Выбрать главу

— А ведаеце, мае вы даражэнькія, што ваша Тэкля ўжо на тым свеце была?

— А як жа ты выбралася адтуль?

— Які чорт цябе вынес?

— І каго ты там бачыла?

— А што ж ты думала? Круці ня круці, трэба памярці.

— Ты мо скажаш, што ў рай трапіла?

— Смейцеся сабе, смейцеся, — спакойна адказала Тэкля. — Рагачыце. А я праўда памірала. Ды, відаць, яшчэ не час... Бог адратаваў...

— Ага, яшчэ не ўсё выпіла на гэтым свеце, — зноў пачуўся нейчы насмешлівы голас.

— А што ты думаеш? На гэтым лепш. Чуў, як кажуць: пеця жылы, пакуль жывы, бо як памрэш, то й калом не ўваб’еш? Дак я і п’ю. Мо каб жыцця такога не бачыць...

— Няўжо і табе надакучыла жыццё?

— А што ты думаеш? Хібя гэта жыццё? Жыве кот, жыве й сабака, да жытка ў іх не адзінака. Але я не пра тоё. Ты вось паслухай Тэклю, тады і сам паверыш. Прыйшла я нек з гулянкі. Вясёлая была, што тут казаць, —

Тэкля не саромелася прызнавацца ў сваім граху. Не скажаш, што хвалілася гэтым, выстаўляла напаказ, але і таіцца не хацела. — Цяжка мне было. Да ложка не дацягнулася. На зямлі лягла, у хаце. Каб трохі лягчэй, бо зямля адцягвае ўсе хваробы. Не верыце? — спытала адразу ва ўсіх, калі пачула скептычнае хмыканне. — Як сабе хочаце. А я заўсёды, як паляжу на зямлі, то лягчэе мне.

— То ляж і цяпер, паляжы, — незадаволена прамовіў нехта. — Тады не будзеш шлындзіць абы-чаго.

— Ах, ах, які ты мудры, — адразу ж адпрэчыла Тэкля. — Сам і паля­жы. Тады не будзеш чапляцца да чалавека. І не затыкай рот. Не збівай з тропу, дай сказаць...

Слухачы весела засмяяліся, пазіраючы на раптоўна пачырванелага жартаўніка. Тэкля таксама расцягнула свой шчарбаты рот, правяла рукамі па твары, памаўчала адну хвілінку, як бы маючы асалоду ад таго, што добрыя людзі спынілі яе крыўдзіцеля, і працягвала:

— Праўду кажу, мне заўсёды памагае, калі паляжу на зямлі. Але не тым разам. Ой, зазнала я тады бяды. Думкі за гарамі, а смерць за плячамі... Галава звінела, як пусты чыгун. Усярэдзіне нешта круціла, аж вантробы выварочвала. Але я цярпела. А тады мяне раптоўна накрыла чарната. Як пад ватнім коўдрам усё роўна. Скрозь чорна. З бакоў, зверху, знізу. З-за спіны нешта чорнаё паўзе. Адусюль. Праўда. Але я то не вельмі спалохалася, бо ноч на дварэ была. А лямпу я не запальвала. І адно адна-аднюсенькая светлая плямка. Спераду. Як шчыліна ў плоце. Гляджу я на яе і бачу, што праз шчыліну ідзе да мяне мая мамка, царства ёй нябеснаё. Я спалохалася: адкуль яна? Бо мамка мая памерла... — Тэкля на хвілінку сціхла, бязгучна плямкала губамі, нібыта лічыла: — Так, гадоў восем, як пахавалі, не проціў ночы кажучы, маю дарагую мамку. А цяпер вось праз гэтую светлую шчыліну ідзе яна проста да мяне. У святочным уборы, у сукенцы ў кветкі. І хустка пад барадой завязана. І руку мне падае. Як бы кліча некуды ці вітаецца. А як жа я, думаю, буду з мёртвай вітацца? Не, думаю, мяне не правядзеш. Падман гэта.

— Ого, бач якая разумная. Хоць і набралася, як Лейба, а разумная... — зноў не выцерпеў нехта. Але і Тэкля не прамінула даць здачы:

— Не дурнейшая за цябе, — і пад гучны смех працягвала: — А мамка падае мне руку і кажа: «Пайшлі, дачушка, са мною. Бо цябе тут няма каму і пашкадаваць...» — голас Тэклін задрыжаў, яна змахнула з вачэй ці то сапраўдную, ці то ўяўную слязінку, пагардліва зірнула на сваіх насмешнікаў. — Праўду кажаш, мая ты дарагая мамка, няма каму заступіцца за бедную жанчыну. Крыўдзяць мяне без меры.

— А з мерай можна? — прамовіў нехта ціхенька, каб не чулі іншыя.

На яго і праўда ніхто не звярнуў увагі. Тэкля расчуліла сваёй скаргай.

Але яе не перапынялі, не смяяліся, не пакеплівалі. Мо і праўду кажа, мо трызнілася, што бачыцца з мамкай. Хай выгаварыцца. Цяжка чалавеку на гэтым свеце аднаму. Хай адвядзе душу. Палягчэе. Тэкля кашлянула, нібыта прачышчала горла, і ранейшым скрыпучым голасам жалілася:

— Праўду кажаш, мая ты дарагая мамка. Скубе мяне, хто толькі хоча. Як гарох ля дарогі. Гэта так хочацца мне адказаць, але я маўчу. Ні слоўца, ні паўслоўца... «Пайшлі», — кажа яна. А над ёй, бачу, наша магільная брама. Тая, што на доўкіндскіх могілках. І крыж на браме. Кліча яна мяне, а я думаю: «Як жа я пайду з табою, мая ты мамка, калі ты памерлая, няма цябе...» І я не падала рукі. Заплакала. А мамка адразу ж знікла. Як растварылася. Была і не стала... І светлай шчыліны ў плоце няма. Нікога і нічога. Толькі зноў густая чарната. Як дзёгаць.

— Ведама што, дапілася да белай гарачкі, — зноў не выцерпеў нехта доўгага казання Тэклі. — А з бутэлькай ніхто не прыходзіў?

Гаваруна спыніў дзед Мацейка, які таксама слухаў Тэклю: