А ўпершыню яна ўзяла ў рукі серп, калі было мо гадоў сем. З той пары і метка на ўсё жыццё засталася. Маня міжволі зірнула на левы мезенчык, які не хоча да канца разгінацца — падрэзала сярпом сухажылле. Матка тады моцна сварылася, што без дазволу серп узяла, а бацька на матку яшчэ больш — што недагледзела...
Маня любіла гэткі трохі нязвыклы для цяжкай працы настрой, калі ўсё ў поўным суладдзі з душэўным спакоем. Сёння ж яго не было. Як бы нехта нешта дрэннае сказаў альбо насварыўся. Але працы не перапыняла, хоць думкі снавалі беспарадкава, спрабавалі знайсці ў сваіх лабірынтах прычыну такога стану.
Мо апошняе ігрышча вінавата?
Перад самым жнівом вырашылі сабрацца ў найбольш прасторнай на хутары хаце Васіля Пулікоўскага, маці якога не адно прыветная жанчына, а і гаспадыня дай Бог якая. Ён не толькі адзіны сын у бацькі, але і адмысловы гарманісты — лепшы не адно на іхнім Язаўцы, дзе, праўда, іншых няма, а і суседнімі вёскамі прызнаны. Нездарма скрозь на вяселлі запрашаюць. У бліжэйшыя Баяры і Еськавічы, у аддаленыя Панюцічы, Квачы, у зусім далёкія па Маніных мерках Сноў, Малаеды. А што да Ліпаў — Вялікай і Высокай, то там Васіля за свайго лічылі, асабліва ў Высокай Ліпе. Праўда, там і канкурэнты былі. Але свае музыканты не такі завод мелі, не надта пад густ моладзі. Іх наймалі граць толькі тады, калі Васіль быў заняты ў іншым месцы.
За тое і даставалася часам хутарскому гарманістаму. Да пагрозаў ён прывык і лічыў іх найлепшай ацэнкай свайго ўмельства. Але прыстрашванне амаль ніколі не даходзіла да здзяйснення, бо Васілёвы прыхільнікі любога маглі добра правучыць за напад альбо спробу намяць бакі свайму ўлюбёнцу. А найбольш гарачыя дык і гармонік уедліваму саперніку маглі парэзаць. Было раз такое. Затое пасля гэтага як адрэзала — руку на Васіля не асмельваўся падняць ніхто.
Дык вось, сабралася хутарская моладзь, маладзейшыя жанацікі і проста кавалеры на ігрышча. Вясёлы разнаякі гурт. Сышліся, каб у вясёлых скоках і размашыстых танцах размяць цела перад утомлівым жнівом. Кожны прынёс па бутэльцы, а то і паўтарачцы самагонкі. Не адмаўлялі і таму, хто знайшоў толькі паўбутэлек, ігрышча — свята для ўсіх. Васілёва матка разам з некалькімі прышлымі дзяўчатамі парадкавалі прынесены харч. Парэзалі, пасмажылі, спяклі і ўсё на сталы, ссунутыя разам у вялікім пакоі, што зваўся заляй, паставілі. І нічога, што ў залі замест падлогі ток, што амаль палову яе займае пузатая глінабітная печ. Хоць у цеснаце, ды без крыўды. Праўда, два драўляныя ложкі разабралі і вынеслі — адзін на кухню, другі ў гумно. Гэта ўжо больш да танцаў рыхтаваліся, чым да застолля. Бо калі прыбяруць апусцелыя сталы, то не стрымаеш спраўных ног — заліхвацкая полька не толькі да сябе звабіць, але, здаецца, і сцены растрасе.
Нехта яшчэ лепш змікіціў: чаго ў хаце пыл глытаць, калі можна на свежым паветры вольна патанцаваць. Развяселеным хаўрусам спора выкуліліся за парог. Добра, што на небе была амаль поўня, толькі невялічкая шчарбінка замінала месяцу стаць круглым. Бо іначай танцаваць давялося б у цемнаце, для некаторых мо гэта было б найлепш, але не для ўсіх. А ад газавай лямпы на надворку не павіднее, хоць пяць іх павесь, ды і газы спатрэбілася б нямала на цэлую ноч, а танцаваць збіраліся да рання. Месячнае святло было яркім, толькі рабіла постаці танцораў як бы прывіднымі, не выразна акрэсленымі, што дадавала рамантычнасці і нейкай таямнічай захопленасці.
На надворку далі волю і нагам, і рукам, і горлу, і пачуццям. Тут нават музыкаў пабольшала. Васіль, вядома, граў на гармоніку. У барабан малаціў Ясеў Колік, з сям’і Гэтэвічаў. Ім дапамагалі ахвотнікі выцінаць на грэбені. Жыве такое захапленне на Язаўцы. Часам нават без танцаў гучаць грэбеневыя мелодыі, асабліва даспадобы гэта пастушкам, у якіх ля кароў багата вольнага часу. Быў бы толькі грэбень, бо ў маці іх не дзесятак, адным абыходзяцца дзяўчаты ў хаце. А калі надарыцца два ці тры, то гэта ўжо раскоша.
Да сённяшняга дня музыкі рыхтаваліся загадзя, хацелі, каб заўважылі, каб ацанілі. Таму кожны прыпас усё неабходнае: грэбень — каму матка дала, каму бабуля, а нехта проста тайком «пазычыў», патрэбнай таўшчыні паперу: хто ў бацькі выпрасіў тонкую тытунёвую, і той адшкадаваў ад кніжачкі адзін-адзіненькі лісцік, хто проста ўзяў кавалак, які пад руку трату, — што ў каго было, бо з паперай, варта прызнацца, на хутары цяжкавата. Цяпер яны прыкладвалі паперу да грэбеня, падносілі да губ і дзьмулі. Але дзьмуць трэба было з розумам, не дэманстраваць сілу, а паказваць умельства. Калі варта толькі крышку падзьмуць, паводзячы губамі ўздоўж грэбеня, а калі і добра лёгкія напружыць, каб гукі не заглушаліся гармонікам. Музыка ў кожнага была розная, у залежнасці ад таўшчыні паперы, гушчыні зубоў у грэбені, моцы духу музыкі і ягоных здольнасцей.