Пра сям’ю Назаноў гэтага ніхто ніколі не казаў. Працавітыя, дбайныя, кемныя — гаспадары, адным словам. І няхай сабе вала маюць за каня, што ж тут парадзіш, калі лёс такі: не адно з канём шчасце. Следам за бацькамі ідуць і дзеці, усе лепшыя рысы падбіраюць, часам нават пераўзыходзяць. Такіх сем’яў нямала на іхнім хутары Язавец. Праўда, сёй-той часам губляе паразуменне з зямлёй, пачынае гультаяваць альбо на корак ад бутэлькі наступаць, тады даводзіцца перабівацца з квасу на ваду і з вады на квас. Хоць Бог усім роўны шанец дае, ды некаторыя, відаць, драмалі, калі раздача ішла, а калі прахапіліся, — позна, руплівыя ўжо карысць з таго шанцу мелі. Марудлівым даводзілася даганяць.
Хто настойлівы ды ўвішны — станавіўся ўпоравень, а калі абыякавы, калі па прынцыпе: што ўбіў, то ўехаў альбо: пусці — павалюся, то толку не будзе, не выцерабішся з нястачы, а то і ўсё жыццё ўпрогаладзь пражывеш. Не станеш гаспадаром, будзеш парабкаваць на іншых. Але калі згубіў гаспадарлівасць, то і парабка добрага не выйдзе. Каму патрэбен лянівец, якому хочацца адно смачна паесці і сяк-так дзень адпрацаваць? За дбайнага работніка кожны гатовы і аплату належную даць, і працай надоўга забяспечыць.
Так што як ні круці, а для працы на зямлі патрэбны сапраўдныя гаспадары, у якіх і ўмельства ў руках, і галава на плячах, і настрой у душы. Ды яшчэ песня на вуснах, бо без песень Маня не ўяўляла свайго жыцця. Зрэшты, як і шмат хто з хутаран. Вяскоўцы часам пакеплівалі з іх:
— І калі вы, хутарскія, справай займаецеся? Як ні сустрэнеш, то альбо з песняй, альбо з гармонікам...
— А мы такія, — аджартоўваліся хлопцы. — Зухаватыя. Усё робім адразу: паспяваем рукі намазоліць, язык аб зубы навастрыць і зямлю падэшвамі выплескаць.
— А нашто яе пляскаць?
— Каб вам добра было ад нас каціцца, калі замінаць будзеце...
Выбухаў смех, але жарты не перапыняліся.
— Як вам часу на ўсё хапае?
— А ў нас суткі даўжэйшыя...
— Не брашы.
— Каб мяне пярун забіў, праўду кажу. Проста мы на дзве гадзіны раней устаём.
Згадала Маня падобныя перабрэхі і ажно ўсміхнулася стомленай усмешкай. Не, гэта, відаць, ад зробленага ўсмешка нарадзілася. Хоць і не паспелі ўсё спарадкаваць, ды большасць зжатага ўратавалі ад дажджу. А ён споры, сыпле добра. Адзенне на вачах становіцца мокрым.
— Не мокніце дарэмна, — гукае бацька. — Хадзеця сюды. Усё адно не будзем мыдляваць.
— А ты бяжы дамоў, мой ты сынок, — просіць мама Сашу, які мерыўся схавацца ў мыдлі. — Бо Паўлічак там плачам сыдзе. Каб якой бяды не нарабіў...
— Дак жа дождж, мама.
— Але ж трэба, сынок...
— Добра, добра, — Саша незадаволена сцепануў плечукамі і цярэспаля подбегам пусціўся па ржышчы.
Маня трохі разгубілася: куды падацца — схавацца ў мыдлі ці мо пад воз залезці, там напэўна не замочыць. Але ж трэба на зямлю класціся.
— Хадзі сюды, дачушка, — кліча маці, якая таксама ў мыдлю пашылася. — Хадзі, тут зацішак.
Маня кінулася туды, але ногі самі скіравалі да новай мыдлі, дзе нікога.
— Не хачу тваю мыдлю трыбушыць, — адказала маме. — Тут таксама зацішак, — Маня схавалася паміж важкіх снапоў.
Дождж у мыдлю не дастае, вада сцякае па капелюшы і капае на ржышча. Маня паглядзела ў прасвет паміж снапамі. Там святлей. Таму кроплі вады здаюцца празрыстымі крышталікамі. Падаюць зверху і ажно свецяцца нейкім унутраным святлом. Усё адно як чароўная сіла льецца зверху ў зямлю, каб не толькі напаіць яе жыццядайнымі сокамі, але і злучыць з небам, з вышынямі, дзе ўсе святыя жывуць, а сам Божанька імі апякуецца. Маня ажно перахрысцілася і ціхенька, адно ў думках прамовіла: «Дзякуй Богу літасціваму за падтрымку, за ўсё, што ён дае нам, рабам недастойным Яго. Што даруе грахі нашыя і правіны...»
Яна чула, як бацька перад якім-небудзь важным заняткам часта звяртаецца да Бога. А што вінаватыя мы перад ім, кажа, то гэта праўда. Успамінаем толькі, калі бяда якая. Праўду кажуць — калі трывога, тады да Бога. Але ў сям’і Назаноў веру шануюць. Бо без гэтага хібя пражывеш? Д’ябал спакусіць, саб’е, завядзе ў балота граху. І не адмоліш, не выпрасіш даравання. З Богам трэба жыць заўсёды, а не тады ўспамінаць, калі бяда, калі людзі адвярнуліся ад цябе і толькі на Яго адзінага спадзеў. Людзі ж таксама адварочваюцца не без дай прычыны. Калі ты ім насоліш, прыкрасці наробіш, калі сябе вышэй за іншых паставіш, узнясеш сваё я над больш ёмкім — мы, то як яны мусяць цябе разумець?