Калі фурманка спынілася, Саша не прамінуў нават перад дажджавой небяспекай звярнуцца да Мані ў сваёй звыклай коласаўскай манеры:
А жнейкі жнуць. Іх твар палае,
Іх пражыць, сушыць смага тая,
Якую трудна ім здаволіць,
Якая толькі «піць! піць!» моліць.
Сярпок скрыгоча прагавіта,
Жытцо зразаючы сярдзіта,
Як бы яму ўсё мала стравы —
Нядарма ж вылез ён з-за лавы;
Цяпер яго краса-часіна:
Шпарчэй, шпрачэй жа гніся, спіна!
І дадаў, звяртаючыся да Мані:
— Шпарчэй, шпарчэй згінай ты спіну, бо дождж салье тут збожжа на мякіну.
— Кінь ты свае выкрунтасы, — зазлавала Маня. — Зух знайшоўсё. Буду я табе патураць... —Хібя не бачыш, што хмара насоўваецца?
— Нічога, не бойся, — дражніцца з сястрою брат. — Не з цукру, не размокнеш. А ты забылася, што з вялікай хмары малы дождж?
— Вялікі ці малы, а шкоды наробіць, — уступіла ў іхнюю перапалку маці. — Давай, давай, Саша, снапы вязаць ды ў мыдлі ставіць.
«Дзякаваць Богу, справімсё», — павесялела Маня і пацерла падрапаныя ажно да локцяў рукі.
— А дзе ж Паўлік? — пацікавілася.
— Дзе-дзе, — як бы перапытала мама, — удома пакінулі. Каб не змок, калі дождж завінецца. Не спыніць было шмаравоза гэтага, — сказала як бы з нейкім нават гонарам. — І хвілінкі не пасядзіць спакойна, не пастаіць на адным месцы...
— І ён згадзіўсё? — не паверыла такому Маня, бо ведала, што найгоршым пакараннем для малога было застацца аднаму ў хаце, асабліва, калі цёмна. — Мусіць, добра іжыцу выпісалі перш чым пакінуць?
— Не, біць не білі. І без таго галасіў на ўсю хату. Але замкнулі, пасядзіць адзін. А калі сплачацца, то засне...
Да канца ўправіцца не паспелі, хоць і вельмі спяшаліся. Дождж аказаўся больш спрытным, апярэдзіў. Як толькі ўпалі першыя кроплі, Саша не прамінуў адазвацца радкамі Коласа:
А дождж шуміць, а дождж гудзе
І бліжай-бліжай ён ідзе
І даль туманам засцілае.
Упала кропля і другая,
За імі цэлым вадаспадам
Буйныя капкі, як бы градам,
Па лісцях дуба секанулі
Ды далей сетку пацягнулі...
Работу перапынілі, бо мыдляваць у такое надвор’е марная справа — падмочаныя каласы могуць спарыцца. Добра, што звязаныя снапы саставілі ў мыдлі і накрылі капелюшамі. Цяпер жа барукацца са стыхіяй, ісці з ёй навыперадкі не мела сэнсу. Праўда, галоўны лівень абмінуў іх, прайшоў бокам. Недзе там, за Школьным лесам, паліваў добра, як з вядра. На Запаскі толькі вецер наляцеў. Ішоў понізу. Гнуў долу нязжатую яшчэ збажыну, раскідаў некалькі не звязаных снапоў, паваліў недастаўленую мыдлю. Нашкодзіў і далей паляцеў, стала ціха. Адно чуваць шастанне дажджу па нязжатых каласах, накрытых мыдлях і нязвязаных снапах. Іх шкадавалі найбольш, бо моцна прамочыць, давядзецца па ржышчы распускаць...
Ставіць мыдлі без навукі таксама няпроста. Аднаму ж яшчэ цяжэй. Бо калі ўдваіх, то адразу прыстаўляеш сноп да снапа, пасля два накрыж, затым усе іншыя паміж імі — запаўняй прагалы, каб атрымаўся стойкі стоўп, які ніякага ветру не павінен баяцца. Сама меней восем стаячых снапоў атрымліваецца і дзевяты зверху. Калі больш альбо снапы асабліва аб’ёмныя, а гэта залежыць ад даўжыні перавясла, тады можа капелюша не хапіць, каб накрыць.
Здаралася Мані мыдляваць і адной. Але гэта такія пакуты, што не дай Бог. Так нацягаешся цяжкіх снапоў, што вечарам насілу дадому дабярэшся, каб хутчэй на ложак упасці і праспаць да саменькай раніцы. Ды і нязручна адной. Паставіш сноп вертыкальна, каб быў за галоўнага. Да яго нахіліш другі. Пойдзеш па трэці, а гэты другі так прытуліцца да першага — як часам кавалер да дзяўчыны ў танцы, што не паспееш падысці, а ўжо абодва ляжаць на зямлі. Тады Маня пачынае хітраваць: паставіць вертыкальна ажно тры снапы, каб у адзін рад. Тады паціху нахіляе да цэнтральнага адзін з бакавых. Здаецца, прыхінуўся, стаіць, Маня спяшаецца падмацаваць канструкцыю трэцім, ды як на тое гора два першыя хіляцца і хіляцца долу, пакуль яна дабяжыць, каб падтрымаць, усе яны падаюць на зямлю. Як бы здзекуюцца. Альбо майстэрства тваё і цярпенне выпрабоўваюць. І нічога тут не парадзіш.
Такая яна, праца на зямлі, пакуль не намучышся — не навучышся. А пачнеш злавацца, жыта пакрыўдзіш. Увойдзе гэтая крыўда ў зернейкі, і каму тады добра будзе? Змелеш іх на муку, спячэш з яе хлеб, а злосць твая тады да цябе і вернецца. А калі некаму іншаму трапіцца такі бохан? Навошта дадаваць людзям горычы? Яе і без таго хапае ў жыцці. Таму са збожжам трэба з любоўю ўпраўляцца, каб добры хлеб выходзіў, каб мацаваў не толькі сілы, але і настрой уздымаў. Праца без настрою — гэта катарга, пакута, гэта не адно прымус над сабой, але і здзек з зямліцы, якая толькі шчыравальнікам ды людзям спагадлівай душы гатова аддзячыць. А калі на гэтай аснове паразуменне адбудзецца, тады і багатым можна стаць. Бо таму, хто ганьбіць зямлю сваёй няўвагай, абыякавасцю, хто абражае яе сквапнасцю, яна не даруе — як ні высільвайся, застанешся без хлеба. Мала таго, яшчэ і людзям на язык патрапіш, як недалэнга, няўмека, гультай...