Праўда, у Мані часта ўзнікаюць спрэчкі з Сашам. Ён у іх нейкі не такі, як усе. На ўсё свой погляд мае, стараецца быць незалежным, часам і бацьку ўжо не слухаецца, наперакор робіць. Да чытання мае мо большы інтарэс, чым да арання. Здараецца, так зачытаецца, што і пра справу забудзецца. А спрэчкі праз тое, што не разумее Маня гэткага захаплення, ёй больш імпануе на зямлі працаваць, а не ў воблаках вітаць.
Саша на гэта пярэчыў:
— Якія воблакі? Ды і наогул, што ты разумееш у жыцці? Гэта ж нават да дзіцяці даходзіць, — не прапусціў моманту, каб у чарговы раз падсмяяць сястру. Ён даўно з яе такім чынам здзекуецца, лічыць, што яшчэ зусім малая, яшчэ і малако матчына на губах не абсохла, а ўжо аж са скуры вылузваецца, каб на ігрышча трапіць.
— Ага, а як работу якую рабіць, то малако не шкодзіць? — агрызаецца Маня.
— Не, не шкодзіць, — зусім сур’ёзна адказвае Саша. — Хто малако п’е, у таго мускулы дужыя. Вось паглядзі, якія ў мяне, — і Саша згінае руку так, што мускулы збіраюцца ў ёмкі камяк. Маня знарок моцна торкае ў Сашыну руку пальцам і смяецца:
— Ой, дак гэта ж не цела. Гэта камень нейкі. Не-е, ад малака так не бывае, ад малака мяккія былі б. Гэта мо ад сыру ці сала, якое ты любіш.
— А хто яго не любіць? Калі ты, то аддавай мне. Бо хто не працуе, той не есць. Я ж з ахвотай...
— Хто не працуе? — злуецца Маня. — Я не працую? Мо ты за мяне маю работу робіш? — Маня замахваецца на Сашу. — Гэта ты за кніжкамі сваімі свету не бачыш і ад работы адлыньваеш.
— Чаго ты гізуеш? Мне і сваіх клопатаў хапае, — спакойна адводзіць той яе руку. — Чаго гэта я буду бабскімі справамі займацца? Табе патураць... Сама ў іх калупайся. Што гэта за работа — каля стала ды каля рота?
— Якімі бабскімі? Хібя жаць жыта адно жаночы занятак? Альбо мо ты не за сталом мускулы наядаеш?
— Я не наядаю. Яны самі растуць. Ад працы, між іншым.
— Ага, дак ты працуеш толькі між іншым, — заліваецца смехам Маня, радая, што так спрытна падлавіла брата. — А я заўсёды...
— І ўсё роўна мускулы ў цябе не растуць, — пацяшаецца Саша. — Адно цыцкі. І то вунь якія дробненькія. Як грушы дзічкі. Відаць, матка малака мала дае... — Саша ледзь стрымліваецца, каб не зарагатаць.
Маня не можа перанесці такой абразы.
— Чаго ты выскаляешся? Чаго зубы сушыш? Выскаляка знайшоўсё...
Яна кідаецца на брата з кулакамі, малоціць імі ў паветры, намагаючыся
дастаць да Сашыных плечукоў. Ён вышэйшы за сястру, таму толькі адхіляецца і нават з месца не сыходзіць. А ў тае ад мітусні звалілася з галавы каса і апусцілася долу, як не да зямлі каснік дастае.
— Малаці, малаці, мо мускулы і падужэюць, — не адступаецца ён. — А пра цыцкі гэта я так... Як будзеш многа жаць, сагнуўшыся, то яны і адрастуць. А мо адцягнуцца... — тут ужо ён не можа стрымацца і гучна рагоча.
Маня не ў стане перанесці такі здзек, гэта ўжо вышэй за яе цярпенне. Яна рэзка крутнулася на месцы, каб сысці ад гэтага насмешніка. Каса таксама матлянулася разам з ёй, адарвалася ад зямлі, набрала размах і з усёй моцы пляснула Сашу па спіне, добра, што не па твары, мо ад касніка пісяг застаўся б.
— Не строй зуха. Сам ты не гаспадар. І з канём бацька лепш за цябе ўпраўляецца, — каб хоць як адпомсціць, кажа яна і з буйнымі слязінкамі, што празрыстай расой павіслі на вейках, уцякае ў хату.
— Бяжы, бяжы, — кажа наўздагон ёй Саша. — А я не раскажу табе пра новую кніжку.
— Ну і не трэба. Не хачу гаварыць з табой.
— Як захочаш, прыходзь, — прымірэнча гаворыць Саша наўздагон.
Маня добра прыгрэлася каля пахкіх снапоў, і думкі яе разняволена паплылі па абсягах пражытага. То да хатніх спраў скіруюцца, то Нясвіж раптам узгадаецца. Праз пяць гадоў Мані будзе дваццаць, а ні разу не была там. У Сноў на кірмаш, які праходзіць па аўторках, і разам з бацькамі ездзіла на возе, і пехатой адну не раз адпускалі, а вось у гэты славуты горад не выпадае патрапіць. Не без падстаў, напэўна, прыдумалі хутаране прымаўку: «Як захочаш у Нясвіж — цэлу ночаньку не спіш». Бо і праўда, на чым можна было дабрацца да таго Нясвіжа, калі да яго больш за дваццаць вёрст? А яшчэ ж і назад трэба да цямна вярнуцца, бо начаваць у чужым горадзе — не ў мамкі ў запечку. Не адно Маня не мела такога шчасця, каб на свае вочы ўбачыць той хвалёны Нясвіж, шмат хто падзяляў яе лёс.