— Твая перамога. Васіль, давай польку для Петрыка.
Васіля доўга прасіць не трэба. Петрык трохі хіснуўся, відаць, пітво брала сілу, пасля павёў вачыма па крузе: каго запрасіць. Позірк спыніўся на Мані.
Яна ажно пачырванела: не толькі ад таго, што вось-вось запросіць на танец яе жаданы кавалер, у гэтым яна не сумнявалася, а таму, што ўсе ўбачаць, як яны будуць кружыцца адны — на ўвесь надворак адны! Петрык яшчэ і не дайшоў да Мані, а яна выставіла да яго свае рукі, як бы сама запрашала: хутчэй, ну хутчэй жа ты, хібя не бачыш, не разумееш? А ў самой ажно галава пайшла кругам, як у Петрыка. Але ў яго мо ад выпітых напарсткаў. А ў яе?
Петрык абняў Маню за талію, яна паклала руку яму на плячо, дакранаючыся пальцамі да кучаравай шавялюры, і яны закружыліся. Моладзь у такт гармоніку запляскала ў ладкі. У Мані ажно скакала сэрца, яму было цесна, яно прасіла прастору і волі і таму гатова было вырвацца з грудзей. Перахапіла дыханне. Не ад хуткай полькі, не. Яна не раз танцавала яе, і нічога. Тут было нешта іншае. Такога яна не адчувала ніколі раней. Ды яшчэ чамусьці ўсё навокал нечакана панеслася перад вачыма, паплыло ў імклівым карагодзе, так бывае, калі едзеш конна, а конь пусціцца ў галоп.
Маня мацней абхапіла Петрыка за шыю. Адчула, што і ён цясней прытуляе яе да сябе. Перад вачыма ўсё зліваецца ў адну лінію. Толькі белым пасам нясецца ўслед святло лямпы, што вісіць пад страхой каля дзвярэй.
Маня перавяла позірк на твар Петрыка, убачыла ягоныя валошкавыя вочы, хоць пра колер можна было толькі здагадвацца, бо месяцавае святло надавала ўсяму нерэальны выгляд, і здзівілася — з вачэй зыходзіў нейкі незвычайны бляск. Ён вабіў, цягнуў да сябе, заварожваў, абяссільваў. Маня нечакана хіснулася, збілася з нагі.
— Спакойна, — ледзь пачула Петрыкавы словы. — Не падай, апірайся мацней на мяне.
Ён удала крутнуў Маню ўлева, моцна падтрымаў рукой — ад гэтага дотыку-прыціску ў галаве стала яшчэ больш тлумна і бязважка, а яе вялікія чорныя вочы, што дасталіся ў спадчыну ад маці, самі па сабе сачылі за ягоным позіркам. Петрык то запавольваў тэмп, аслабляючы рукі і адпускаючы Маню ад сябе, нібыта даваў перадых нагам і дазваляў партнёрцы набраць поўныя лёгкія начнога паветра, і тады яна выяўна бачыла колер ягоных вачэй, а з цёмных зрэнак, здаецца, ажно чорцікі выскоквалі, то нечакана, але разам з музыкай, пускаўся як не ў галоп і зноў прыціскаў Маню да сябе, а ў яе доўжыўся той незразумелы і дзівосны стан, ад якога п’янка і гулка станавілася ў галаве.
Яна проста шчаслівая. Ёй было хораша. Упершыню за сённяшні вечар. І за апошнія месяцы таксама. Яна нават не магла падумаць, што захапленне хлопцам можа быць такім моцным, што яно здольна перабіваць і перасільваць усе іншыя пачуцці. Каб раней нехта ёй казаў пра такое, то яна не паверыла б, пасмяялася б. А цяпер? На вось, смейся. Сама з сябе.
Маня часам гэта і рабіла, здзекліва дакарала сябе, выгаворвала сама сабе за такую несур’ёзнасць — тут пра хлеб трэба думаць, працай галава забіта, а яна вунь што выдумала — па кавалеру сохне. Але як ні супраціўляўся розум, сэрца не згаджалася з довадамі галавы. Маню магнітам цягнула да Петрыка. Часам ёй было проста добра ад аднаго адчування, што ён побач, на адным полі, на надворку... Ёй гэтага хапала, каб быць супакоенай. Але парой у яе нібыта д’ябал улазіў. Была нязноснай з таварышкамі, сердавала, сварылася, хоць сама добра разумела, што сяброўкі тут ні пры чым.
Ды як ні намагалася сама сябе супакоіць, незразумелая злосць толькі мацнела, гняла, трывожліва тачыла сэрца. Маня тады пачынала яшчэ больш апантана працаваць, каб гэткім чынам выбіць з галавы непатрэбныя думкі. Але супакаенне наступала толькі часова. Мінала колькі дзён, і яна зноў пачынала думаць пра Петрыка, узірацца ў той бок, дзе стаяла хата Гэтэвічаў. Ну што ты зробіш, калі маладая кроў не адно працай здавальняецца...
Полька не сціхала, водзячы Петрыка з Маняй то ўлева, то ўправа. Нечакана каса на Манінай галаве, якая дагэтуль была скручана ў высокую горку, аслабела, а пасля і зусім спусцілася па плячах як не да зямлі. На імгненне Маня тармазнула імклівы рытм, але адчула, што Петрык не збаўляе яго, і вырашыла: ат, хай будзе, што будзе. Ніхто ж не танцуе, нікому замінаць не стане. А каса і сапраўды то звісала нерухома, калі танец запавольваўся, то пачынала віхляць у паветры і ажно падымалася ўгару, адрывалася ад спіны, кружылася самастойна — у такі момант, калі б нехта стаяў побач, каса магла б марськануць па вачах. Маня адчувала нязвыклы цяжар, важкая каса цягнула галаву назад, змушала напружваць шыю. Петрык заўважыў гэта, на імгненне прыцішыў тэмп, падхапіў касу рукой і прыціснуў да таліі. Маня вачамі і ледзь прыкметнай усмешкай на вуснах падзякавала яму.