Але чаму? Таму, што Стася багацейшая, што шляхцянка? Дак і Назаны не зусім збяднелыя. Праўда, булак кожны дзень не ядуць, але ж і з торбай, дзякаваць Богу, ніхто з іх не хадзіў. А што да працы, то яшчэ пашукаць такіх уедлівых. І не брыдкая Маня, так ва ўсякім разе кажуць ёй сяброўкі, адна каса чаго вартая. А ў жніве ці якой іншай працы ёй мала роўных знойдзецца.
У працы мо і так, разважае Маня. А вось у каханні...
Яна цяжка ўздыхнула, ажно Чэсь здзіўлена зірнуў, і, працягваючы пачатую размову, адказала:
— Ось яшчэ выдумаў! Не, Чэсік, — Маня спрабавала паддобрыцца, прыцьміць Чэсеву пільнасць, — я і адна не баюсё. А мяне яшчэ і Гэлька Юрашова чакае, і Саня Кандратукова з Косцікам.
— Скажы, хай самі ідуць, адны. А мы з табою... Я ж сказаў! Зразумела?
— Не-а, не зразумела, што ты майначыш, — асмелілася запярэчыць Маня. — Я што, прывязаная да цябе? Хгбя табе няма каго іншага ўзяць? Вунь колькі было старэйшых за мяне.
— Нашто мне старыя? Мне ты панаравілася. Мне ж не жыта жаць. Ды і то з маладымі спрытней і весялей.
— А ты мяне хгбя жыта жаць запрашаеш? — спрабавала перавесці на жарт Маня. — Ноччу? За мяне Жэня днём пажне.
— Пры чым тут Жэня... — амаль злосна адказаў Чэсь і нечакана спытаў: — А я што, не пад густ табе?
Мані так і карцела выпаліць: «Не!», каб адзін раз і назаўсёды, каб не расцягваць гэтую каніцель. Бо ўсё адно добрага канца не будзе. Як кажа дзед Мацейка: калі не падабаецца адзін, то пашукай чысцейшага ў іншым балоце...
Яна мо і сказала б тое, што думае, але нехта нібыта папярэдзіў: навошта бяросту на вуголле кідаць? Яна паціснула плечукамі і прамаўчала.
— Глядзі, Маня, — прыжмурыў вочы Чэсь. — Не вельмі фарсі. Каб не збіцца з тропу, — закончыў зусім незразумела. Маня адчула, што ёй страшна, а Чэсь пасміхнуўся, як заўсёды бездапаможна і безабаронна. Але цяпер гэта здавалася мо больш злавесным, чым без такой усмешкі.
— Чаго глядзець, калі месяц схаваўся, — няўдала пажартавала Маня, якая ўсё наравіла вырвацца з-пад Чэсевай увагі. А сама вачыма пашукала Стасю — мо яна паўплывала б на брата. Не знайшла. Але не было і Івана Гэтэвіча. Няўжо разам пайшлі?
Івану даўно і моцна ўпала ў вока Пахвалёнчыкава Стася. Проста рады няма. Дарослы чалавек, а вунь што захапленне робіць. Як стрэне дзе, то ажно халадок па целе. Здаецца, жыццё без яе страціла ўсе фарбы. Нават за плугам ці, калі косіць, усё адно думае пра яе, не кажучы пра мроі перад сном. І найбольш пра тое, як дабіцца ўвагі, што зрабіць, каб яна зразумела ўсю сур’ёзнасць ягоных намераў, каб адчула, што ў хлопца на душы.
Здаралася, Іван не раз у марах быў з каханай. І не адно на танцах бачыў сябе з ёй. Уяўляў яе стройнае цела, заўважаў моцны загар на руках і пяшчотную бель пакатых плячэй. Прырода зладзіла Стасю так, што, каб і хацеў, то не знайшоў бы да чаго прычапіцца. Ён нібыта адчувае ласкавую мяккасць яе скуры, калі сваёй шурпатай ад мазалёў рукой мройна праводзіць па плячах, дакранаецца да грудзей, цёмныя гузічкі якіх раптоўна натапырваюцца, а вакол іх скура робіцца як на падушачках пальцаў пасля працяглага знаходжання ў вадзе. Вачамі п’е насалоду ад усёй яе зграбнай постаці, проста любуецца гэтым дасканалым тварэннем прыроды. Часам нават здзіўляецца такому неверагоднаму майстэрству нябачнага творцы.
Не раз мроіў, як яны разам па-сямейнаму вядуць гаспадарку, песцяць сваіх дзетак, як ва ўсім раяцца, слухаюцца і падтрымліваюць адно аднаго. Іван не цалкам згодны з тым, што кажа бацюшка жаніху і нявесце падчас вянчання — ён чуў такое, калі быў шаферам на вяселлі сяброў: «Да убоится жена мужа». Не баяцца трэба, лічыў ён, а паважаць, шанаваць. З павагі ўсё пачынаецца, з даверу і ўзаемнага разумення, а не са страху.
Некаму можа здацца дзіўным, але гэты дужы і цягавіты, трохі маўклівы хлопец, а па гадах ужо даўно кавалер, быў не пазбаўлены сентыментальных разваг, салодкіх мрояў. Не раз у думках ён і распранаў Стасю, любаваўся яе гнуткім прыгожым целам, затрымліваў позірк на вабных месцах, якія заўсёды спакусліва адтапырвалі сукенку альбо каптан, бо станікаў на хутары ніхто не насіў — не ў модзе былі гэтыя адзнакі шляхецкага ці гарадскога жыцця.
Пажадлівыя думкі-мроі вялі і далей, прымушаючы мацней тахкаць сэрца, туманячы зрок. Часам ажно казытлівыя мурашкі прабягалі па целе, калі нечакана мроі заходзілі за дазволеную мяжу. Тады Іван міжволі ўздыхаў, сварыўся сам на сябе за гэткія грэшныя думкі і яшчэ больш улягаў у працу, каб ёю задушыць любыя недазволеныя памкненні.