«Снапы — як волаты на спачынку, покатам ляжаць», — нечакана падумалася Мані, і яна ажно здзівілася: як такое параўнанне ў галаву прыйшло.
Але і праўда на волатаў падобныя. Магутныя, з доўгімі гнуткімі сцяблінамі-целамі, кожная з якіх перацята чорненькім вузельчыкам, як папругай падперазана. Добрая салома будзе. Каб толькі абмалаціць удалося, пакуль мышы не пашаткуюць.
З вусоў важкіх каласоў вытыркаюцца востранькія пікі зярнятак, як бы на свет пазіраюць, дзівуюцца, што робіцца тут, чаго паклалі іх на зямлю? Нацярэбіш іх у далонь, і самі ў рот просяцца. Кінеш адно-другое зернейка, зубамі адчуеш іхнюю пругкасць, пасля няспешна разжуеш — здаюцца саладзейшымі за любую цукерку. Смак такі, што падобнага нідзе-нідзе не знойдзеш, мілейшы за ўсе іншыя.
Вядома чаму — тут змяшаліся ўсе пахі свету: і водар сонца, і моцны дух зямліцы, усё насычана ветрам, які з шырокіх прастораў сабраў усе іншыя пахі поля і неба і аддаў кожнаму асобнаму зернейку. А яшчэ таму пахнуць зярняткі, што кожнае з іх шчодра і не раз абмыта крыштальнай расой. Нездарма бацька кажа, што жыта мудрэй за розныя дакторскія лекі чалавека на ногі ставіць. Яно і праўда, вунь як людзі навучыліся з магчымасцяў жыта карыстаць. Гэта не толькі харч, не адно смачны бохан. Дадасі да цеста патрэбных зёлак ды насення розных траў, і вось табе лякарства ад глістоў, апухласць здымае... І ўсё ад таго, што ўвабрала жыта ўсе самыя карысныя і добрыя пахі, насыцілася жывільнымі сокамі зямлі, надыхалася свежым і пахкім ветрам, абмылася чысцюткай расой, нябеснымі дажджамі апаласкана.
У Мані ажно цяжкі ўздых вырваўся з грудзей і пацяклі слінкі — так захацелася акрайчык хлеба, спечанага на кляновым лісці ў іхняй вялікай печы. Здаецца, тут вось лунае гэткі вабны пах, што ажно дражніць ноздры, зводзіць жывот. Яе мама лічыцца ці не найпершай пекаркай на ўвесь хутар. Усё ўмее — і хлеб спячы, і каравай да вяселля такі вырабіць, што заглядзенне. А пекару патрабуецца шмат умельства — дзяжу да першага замесу прыбраць, дапільнаваць, каб закваска не заплеснела, каб лісце клёна і дуба было прыгожым, вялікім і сухім. Боханы ў мамы заўсёды атрымліваюцца круглыя, як вытачаныя, і без трэшчынак.
Пра тое ж, як мама месіць цеста, як пільнуе, каб не ўцякло яно, каб не асела, як шчыруе і чаруе над дзяжой, можна расказваць цэлы дзень. Колькі ўжо назірае за гэткім шчыраваннем Маня, а ніяк не здолее спасцігнуць таго няўлоўнага сакрэту, пасля чаго пачынаецца цуд нараджэння хлеба. Мама не раз жартаўліва казала:
— Вучыся, вучыся, бо пакамісь не навучышся хлеб пячы, замуж не пойдзеш. Каб не ганіла фамілію нашу...
— Дак я вучусё, а яно ўсё не выходзіць. Ды і ты не хочаш нічога расказаць.
— А што тут расказваць? Хлеб не языком месяць, а рукамі. Вось глядзі, як я раблю, і сама вучыся.
— Усе вочы прагледзела, і што? — кажа пакрыўджана Маня. — Дак мне што, мо векавухай застацца? З твае ласкі?
— Не, мая ласка такая, каб ты не толькі добрага жаніха знайшла, а і каб дбайнай гаспадыняй у сваёй хаце была, — неяк асабліва цёпла кажа мама. — А хлеб — гэта найпершаё ўмельства. Як у хаце без хлеба? Я табе некалі раскажу, як сама вучылася, — у каторы раз абяцае мама, але ад абяцання да здзяйснення аказваецца далёкая дарога.
Ось бы цяпер скарыначку ўкінуць у рот і смактаць, адчуваючы языком непаўторны ржаны смак, смактаць, пакуль сама яна не растане, не растворыцца, не ўвасобіцца ў сілу, якая патрэбна, каб поле зжаць, падрыхтаваць жыта да новага хлеба. Смаката! Маня адчула, што ажно пачало смактаць пад лыжачкай. Зрэшты, яна можа зрабіць сабе такі падарунак хоць зараз. У кайстры, якую заўсёды бярэ з сабою на поле, ляжыць бутэлька малака і добрая луста хлеба — акурат акрайчык, бо мама пачала новы бохан. Але Маня пачакае абеду, каб наетасць размеркаваць на ўвесь дзень і не завяршаць сённяшнюю працу надгаладзь.
Галава думкамі захоплена, а рукі працы не перапыняюць. Змахнула пот, што пацеркамі каціўся па шчоках. Ні на імгненне не збаўляе тэмпу. Прыпынішся, саб’ешся, тады цяжка назад да справы вяртацца.
Неўзабаве сонца цераз поўдзень перайшло. Хутка павінен Саша прыйсці, каб снапы павязаць і ў мыдлі пасастаўляць. Добры кавал работы. Калі запозніцца, то ці паспее да вечара, бо як упадзе раса, кепска будзе зернейкам. Трэба схаваць іх пад капялюш — гэта калі мыдлю накрываюць зверху трохі таўсцейшым снапом, распушаным накшталт капелюша, каб дождж не заліў і не зглумгў ураджаю.
А з расой у Мані звязаны свае ўспаміны. З дзяцінства. Калі малой была, мама будзіла дачушку раным-раненька, брала яе пад пахі і выносіла на ўтравелы надворак. Дзіцяці яшчэ спаць хочацца, вочкі зліпаюцца, а мама экзекуцыю наладжвае — так Мані здавалася. Моцна трымае дачку пад пахі і з усёй вышыні свайго росту пачынае гушкаць. А тады згінаецца сама і апускае Маню ўсё ніжэй і ніжэй, аж пакуль голыя ножкі малой не пачнуць даставаць да роснай муравы. Маня палохаецца, пасля ажно жахаецца ад холаду і страху, пачынае плакаць, падцягваючы ножкі і абдымаючы маці. Але яе не правядзеш, яна выбірае большую траву і згінаецца яшчэ больш, і Маніны ногі ўсё адно абмывае халодная раса, а калі дзяўчынцы хочацца схаваць іх і яна пачынае трапятаць імі, то гэта яшчэ больш збівае кропелек і яны дастаюць ажно да каленяў. Мама толькі прыгаворвае: