Выбрать главу

А там жа Радзівілы, якіх адны моцна хваляць за розум, за ваенную здатнасць і гаспадарскую кемнасць, за абарону сваіх — беларускіх, значыць, земляў ад рознай набрыдзі, што праз многія стагоддзі намагалася сапхнуць законных гаспадароў з наседжаных месц, зрабіць сваімі палоннымі, звесці з родных паселішчаў і ў чужым краі змусіць працаваць на тамтэйшых паноў.

Другія гэтак жа доказна ганяць Радзівілаў, называюць прагавітымі магнатамі, якія дзеля ўласнага багацця нікога не пашкадуюць, чужога жыцця і на грош не цэняць, абы свае сундукі з куфрамі напакаваць ды гасцей, якія амаль безупынку наязджаюць у Нясвіж, пацешыць і развесяліць, шчодра дарункамі багатымі абдарыць. А колькі розных легенд ды страшных показак пра той замак і ягоных гаспадароў ходзіць па нясвіжскай зямлі, то й не злічыць, не пераказаць мо і за цэлую ноч.

Хапае ў Нясвіжы і розных іншых цікавостак, бо ўсе так захоплена ўспамінаюць яго. Нават Саша. Калі пад настрой, шмат апавядае пра гарадскі побыт. Кажа, што Нясвіж — гэта маленькі Парыж. Нібыта ад гэткага параўнання Мані лягчэй, быццам была яна ў тым невядома дзе размешчаным Парыжы, ёй бы хоць адным вокам на Нясвіж зірнуць і то было б вялікім шчасцем, а то нейкі там далёкі Парыж... Што праўда, Саша таксама пра Парыж з чужых слоў кажа. Ад Ендрусевага бацькі пачуў. Гэта сябар ягоны, Ендрусь, жыве ў тым хвалёным Нясвіжы. Сашу яна верыла, ён не раз бываў каля радзівілаўскага замка. Яму добра, яго аднаго адпускаюць, бо Ендрусеў бацька сур’ёзны, заступіцца можа ў выпадку чаго. А хто за Маню заступіцца?

І нечакана думкі зноў павялі Маню да таго здарэння на ігрышчы, якое ад ранку не выветрываецца з галавы. Яна намагаецца забыцца пра яго, хоча выціснуць з памяці, а яно згадваецца само сабой, як сказала б матка, сляпіцай лезе.

Скокі пад Васілёў гармонік доўжыліся за поўнач. Добра, што месяц свяціў і неба бясхмарным было — відно, хоць іголкі збірай. Старыя таксама доўга не разыходзіліся, усё цікавалі, хто што робіць, хто з кім танцуе, хто каго абдымае. Надоўга хопіць перасудаў, усё жніво будуць костачкі перамываць, калі вольная хвілінка выпадзе. Так вымыюць, што і сам сабе чужым здавацца будзеш, матка родная не пазнае.

Не сыходзіла нікуды і Тэкля. Швэндалася па надворку, то да аднае кампаніі прыстане, то да другое. Спадзявалася, што якая добрая душа яшчэ чарачку паднясе, ведама — галоднай куме хлеб наўме. І ўсюды знойдзе да каго прычапіцца, адусюль чуваць яе скрыпучы голас і нейкі ненатуральны, як бы цягаюць па зямлі ржавы ланцуг, смех. Нібыта і не гэткая п’яная ўжо, мо працверазела. Вось яна падышла да столка, дзе сядзелі адны старыя, і нечакана сваім далёка не спеўным голасам, сама сабе паддаючы зухаватасці, зацягнула:

Падружка мая,

Ідзі адзявайся,

З тваім мілым пасяджу,

Ты не абіжайся...

А тады папрасіла:

— Пасунься, красуня, — і зірнула загадна. — А то расселася, як пані Абуховічава. Заняла месца на траіх. Дай добрым людзям прысесці. Бо ў нагах праўды няма, праўда? — і засмяялася ад сваёй дасціпнасці. — А ножкі мае за жыццё вунь як стапталіся. Зусім знасіліся... Ведама, старасць — не радасць...

— А смерць не вяселле, — закончыў нехта за Тэклю.

— Праўду кажаш, мой ты даражэнькі, — і яна плішчылася на столак, быццам і на самай справе моцна стамілася.

Звычайна на руках у яе на корх гразі нарастае, а тут памылася, прычасалася — прыбралася, адным словам, да людзей жа ішла, ведала, што не любяць яе непрыемнага паху. І хоць як паспрабавала збавіцца ад яго.

— От так... — уздыхнула задаволена. — Хоць тут каля твайго дзеда пасяджу, мо пагрэюсё. Калі ў яго падпахі яшчэ не выстудзіліся... — і зноў зарагатала. — А ты не абіжайся. Ты ж з ім кожную ночку, гэтаё самаё... Падзяліся, не мыла, не змыліцца. Ён жа людскі чалавек, спагадаць павінен.

— От чапяла балбатлівая. Язык як памяло, так і мяце, не стоміцца. Дай адпачыць яму, схадзі да галавы па розум, — трохі зласнавата казала пажылая кабета, але пасоўвалася, даючы месца. Бо разумела, што Тэкля не адступіцца, а сварыцца з ёю — толькі людзей смяшыць, сабе ж даражэй абыдзецца. — І куды ты ўсё мосцішся? Куды плішчышся? Ніяк табе не ўгодзіш, як ліхой скуле...

— Дак я ж тоненькая, хі-хі-хі... А ты не гізуй, не карова на поплаве. І аваднёў няма, не кусаюць, хі-хі-хі...

Тэкля доўга не мерылася, умастаколілася паміж кабетай і яе мужам, знарок прыціснулася да яго.

— О-о, яшчэ цёплы. Нават гарачы. Апячы можа, — задаволена абняла за плечы цётчынага мужыка. Памаўчала хвілінку, але не тая гэта натура, каб моўчкі з людзьмі абыходзіцца.