Выбрать главу

Іван, Петрыкаў брат. Яна наважылася адбіць яго ў расчырванелай Пахвалёнчыкавай Стасі і ўжо ступіла да іх. Але побач вольным аказаўся Чэсь.

— Што, хочаш маю сястру з танца вывесці? — пажартаваў ён. — Да­вай лепей я замяню яе, — і запрасіў Маню танцаваць. Яна паспрабавала адбівацца:

— Гэта ж жаночы танец...

— Ну і што? Ты ж усё адно вольная. Ці мо не хочаш са мной, га? — нібыта знарок пагрозліва пытаў Чэсь.

«Каб цябе качкі затапталі. Ну й в_упар, не адгонішся...» — падумала Маня, але пачынаць непатрэбную перапалку не захацела, згадзілася. Пасля Чэсь прапаноўваў сваю руку і другі раз, і трэці.

— Вельмі добра танцуеш. Адчуваеш партнёра... Мне падабаецца, — пахваліў Маню, што, вядома, пацешыла яе самалюбства, але і выклікала нейкую незразумелую трывогу.

Пакуль Чэсь запрашаў на танец, а назіральныя дзяды з бабамі зазначылі, што надта актыўна, як ніколі раней, то яшчэ няхай сабе. Але што будзе, калі стануць разыходзіцца? Ён жа не адчэпіцца, пачне сляпіцай лезці, каб дадому правесці. Не адыдзецца, хоць ты махалам махай. А Мані ён патрэбен, як леташні снег. Яна на Петрыка спадзяецца.

Падабаецца ёй гэты невысокага росту хлопец. Амаль гадок. Ладна скроены, светлыя кучаравыя валасы падобныя на жытнёвы сноп, з-пад іх сінімі валошкамі бліскаюць быстрыя вочы. Рухавы, але не мітуслівы. Ураўнаважаны ў размове, сталы ў працы: ведае што, калі і як лепей зрабіць. Добры гаспадар расце. Так усе пра яго кажуць. Хоць у працы першынство аддаюць Івану. Мо таму і падабаецца Петрык Мані. Хоць яна бачыць, што за ім страляе вачыма не адна дзяўчына і не адно з іхняга хутара. Да Мані ён адносіцца як і да іншых. Ёй жа гэтага мала. Аднак яна баіцца, каб баць­ка не заўважыў, бо не адобрыць. Не, сварыцца не будзе, адно гляне сурова і скажа, як было ўжо: «Не табе пара. Малая яшчэ. Не твой кусок, не праглынеш. Хай іншыя ім душацца... »

Як ні намагалася Маня, ды не магла зразумець гэткай бацькавай нялюбасці. Дапытвацца ж пра яе прычыны не смела, у іхняй сям’і было не заведзена надаядаць бацькам сваімі праблемамі: калі сказалі, то перайначваць не будуць. Але няхай пакуль, надарыцца нагода, высветліцца...

Так было цягам усяго вечара, але толькі да гэтай вось хвіліны, пакуль Петрык сам не запрасіў яе на польку. Маня радуецца, што святло месяца ўсё ж не сонечнае, не відаць, як счырванеў яе твар, як здрадлівыя кропелькі поту пацеркамі выступілі на скронях.

Калі полька закончылася, Петрык галанта нахіліўся, як сапраўды гжэчны кавалер, паднёс яе руку да сваіх вуснаў і пацалаваў. У Мані ажно сэрца зайшлося — гэткай падзякі яна не чакала. Пачула, што воплескі сталі мацнейшымі, але не зразумела, ці гэта пляскалі ім абаім, ці такім чынам ацанілі Петрыкаву вынослівасць: і напарсткаў перакуліў больш за іншых, і гэткі віхурысты танец вытрымаў. Але як бы там ні было, а Петрыкаў жэст заўважылі ўсе, значыць, заўтра пачнуць па-свойму талкаваць на гэты конт. Бо людзі ж не сляпыя, усё бачаць, часам нават тое, чаго і заўважыць нельга, чаго і сам не ведаеш.

«Ат, хай сабе бачаць, хай гавораць, што хочуць, — падумалася Мані. Яна ж надоўга захавае ў сваім сэрцы гэтую нязвыклую хвіліну, гэты радасны момант, які не адно пацешыў, але і даў надзею, сагрэў, падтрымаў спадзяванне, бо яна станцавала з тым, з кім найбольш хацелася. — Значыць, вечар не змарнаваны...»

Маня кіўнула Петрыку ў адказ і адышлася да кустоў бэзу, дзе стаяла купка дзяўчат, — астыць і супакоіць эмоцыі.

А за кустамі чуліся толькі ціхія хіхіканні ды не вельмі напорыстая нязгода каторай з дзяўчат: «Не трэба, Сяргей... Ты ж не Чэсь...», і больш настойлівае пярэчанне хлопца: «А што? Калі не Чэсь, то ўжо і не лезь?.. »

Ігрышча на хутары — што тут яшчэ скажаш...

Маня падняла чарговую жменю жыта, марськанула ім у паветры і з палёгкай апусціла на перавясла.

«Хопіць на сноп, — падумала. — А то не падняць. Трэба новае перавясла разаслаць».

Азірнулася, снапоў было багата. Праўда, не адно яна нажала. Учора разам шчыравалі тут бацька з маткай, Саша з Косцікам і яна з Жэняй. Добры загон паклалі. А вось паставіць усе снапы ў мыдлі не паспелі: ноч нахапілася. Але на дождж не паказвала, хай пераначуюць, вырашылі, заўтра ўправімся. Вось і ляжаць снапы роўнымі радамі, амаль праз роўныя прамежкі, каласамі да ржышча. Назаны хоць і жылі часам з квасам, а парою з вадою, ды ва ўсім любілі трымаць марку, калі робяць што, то не толькі не марудзячы, але і каб прыгожа было, каб іншым прыемнасць.