Выбрать главу

Падобную Маня слухала неяк у Сноўскім касцёле, дзе яна таксама чулася з усіх бакоў, зверху і знізу, здавалася, прыціскала да цэментавай падлогі, біла па перапонках вушэй і па плячах. А гэта гучаў усяго, як патлумачылі ёй, арган. З тае пары ягоныя гукі не-не ды і ажывуць у Манінай галаве без усякай на тое прычыны — велічна, моцна, шырока і трывожна. І заўсёды выклікаюць згадку пра навальніцу, а яна ў сваю чаргу нагадвае пра арган.

Скручваць тоўстыя канцы перавясла, дзе на карэньчыках засталіся рэшткі зямлі, то няхай сабе, але вось звязаць сноп для Мані цяжка. Даводзілася і папацець, і рукі добра натрудзіць ды яшчэ пакалоць усе пальцы і калені. Чаму калені? Таму што Маня націскае на сноп то левым каленам, то правым, каб свабадней стала пад перавяслам і можна было запхнуць туды скручаныя канцы, вузел зрабіць. Каб не раз’ехаўся важкі сноп, калі будуць на воз класці і ў гумно адвозіць. Бо засмяе Саша, што абяссілела, што слабка перавясла завязала. Добра смяяцца, калі ў яго рукі звыклыя да любой працы, загрубелі, не баяцца ні ржышча, ні нават калючак асоту. Не тое, што маладыя дзявочыя. Хоць і яны ніякай працы не цураюцца, ды не параўнаеш з дужымі мужчынскімі.

Неўзабаве Маня ўжо не чула кончыкаў пальцаў, яны як анямелі, балюча стала падрапаным каленям, ные сярэдзіна. Ажно ўпрэла ўся, горш, чым на жніве. Пачала вязаць снапы не так туга. Але як толькі ўзялася за адзін, каб падкінуць да іншага, дзе мыдлю намервалася ставіць, сноп раз’ехаўся. Маня ледзь не плакала ад роспачы і злосці на Сашу.

«Дзе ён дзеўсё, бамбіза гэты? Няўжо не думае ісці? Хай бы тады сам бацька прыходзіў. Бо я тут і да ночы не спраўлюсё...»

Падумала так і зноў на неба зірнула. Тады на лес. З радасцю заўважыла, што адтуль на ўсю моц нясецца запрэжаны бык, а на возе сядзяць бацька з маткай і Саша. Праз гэтага быка ох колькі дастаецца Назанам. Не адно на цэлы хутар праславіліся — усе ваколіцы ведаюць, што толькі ў Міхася Назановага бык за каня служыць. Бо і праўда, ні ў кога больш няма такой фурманкі, каб бык у яе запрэжаны быў, ніхто, акрамя Назаноў, не арэ валом, не барануе і не выкарыстоўвае дужага быка заміж каня, каб цяжар розны вазіць.

Але — смейся сабе ці плач, а не перайначыш, нічога не зменіш, бо няма ў Назаноў каня. Некалі то быў, але звёўся, а каб новага прыдбаць, трэба мець шмат грошай. Ды дзе іх возьмеш, калі самі канцы з канцамі ледзь зводзяць. Вось і давялося Міхасю прывучваць вала да гаспадарскай працы, добра, што быў свой. Нават ярмо зрабіў, чаго век не бачылі ні яго дзяды, ні іншыя сяльчане ў Доўкіндах, дзе раней жыла сям’я. Як ні ўпарціўся бык, а настойлівасць ды ўпартасць Міхася перамаглі. Здаўся вол, пачаў рабіць нязвыклую для яго працу. Смешак, што праўда, хапіла ажно збыт. Але смех не дым, вочы не выесць, а вось праблем з апрацоўкай поля ды з паездкамі на возе паменела. Аднак, хоць і звыкліся хутаране з такой цяглавай сілай, ды ўсё адно з цікаўнасцю і насмешлівасцю пазіралі на валовых ездакоў.