— Ого, гэты жмот прынясе... Як жа, чакай Пятра — сыр з’ясі...
— І праўда, нясі, — чуліся галасы. — А то хвалько знайшоўсё, іш, які храбры...
— Не па-ігроцкі гэта, — не сунімаўся нехта з асабліва прынцыповых.
— Ад яго дачакаешся. У яго зімой снегу не выпрасіш...
— Хто скуп, той не глуп, — паспрабаваў апраўдвацца Валодзік.
— Ладна, — прымірэнча прамовіў Іван. — На наступнаё ігрышча адразу дзве прынясе. Праўда, дзядзька Валодзік?
— Ну, добра, добра, та-скаць. Давай далей, — закамандаваў Хвілосаф. — Хто яшчэ хоча на дармаўшчыну выпіць?
— Я бярусё сорак апаражніць, — падступіўся да табурэткі Чэсь.
— Дак ты і без таго ўжо набраўсё. Добра на корак наступіў.
— На дармаўшчыну ён і яшчэ гатоў.
— А за грош блыху ў Нясвіж пагоніць.
— А калі дасі два, то і назад пешкі вернецца...
Чэсь не звяртаў увагі на кпіны. Ён марудліва варухнуў плечукамі, на поўныя грудзі ўздыхнуў і адразу ж выдыхнуў, пасля яшчэ раз. Невядома для чаго памахаў рукамі і тады толькі кульнуў адзін напарстак, паставіў пусты на табурэтку. Узяў у губы другі... Пасля трэцяга пачаў мерыцца даўжэй. На гэта не прамінулі адрэагаваць:
— Мерся ні мерся, а піць трэба... Калі ўзяўся за гуж, не кажы, што не дуж. А то храбрыўсё...
Чэсь ажно ікнуў, нібыта яго цягнула на ваніты, хіснуўся, як ад ветру. Але гонар не дазваляў сысці без перамогі. Аднак сёмага не асіліў, выплюнуў разам з гарэлкай.
— Ну во, а яшчэ гонар хацеў паказаць...
— Праціўна піць, не лезе, — апраўдваўся Чэсь. — Вазьмі сам папробуй. А то гаварыць усе мастакі...
— Дак ты ж сам і храбрыўсё, пеўнем хадзіў...
— Нічога, палкай, палкай гэтую гару, а то не выйграеш...
— Каб з закускай... Альбо хоць вадой запіць...
— З закускай кожны справіцца... Іш, мондры...
— Так табе і трэба, Бог не цяля, бачыць круцяля...
— Дзяўчаты, памыйце напарстак, — папрасіў Іван. — Хто яшчэ? — звярнуўся да прысутных. — Каму дармавой гарэлкі?
Ахвотнікаў хапала. Але болей за сем напарсткаў нікому не ўдавалася асіліць. Тады да Івана падышоў ягоны брат Петрык. Маня праціснулася з-за спінаў бліжэй.
— Ага, табе брат будзе падсуджваць, — засумняваўся Хвілосаф.
— Як я падсуджу? Вы самі лічыце...
— А ты напарсткі не поўныя будзеш наліваць.
— Можа наліваць хто хоча, — не супраціўляўся Іван.
— Давай я, — зноў падскочыў Чэсь, але на яго закрычалі:
— Хопіць таго, што напарстак спаскудзіў. Адыдзіся... Майстар кока, выбіў вока...
— Налівай, Іван, сам...
Петрык пачаў няспешна апаражняць напарсткі. Два, тры... З кожным разам рабілася ўсё цяжэй. Кружылася галава, самагонка станавілася ўсё больш праціўнай. Але Петрык не здаваўся.
А тым часам Тэкля ўжо тут як тут. Стаіць за спінамі, не вытыркаецца, а сама на ўсе вочы цікуе за пітакамі і бутэлькай, што ў Іванавых руках. Яе так мучыць смага, што яна, бедная, ажно сліну палкае. Вядома, ёй хочацца, каб менш выпілі: цешыцца надзеяй, што з астаткаў нешта перападзе. А калі большымі будуць рэшткі, то, вядомая рэч, і для яе большай будзе мерка.
Маня пільна пазірала на Петрыка. Ён хацеў бы ўжо трохі прыпыніцца, хоць на хвіліну, каб ад грудзей адлягло, але нельга, не дазволена. Назіральнікі зноў пачалі голасна лічыць:
— Чатыры... Пяць...
Петрык адчуў, што можа стаць блага. Ён прыпыніўся, пачаў глыбока дыхаць. Але тут жа пачуўся Валодзікаў голас:
— Не-э, так несправядліва. Так мы не дамаўляліся... Га?
Петрыку нічога не заставалася, як зноў сагнуцца над табурэткай.
— Шэсць, — працягвалі лічыць хорам. — Сем... Восем...
«Усё, Петрык, хопіць. Ты перамог», — хацелася сказаць Мані, але яна не рашалася перад усімі паказаць свой інтарэс да Петрыка. А ён дапяў да дзесяці, паглядзеў на ўсіх і спытаў:
— Ну што, хопіць?
— Як сабе хочаш.
— Хопіць, ты перамог, — вырвалася ў Мані. А з-за спінаў пачуўся перасохлы Тэклін голас:
— Хопіць, хопіць... Хіба не бачыце, што яму блага будзе? Ён і так перамог, — і ўсё на бутэльку кідае позірк, бо ў самой даўно пад лыжачкаю смокча.
Петрык здзіўлена зірнуў спярша на Маню, пасля на Тэклю.
— Ну, яшчэ два і даволі, — сказаў і скалануў плячыма. — Гідка стала... Во тутака стаіць, — і паказаў на горла.
— То не пі, Петрычак. Нашто табе мучыцца? — паспачувала Тэкля.
Усе гучна засмяяліся. Тэкля, аднак, дачакалася свайго. Падцікавала, і,
як толькі Петрык адышоўся ад табурэткі, яна са сваёй невядома дзе здабытай шклянкай ўжо стаяла каля Івана. Таму нічога не заставалася, як пад розныя кепікі прысутных наліць ёй:
— На, ведай нашу дабрату.
— Дак я даўно ведаю, што добры ты чалавек, — пахваліла Тэкля і адразу паднесла шклянку да свайго прагнага рота. Іван звярнуўся да Петрыка: