Выбрать главу

І Божа барані, каб гэтыя патаемныя, далёка ад людзей схаваныя думкі і пачуцці сталі вядомыя некаму чужому. Іван мо не перажыў бы такога. Бо хіба можна дзяліцца тым, што толькі тваё асабістае, што належыць табе і выключна табе? Як хто сабе хоча, а ён да такога не апусціцца.

Але мінаў час, і думкі Івана зноў вярталіся да Стасі. Дзяўчына яна для многіх вабная. Аднак сама сабе наўме. Высокая, стройная, з доўгай каштанавай касой, як у маці. Калі не ўкладвае яе на патыліцы, то касніком да зямлі дастае. А калі часам распусціць хвалістыя валасы, то яны — як дажджавая сцяна, што іскрыстым ззяннем пераліваецца на сонцы, атуляюць стройнае цела. Апранацца ўмее з густам. Гэтага, што праўда, не адымеш ні ў кога з Пахвалёнчыкаў. Выхавалі бацькі шляхетнасць ва ўсіх дзяцей.

Але гэта мо найбольш і шкодзіць Іванавым заляцанням. Бо хто ён перад ёй? Бедны малазямельны дзяцюк са шматдзетнай сялянскай сям’і. Хоць і не з вёскі Малаеды, ды таксама не багач. І ніхто не хоча разумець, што праз сваю шматдзетнасць збяднелі Гэтэвічы. Якая каму да гэтага справа, калі сваіх бед вышэй галавы. У Іванавага дзеда Ігнася дзяцей было як куранят, таму і без таго невялікі надзел даводзілася няспынна дзяліць і перадзельваць паміж сынамі і дочкамі, калі яны стваралі свае сем’і. Будынкі і тыя параздавалі на пасаг: каму паўпуні, каму гумно распалавінілі, а некаму сені ад хаты дасталіся — адным словам, урэшце самі дзед з бабай засталіся ў адным пакоі распасажанай хаты, які некалі лічыўся залай.

У Іванавага бацькі такая ж праблема — дзяцей што маку, а зямлі як добрай бабе спадніцай накрыць. І ўжо хутаранам было не сорамна, што дзеці не маюць нармальнай адзежы. Пакуль падрастуць, нават хлапчукі ходзяць адно ў доўгіх палатняных кашулях, з-пад якіх пісуны бліскаюць, калі прысядуць няўдала. Бо няма моды і грошай штонікі кожны дзень насіць. Каб толькі на свята выйсці ў іх. І нічога не паправіш. Хоць крычма крычы, а зямлі не пабольшае.

Калі давядзецца надзяляць пасагам, то і адразаць няма ад чаго. І хату з гаспадарскімі пабудовамі на ўсіх не распасажыш, не хопіць. Хоць ты агу­лам жыві, без падзелу зямлю абрабляй, на адной печы спі. Але хіба гэта выйсце? Як можа хлопец стаць сапраўдным гаспадаром, калі не мае сваёй зямлі, не збудаваў сваёй хаты, калі, урэшце, не можа адчуць асабістай адказнасці не адно за сябе, а і за жыццё блізкіх яму людзей?

Заставалася адно выйсце — батрачыць. Так і рабілі, шапкавалі перад панамі. І ў гэтым выяўлялі і сваю самастойнасць, і гаспадарлівасць, і ўмельства — усё, што трэба чалавеку, які хоча працаваць на зямлі. Шчыравалі як на сваім, бо іначай выгнаў бы пан, не было б наогул ніякага занятку. А без гэтага куды? Не пабяжыш жа за мяжу, да саветаў. Бо невядома, ці чакаюць, ці возьмуць, ці зразумеюць. Мо ў турму кінуць, як палохалі польскія паліцыянты ды розныя іншыя прадстаўнікі ўлады. Зрэшты, так яно не раз і было, хадзілі такія чуткі, казалі, што многіх перабежчыкаў лічылі за польскіх шпіёнаў. Не, ужо лепей тут са сваімі гараваць, чым у невядомай Сібіры вошай карміць. Таму многіх ад неабачлівай рашучасці стрымліваў страх перад невядомасцю, боязь за сваю сям’ю, якая магла хапіць ліха, калі нехта ва ўцекачы падасца.

Батрачыў не адно Гэтэвічаў Іван, шмат хто з хутарскіх выбіраў сабе гэткі лёс. Бо хоць і жылі сярод палявога раздолля, а поля таго — маленькая магулінка, як самая найкаштоўная каштоўнасць. У пана таксама не дапросішся, каб у арэнду даў, прасіцеляў шмат, а зямля і ў яго не прырастае.

Адным словам, куды ні кінь, скрозь нявыкрутка. Адно ратаванне — парабкаваць. Іван да гэткага становішча адносіўся з разуменнем, але прывыкнуць да яго не мог. Таксама свой гонар меў: чужы хлеб еж, а праўдуматку рэж. Хоць і не шляхецкага заводу, ды гэта не галоўнае, не такі, каб некаму паддацца. Не папусціцца ён, каб нехта папіхаў альбо, крый Божа, ногі аб яго выціраў. Не радзіўся яшчэ такі хлюст ні на іхнім хутары, ні ў вакольных вёсках. Але розныя гаспадары, дзе ён парабкаваў, сустракаліся. Былі такія, што шанавалі Іванаву кемнасць, цанілі і добра аплачвалі, але не бракавала і тых, пра якіх казалі: рабі пану верне, то пан табе п... Некаторыя нават наравілі не пакарміць як след.

Мо праз гэта і намагаецца Іван даказаць, што ён ні кропелькі не горшы за шляхцюкоў, стараецца ўлагодзіць Стасю. А яна ж, хоць і маладзейшая — Івану дваццаць пяць, а Стасі ўсяго васемнаццаць, ды ганарлівасці не губляе. Не, каб зусім пазбягала Івана, то няпраўда. Але дражніцца, як гусак з дзецьмі. Г эта не пад густ Івану — старэйшы за яе, гаспадарлівы, араць-сеяць умее лепш за іншых, значыць, паважаць павінна. А калі ён такую пільную ўвагу выказвае, то хіба можна пазіраць звысоку, фанабэрыцца?