маня і Саша зноў абняліся, і задушэўныя словы суцішылі спрэчнікаў:
І восень сумную люблю я,
І першы звон сярпоў і кос,
Як выйдуць жнеі збожжа жаці,
А касары — на сенакос.
Льецца песня над надворкам, над прыціхлымі перад гарачай жніўнай парою палеткамі. Здаецца, нават зоркі прыслухоўваюцца да кранальных слоў, а іхняе дрыготкае трымценне сцвярджае, што і ім песня пад густ.
І песню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Пераліваюцца — плывуць...
Спяваюць дзяўчаты, час ад часу іхнія галасы ўзмацняюцца мужчынскімі — свой гімн ведаюць усе. Нават Пахвалёнчыкава Стася спявае. Адно Чэсь кружляе вакол, як бы выглядвае каго ці за некім цікуе. Ды Валодзік Хвілосаф адышоўся ад спевакоў, мо пакрыўдзіўся, што ёсць тут не горшыя за яго разумнікі. Нічога, не ўдалося з паэткай, ён дагоніць у іншым, быць не можа, каб не аперадзіў, у яго шмат разнаякіх показак назапашана. На ўсе выпадкі жыцця. Але яму трэба, каб нехта абавязкова слухаў.
Хвілосаф убачыў некалькі дзецюкоў, што курылі, і прыстроіўся да іх. Мерыўся ўзяць рэванш.
— Не, вы скажэця. Адкажэця, калі вы такія мудрыя, а маладыя мусяць быць мудрымі, бо іначай жыццё спыніцца, скажэця, ці можа маць усы нажыць?
— Якая маць, якія вусы? Ідзі, дзядзька, праспіся. Не хапала нам твае хвіласофіі.
— Я не п’яны, та-скаць. І спаць не хачу. А хфіласофія вам акурат і патрэбна... А-а, ты не ведаеш, як адказаць. Таму і праганяеш Валодзіка. Не, ты Валодзіка паслухай. Я табе ўсю праўду скажу, та-скаць. Слухай і на вус матай.
— Ага, дак вось дзеля чаго ў цябе вусы.
— Не чапай чужых вусоў, пакамісь свае не вырастуць. Тады і хфіласофію жыцця зразумееш. А цяпер слухай мяне. Ацец усы нажыў. І сын усы нажыў. Ці можа маць, та-скаць, усы нажыць? Скажы?
— Ну й дапіўсё, — папікае Валодзіка нехта з жанчын. — Захацеў ад маткі вусоў. Яшчэ чаго...
— А вот і не дапіўсё, — смяецца Валодзік. — А ты не раскумекала, што да чаго, — пацяшаецца з таго, што ягоны верх, Валодзік. — Гэта сказ не пра вусы. Не пра тое ты падумала. Гэта — хфіласофія, — фарсануў ён сваім любімым словам.
— А якія ж вусы ў тае твае хвіласофіі, га?
— Гэта не пра вусы. Гэта па-хвіласофску трэба разумець, — Валодзік ажно палец угору падняў. — Гэта значыць, што ацец у с ы н а жыў. Панятна? Та-скаць, як наш дзед Мацейка ў свайго сына Віці. Ага... І Віцеў сын Толік, та-скаць... — Валодзік запнуўся, памаўчаў, пасля нешта мармытаў сабе пад нос. — Не, другі Мацейкаў сын... — але зноў змоўк, затым прызнаўся: — Ой, пачакайце... Змыліўсё. Збіўсё трохі, — Валодзік таргануў рукой за мочку правага вуха, нібыта вытрасаў адтуль патрэбныя доказы. — Як Мацейкаў сын, та-скаць... Але ж у каго ён тады жыў? — спытаўся сам у сябе. — Ой, выбачайце, нешта не тая хвіласофія сёння выходзіць...
— Ну то й сціхні, калі не тая. На сёння хопіць, — паспрабаваў нехта спыніць. Але дзе там, гаваркога Валодзіка за тры грошы не купіш.
— А ты не спяшайся з козамі на торг. Гэты во, паспееш, пане-браце. Пра сыноў я праўда заблытаўсё... А вось пра маць — справядліва. Маць, та-скаць, таксама можа ў с ы н а жыць. У с ы н а. Праўда? — спытаў ва ўсіх адразу. Некалькі галасоў падтрымалі Валодзіка, ад чаго пераможная ўсмешка зрабіла яшчэ дабрэйшым яго заўсёды лагодны твар.
Васіль працягваў курыць, дзяўчаты з хлопцамі даспеўвалі любімую песню. Закончылі пра наш край, пахвалілі адно аднаго, што добра атрымалася. А тады нехта прапанаваў:
— А давайце яшчэ адну. Таксама нашую...
— А каторую? Нашых многа...
— Тую, што пра «дзявэчку».
— Давайце, толькі цяпер хай хто іншы запявае, — прапанавала Гэлька. — Хай Стася. Дзе яна?
— Стася, хадзі сюды. Чуеш? — паклікалі дзяўчыну. — Вядзі ты, бо ў цябе словы больш складна выходзяць. Ты лепш польскую мову ведаеш.
Стася, здаецца, ажно падрасла ад нечаканага гонару, трохі выступіла наперад, паправіла касу і падрыхтавалася да спеваў. Дзяўчаты спачатку ціха, як бы нясмела альбо саромеючыся свайго польскага маўлення, што было, вядома ж, далёкім ад дасканалага, пачалі папулярную тут песню пра спатканне дзяўчыны з каханым хлопцам, пра каханне, адным словам, бо пра што ж яшчэ маюць спяваць маладыя?