Выбрать главу

— Давай, Васіль, фокуснічай.

— Дайце шклянку.

— Пустую? — нібыта не зразумеў нехта.

— Пустую сабе пакінь.

Васілю падалі шклянку з самагонкай.

— А чаму не поўная? — пытаўся ён. — Не можа быць, каб усё выпілі.

— Ой, Васілька, не трэба поўнай, — перасцерагала нейкая клапатлівая дзяўчына ад страху, што пасля шклянкі рукі Васіля не будуць слухацца і ён кіне іграць.

— Поўную давай, не шкадуй.

Васіль не даставаў рукі з-за рэменя гармоніка, шырока расцягваў мех і казаў:

— Стаў шклянку на гармонік.

Хлопцы зацікаўлена акружалі Васіля, дзяўчаты трошкі спалохана вытрэшчвалі вочы. Адно старэйшыя мужчыны хітра пасміхаліся, — яны ведалі пра гэты Васілёў фокус.

— Сюды стаўце шклянку, — камандаваў Васіль і паказваў галавой на правую, рухомую частку гармоніка.

Шклянку ставілі, а самі стрымлівалі дыханне. Васіль для пачатку про­ста расцягваў мех. Шклянка стаяла нерухома, а самагонкі не пралілося ні кроплі. Тады Васіль пачынаў націскаць на гузікі, гучала полька, гармонік у такт азартнаму рытму падрыгваў, але Васіль упэўнена адводзіў руку. Сёйтой ажно палец да вуснаў прыціснуў, каб нечаканым уздыхам не зрушыць поўненькую шклянку. Васіль адводзіў руку і раз, і два, і тры... А тады спыніў музыку і паказаў вачыма на шклянку:

— Волесь, — паклікаў высокага хлопца, — хадзі сюды. — і падстаўляў яму той бок гармоніка, дзе стаяла шклянка. — Адпівай першы. Толькі без рук.

Напружанне расло. Азарт акругляў у гледачоў вочы, расцягваў вусны ў чакальнай усмешцы. Волесь асцярожненька нахіляўся да шклянкі, адхлёбваў з яе глыток. А Васіль такім жа чынам, пад гул здзіўлення падносіў шклянку іншаму. Пасля чацвёртага пітака казаў:

— Бярыце, хлопцы, і дзяліце між сабой. Па глытку.

— Не-е, так не гадзіцца. Пачні ты.

— Ага, ты першы. Заслужыў.

Васіль браў шклянку, адпіваў і перадаваў іншаму. Яна ішла па крузе, пакуль не станавілася пустой.

Гульня захапіла хлопцаў, яны зацята абмяркоўвалі, хто, акрамя Васіля, мог бы справіцца з такім. На момант і пра танцы забыліся. Пачалі ўспамінаць розныя забавы і штукаванні. Іван Гэтэвічаў прапанаваў:

— Гэта што, давайце я вам задачку загадаю. Хто пераможа, таму персанальны танец.

— А чаму не шклянку, а то й бутэльку? — знарок незадаволена спытаўся нехта з прысутных.

— А ты не спяшайся, як галодны за мора... — супакоіў Іван. — Спраўся напачатку з танцам. Васіль, сыграеш? — спытаў у гарманістага.

— А мне што, я ж усё адно граю...

— Цётка Зіна, — павярнуўся Іван да Васілёвай маткі, — колькі ў вас напарсткаў?

— Хібя ты шыць сабраўсё? — пакпіў нехта. — Дак адлажы да восені, яшчэ палатна не наткалі...

— Не ведаю, — адказала цётка Зіна. — Мо два ці тры... А нашто табе?

— Яшчэ адзін фокус пакажу, — казаў Іван і прасіў: — Нясіце ўсе сюды.

Пакуль Васілёва матка шукала напарсткі, Іван выставіў на сярэдзіну табурэтку, папрасіў тую бутэльку, з якой налівалі Васілёву шклянку, і патлумачыў:

— Зараз я налью ўсе напарсткі. Трэба аднымі губамі, без рук, выпіць кожны і паставіць назад. Хто вып’е больш, той і першы. Таму асабістая полька.

— Ат, што тутака піць. Гарэлкі не хопіць.

— Гэта ж проста. Гэта ж не шклянкі.

— А ты не спяшайся з козамі на торг, — стрымліваў гарачых Іван. — Спярша налі чарку, а тады кажы «будзь здароў».

Неўзабаве бразнулі дзверы, і з’явілася цётка Зіна.

— Во, ажно тры знайшла, — паказала далонь.

Іван паставіў іх на табурэтку, наліў кожны з каптуром і спытаў:

— Ну, хто першы? Толькі ўмова: не разліваць. Бо не будзе залічаны.

Ахвотнікаў пакуль не было. Лягчэй сказаць, чым зрабіць.

— Дак мо Тэклю першай паклікаць, га?

— Ага, яна тады будзе першай і апошняй. Тэклю напарсткам не завабіш, ёй шклянкі і то мала.

— Давай я, — падахвоціўся Валодзік Хвілосаф і зухавата падкруціў свае вусы-пікі. — Голы збірайся — голы гатоў. Сто штук вып’ю...

— От мондры, — пачуўся нейчы голас. — Усюды ён проста пішчом лезе...

— Ага, праўда, — падтакнуў другі жаночы голас. — Усё навідавоку хоча быць...

— Ну давай, — згадзіўся Іван.

Валодзік падышоў да табурэткі, заклаў рукі за спіну, доўга мерыўся, нагнуўся і асцярожна, каб не разліць, узяў губамі напарстак. Выпрастаўся, закінуў галаву і перакуліў яго. Нагнуўся, паставіў і ўзяў у губы наступны. Іван наліў у пусты. Назіральнікі гучна лічылі:

— Раз... Два... Тры... Чатыры...

На дзевятым Валодзік здаўся:

— Не, хлопцы, больш не патрафлю... Бо аж пашчэнкі зводзіць. Здаюсё...

— Ага, здавацца кожны майстар. Не справіўсё, нясі бутэльку. Штрафную.

— Трэба было, каб наўперад паказаў, каб ведалі, што ёсцека, што аддасць...