— Не чапай ты яе. Праўду кажа, — падтрымаў кабету. Тэкля на гэта адно згодна страсянула галавой. — Мой дзед расказваў пра такоё. А ён не раз на локаць ад смерці быў...
— Ты пачакай, дзед, — перапыніла яго асмялелая Тэкля. — Дай мне даказаць. Чаго ты вопсасам лезеш? Як сляпая муха на мёд...
— Кажы-кажы, я што, — сціх Мацейка і паклаў свае высахлыя рукі на арэхавую крывульку. Тэкля ж працягвала:
— Нікога няма. Пуста ў хаце, цёмна, як у піліпаўку. А мне баліць, усё ўнутры баліць. Я пазіраю на месца нядаўняй светлай палоскі. Няма і яе. Прайшло колькі часу, і раптам палоска зноў з’яўляецца. Шырэйшая за тую, што была. Увачавідкі шырэе, ажно ў вочы святло тое колецца. Ды нечакана зноў павузела, адна шчылінка мільгаціць. І тады ў ёй паказаўсё наш сусед Міша. Той, што гады чатыры як памёр. Ён таксама падае мне руку. Я маўчу. А ён кліча: «Тэкля, Тэкля, пайшлі са мною... Чуеш, га?» Я рукі не падала і зноў падумала: нашто мёртваму мая рука?
— Ага, спалохалася смерці, хоць і п’яная, — падкузьміў нехта. — Не строй з_уха. Усё адно памрэш...
— Я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята... Памру, — не пярэчыць Тэкля. — І ты памрэш. Усе памром. З гэтага жыцця ніхто жывым не сыдзе... — другі раз за сённяшні вечар паўтарыла яна прыказку і нечакана сваім прапітым голасам зацягнула прыпеўку:
— І піць будзем,
І гуляць будзем,
А пара прыдзе —
Паміраць будзем...
— Ну, во, зацягнула, як панамар у царкве, — падаў голас нехта з мужыкоў, якія таксама прыслухоўваліся да Тэклінай гавэнды. — Ты лепш кажы, што далей было з табой?
Тэкля працягвала перапынены расказ:
— Як ні прасіў Міша, а я не падала рукі. Хібя я дурная, каб на сябе рукі накласці? І тады светлая палоска пачала шырэць. Ужо не шчыліна ў плоце, а цэлыя вароты, як у гумне. Пасля і яны адчыніліся насцеж, а з іх выбухнула святло. Як маланка. Яно акрыла ўсю мяне — з бакоў, зверху, з-за спіны ззяе. Яркаё, бліскучаё, ажно слепіць, слёзы выціскае. А суседа няма, растварыўсё, знік, выпарыўсё. Адплюшчыла я вочы, а ля мяне кот трэцца. Не наш, няма ў мяне ката... — Тэкля запнулася і патлумачыла, як бы ў апраўданне: — Не люблю я катоў у хаце. Адна шэрсць ад іх на пасцелі... Ды і карміць няма чым... — прызналася. — Але тут трэцца аб маю руку нейкая рыска. Зусім ачнулася я, чую, што ў грудзёх лягчэй стала, вочы адсланіла. Дыхаць можна. Устала і пакарміла таго невядомага ката...
— Дак мо гэта смерць твая была, а не кот? — падвёў нехта нечаканую рысу.
— Не, смерць да яе праз шчылінку прыходзіла, — выказаў сваё цвёрдае меркаванне дзед Мацейка. — Кот — гэта збаўленнё. Не час быў паміраць, вось Бог і паслаў ратаваннё. Каб пакутавала аж да таго, пакамісь піць не перастане...
— Дак я ж, калі кіну, буду мучыцца яшчэ больш, — спалохана прамовіла Тэкля. — А мо і памру скора? За што ты, дзед, жадаеш мне такоё? Што я табе кепскаё зрабіла?
Адказаць ёй не далі, бо нехта спяшаўся выказаць сваё:
— А катоў і на нашым футары хапае, не адно ў Баярах. Няўжо гэта для ўсіх нас назапашана ратаваннё?
— Не, гэта не ратаваннё, — вёў сваё Мацейка. — Гэта папярэджаннё. Г асподзь Бог папярэджвае нас грэшных, каб не адступаліся ад ягоных запаведзяў, каб слухаліся і баяліся, каб не грашылі...
— Дак як жа пакаешся, калі не саграшыш? — выказаў смелую думку нейкі падшыванец. Але яго адразу ж спыніла спалоханая маці:
— Што ты вярзеш, бязбожнік. Не гняві Бога. Не грашы, бо Бозенька пакарае...
— А вунь Жора Бандзюкоў не такоё казаў, — не здаваўся падлетак. —
І нічога, ніхто не пакараў яго.
— Бозенька карае не тады, калі ты хочаш, а калі ён лічыць патрэбным, — цярпліва тлумачыла маці неслуха. — Ён усё ведае і ўсё бачыць. Ён і Тэклю ўратаваў, бо яна за многіх з нас церпіць. Хоць і грашыць шмат, але пакутуе моцна.
Пры гэтых словах Тэкля, здаецца, ажно галаву сваю, закручаную бруднай дзіравай хусткай-канаплянкай, падняла з гонарам — мо ўпершыню прылюдна заступіліся за яе, пашкадавалі, а то ўсё лаюць ды бэсцяць. Ад такой дабрыні ажно асмялела:
— Вы лепей мяне не хваліце, а шкляначку паднясіце. А то нешта высахла ў роце, — і скрыпуча заспявала: — Ой у горле драпачы, драпачы, трэба горла прамачыць... Дайце Тэклі кілішак, не шкадуйця. Смагу прагнаць...
— І праўда, дайце ўжо, заслужыла сваім расказам, — зжаліліся над беднай кабетай.
— Іван, папрасі цётку Зіну, каб наліла, — звярнуліся да Гэтэвічавага Івана, які акурат выходзіў з танцавальнага кола.
— Адно не напарстак, — заартачылася Тэкля, — а то і праўда тады памру. Я да шклянак прывыкла...
Мужыкі з кабетамі доўга яшчэ абмяркоўвалі Тэклін расказ, кожны даводзіў сваё, выказваў здагадкі. Сёй-той згадаў падобныя выпадкі са сваімі сваякамі альбо пачутае ад дзеда.