Полька ваўсю віравала на Васілёвым надворку. Гарманісты без стомы націскаў на белыя і чорныя гузічкі, на ўсю даўжыню расцягваў мех, схіляў галаву набок — нібыта прыслухоўваўся, ці хопіць у гармоніку духу, бліскаў вачыма і падміргваў барабаншчыку: давай, давай, не збаўляй тэмпу, не шкадуй валовай скуры — вытрымае. Аднак Васіль не забываўся назіраць за танцорамі, нібыта ён і сам быў у тым коле.
Петрык прыслухоўваўся да гарманістага, лавіў усе яго пераборы, каб дакладна патрапляць у рытм, а Васіль гэтак жа ўважна сачыў за Петрыкам і Маняй, каб у выпадку чаго падладзіцца пад іх. У гэткім суладдзі было танцаваць — не натанцавацца, цешыцца — не нацешыцца. Што ў поўнай меры і скарыстоўвалі танцоры. Асабліва Маня.
Часам Петрык прытупваў упыленымі ботамі — то няспешна і ледзь чутна, то нечакана моцна і шпарка, гэта на хутары называлася полька з прытупам — самы шык, самы цымус у танцы, што было сведчаннем найвышэйшай здатнасці. Маня старалася ні ў чым не адстаць ад яго, адно што абыходзілася без прытупу. Яна і без таго была на сёмым небе — калі яно і праўда існуе і на яго можа патрапіць просты чалавек. Дзеля такога танца, дзеля гэтага моманту можна было і ўвогуле ўвесь вечар ля плота прастаяць альбо сцяну падпіраць.
А яна ж з самага пачатку не губляла надзеі станцаваць з Петрыкам. Але ўдача не паддавалася, што трохі нервавала і збівала святочны настрой.
Яна ўжо і сама наважвалася запрасіць, калі аб’яўлялі «белы» танец, падчас якога дзяўчаты бралі хлопцаў, аднак яе ўвесь час апярэджвалі. Тады яна злавалася на сябровак, лічыла, што яны знарок так робяць. Да Мані падступалася помслівасць. Не, каб злосць і народжанае ёю імкненне зрабіць некаму прыкрасць, то не. Проста Маня напоўніцу скарыстоўвала з тутэйшага звычая. Яна выцікоўвала Петрыка, падскоквала да яго, весела і працягла пляскала ў ладкі, што азначала: дзяўчына, аддай мне свайго кавалера. Тая і сапраўды адступалася, ішла адбіваць сабе іншага хлопца.
Маня клала правую руку ў далонь Петрыкавай левай, а сваёй правай абхоплівала яго за спіну, і яны пачыналі вальсаваць. Сэрца ў Мані тахкала так, што, здавалася, заглушала музыку.Тады Маня злавалася: «Чаго гэты Колік Гэтэвічаў так ціха грукае ў барабан? Мо знарок, дае зразумець свайму брату, што адчувае Маня?» Але ёй было ўсё адно, мо нават і хацелася, каб Петрык сам зразумеў яе.
Аднак ён і вокам не вёў, хоць танцаваў лёгка, захоплена, па-майстэрску вадзіў Маню сярод іншых пар, умела абыходзячы іх, каб незнарок не сутыкнуцца. Хоць з некаторымі такое часам здаралася, а нехта, асабліва з тых, што на добрым падпітку, сумысля наравіў некага зачапіць, а калі ўдасца, то і добра штурхануць, каб пара развалілася, а каторы з танцораў і на зямлю ўпаў, каб пасмяяцца, а пазней і паздзекавацца з хлапечай нястойкасці і няздатнасці абараніць партнёрку — гэткую ганьбу пакрыўджаны запамінаў надоўга, а пры выпадку не прамінаў не менш крыўдна адпомсціць.
Белы танец доўжыўся. Маня цешылася са свае танцавальнае ўдачы. Але нядоўга. Хтосьці з дзяўчат мо назнарок падбег да іх, пляснуў у далоні, і Петрык першы, Маня гэта крыўдліва заўважыла, адхіснуўся ад яе, перахапіў новую партнёрку. Мані ж заставалася шукаць новага кавалера. Яна пакрыўджана падціснула тонкія, як два маладзічкі, губы, і пачала выцікоўваць у коле танцораў прыдатнага хлопца. Гэтага не прамінулі падмеціць пільныя падшпаркі. Некалькі падлеткавых галасоў адразу завялі бяскрыўдную на першы погляд частушку:
А там пад баракам
Танцавала рыбка з ракам.
А пятрушка дзівавала,
Як там рыбка танцавала...
Бяскрыўднай яна здавалася для недасведчаных альбо проста для слухачоў. Аднак гэтыя словы мелі для чуллівых душ асаблівы сэнс. Яны азначалі, што нехта чужы ведае пра твае пачуцці, здагадваецца, каго ты выглядаеш, і хто не надта спяшаецца з табой пагаманіць, пастаяць, паспяваць ці патанцаваць. А гэта значыла яшчэ большае: ты на яго вока маеш, лічыш сваім кавалерам, а ён на цябе нуль увагі, яго сэрца мо другой занята. А калі яшчэ далей, то гэтая частушка выкрывала, хто ў каго закаханы. Некаторыя злаваліся на падшпаркаў, праганялі іх, што бясспрэчна сведчыла пра таемны сэнс частушкі. Некаторыя ж лічылі за лепшае ўвогуле не зважаць, каб самім жа не пацвярджаць яе справядлівасць.
Маня насуплена зірнула на падшпаркаў, сярод якіх заўважыла малодшага Чэсевага брата Адася. Спачатку хацела злосна крыкнуць, але нечакана ёй згадалася, што некалі і сама была сярод такіх спевакоў. Таму адно ганарыста крутнула галавой, як бы папраўляючы касу, і пайшла шукаць новага партнёра. Яна заўважыла, як спрытна вытанцоўвае вальс Гэтэвічаў