Выбрать главу

Гамонка старых каля сцяны хаты працягвалася.

Не спыняліся і танцы.

А калі месяц стаў хіліцца да другога берага неба, як бы збіраўся на спачын, пачалі пакідаць надворак першыя пары. Паціху сталі разыходзіцца і пажылыя гаваруны: здаволілі свае цікавосткі, нагаварыліся мо на цэлае лета, а ўсяго ўсё адно не перагаворыш, трэба і на наступны раз пакінуць. Час па хатах, не паранее.

Танцавальнае кола ўсё вузела і сціскалася, а Маня разам з гэткімі ж нястомнымі падлеткамі таптала Васілёў надворак то ў віхурыстай польцы, то ў вясёлай кадрылі, адным словам, што б ні іграў Васіль, Маня танцавала ўсё. Калі не запрашаў ніхто з хлопцаў, скакала з гэткімі ж уедлівымі ў танцах дзяўчатамі — раз прыйшлі на ігрышча, то чаго плот альбо сцяну падпіраць? Скачы, ды так, каб пасля надоўга хапіла ўражанняў.

Чэсь, у якога хмель яшчэ не выветрыўся, не хаваў свёй зухаватасці, нават выстаўляў яе напаказ, пачаў часцей запрашаць Маню. Яна ўжо і не рада, не раз спрабавала адмаўляцца, але ён настойліва і цвёрда ламаў супраціўленне:

— Прыйшла, дак танцуй. Нечага тут свае парадкі заводзіць... А не — дак збірай манаткі і дуй да свае хаткі. Адна...

— А ты не лезь вопсасам...

— А ты памаўчы, а то бач — вош на языку не спячэцца...

Мані хацелася і болей сказаць: «А табе можна? Буду я кожнаму патураць. Што ты за хлюст, што ўсіх змушаеш да таго, што толькі табе хочацца?» Але яна баялася: Чэсь і цвярозы слова ў кішэні не шукае, можа і рукам волю даць, а што казаць, калі на падпітку. А падшафэ ён бывае не толькі на святы і не адно на ігрышчах. Любіць гэтую справу. І як яму толькі бацькі дазваляюць! Праўда, ён іх не вельмі слухае, усё больш ад рук адбіваецца. Часам бацька ягоны не вытрымлівае і на людзях дае непаслухмянаму сыну добрага прачуханца. Але найбольш у хаце галаву яму мые, бо гонар не дазваляе ўсё на людзі выносіць. Пахвалёнчыкі ганарыстыя людзі, пыхі ў іх хапае. Але Чэсь, відаць, усіх абскача — фарсіць больш за іншых з роду. А характар мае такі ўпарты, што не пікні, не скажы папярок. Вось і баіцца Маня спрэчкі з ім, не ведае, што зрабіць, каб адчапіўся ад яе. Хай бы лепш зусім не запрашаў. А ён жа падчас чарговага танца паабяцаў:

— Ты без мяне дадому не ідзі. Добра?

— Ого, які суровы загад. Як з пастарунка... Чаго ты мяне пасеш? Хгбя я авечка якая, што дарогі не ведае? — не стрымалася і паспрабавала аджартавацца Маня. — Дай ты рады... Не заблуджусё. Ды і месяц свеціць...

— Я таксама дарогу ведаю, — перапыніў ён. — Але ты адна не ідзі. Я з табою пайду. Я ж сказаў...

Сказаў, і не зразумееш, ці то прапанаваў, ці то загадаў. Але якая розніца: ці савою аб корч, ці карчом па саве, усё адно абязвечыць можна. Мані стала непамысна: «От замарока галавы. Прычапіўсё, як ваўчкі да сукенкі». Яна ўжо выцікоўвае, з кім бы дадому ўцячы. Але і Чэсь, відаць, нешта зразумеў, стараецца збіць яе з панталыку. Ён раз за разам запрашае Маню і ўсё больш шчыльна горнецца да яе падчас танца, моцна нахіляецца да вуха, нешта расказвае. Маня асабліва не ўнікае што, бо і чутно з-за музыкі кепска, і страх усё больш ногі звязвае. Асабліва даймае яе Чэсеў перагар — так смярдзіць самагонка, што часам, калі асабліва горача нешта даводзіць, яе на ваніты цягне. Сама яна яшчэ ні разу не каштавала моцных напояў — таму і ггдзіць ад іх.

Маці часам жартавала з дачкі:

— І дзе я табе вазьму мужыка, каб не піў ды каб не біў? Іх жа са свечкай не знойдзеш. Хібя баптыста якога, га?

— Ат, мама, што вы кажаце? Які замуж, які мужык?

— А што, не згледзіш, як твой час прыйдзе. Вунь ужо якая высокая і гнуткая, як бярозка ў Школьным лесе.

— Ага, вы яшчэ скажаце: гэта таму, што есці няма чаго...

— Не, я такога не скажу. Бо няпраўда. Есці, дзякаваць Богу, хапае. Хоць і не кожны дзень Вялікдзень, ды ўсё ж не галадаем. Праўда? Ад хлеба хлеба не шукаюць.

— Праўда, мама, праўда. Гэта я так сказала...

Калі Чэсь у чарговы раз запрасіў Маню, то прапанаваў ёй:

— Праз тры танцы пойдзем дадому. Я давяду цябе да хаты. Добра?

Маня не на жарт спалохалася, зразумела, што хоць ты махалам махай,

а не адчэпіцца. Азірнулася, ці няма дзе Петрыка. Але яго даўно не відаць, і Стасі Пахвалёнчыкавай таксама. Маня не дапільнавала, ці яны разам пайшлі, ці паасобку. І іншых дзяўчат таксама не відаць. Цікава, каго павёў дахаты Петрык? Калі Стасю, то тут жа зусім недалёка, іхняя хата пасля дзедавай Мацейкавай сама бліжай да Васілёвай. Хгбя што гуляць пайшлі, мо ажно да Школьнага лесу?

І нейкая крыўда пачала тачыцца ў Маніна сэрца. На Петрыка, на Стасю, на свой лёс, які невядома чаму ўвесь час адварочваецца ад яе. Як праца, дак сама ў рукі плыве, да таго ж з кожным годам усё больш, бо старэйшая з дачок яна ў сям’і, а калі пра ўласнае задавальненне, то і сказаць няма чаго. Такое ёй выпала шчасце, нават з хлопцам жаданым не можа пацешыцца. Мусіць іншым саступаць.