Выбрать главу

Так ці інакш, а Івану хочацца дабіцца свайго. Не бярэ пад увагу нават тое, што Стася ў касцёл ходзіць, а ён у царкву. Як паводле Івана, дак гэта нейкі дзіўны падзел, нібыта сямейнае жыццё не на пачуццях трэба ладзіць, а па нейкіх іншых прыкметах — ці то па багацці, па колькасці зямлі і ко­ней, ці то веру ўлічваць, ці адно бацькоў слухацца, як, зрэшты, заўсёды было. Яшчэ Іванаў дзед Ігнась казаў: «Ніхто, пане мой, не глядзеў, што я там думаю ці мяркую. Нагледзеў бацька дзяўчыну, вырашыў, што пара мне ачалавечыцца. І сказаў, каб браў Зосю. І ўзяў, а куды дзенешся, калі не табой гэта заведзена».

Так то яно так, думаў Іван. Але жыццё свае выкрунтасы мае, часам такога коніка выкіне, што і не знайся. І людзі не ўсе роўныя. А што да веры, то для Івана не тое галоўнае, каб аднолькава крыж на лоб ці на грудзі клалі, значна важней, што ў цябе ў душы. Як бы не адзін Бог на вышынях, не аднолькава ўсімі апякуецца, бо і бацюшка не раз казаў у царкве: «Часцей звяртайцеся да Бога нашага адзінага, шануйце імя Яго, тады ва ўсім будзе вам Божае спрыянне...»

Праўда, Стасіны бацькі ні разу нікога не папікнулі, што не ў касцёле ахрышчаны. Ва ўсякім разе на людзях.

Будучы каталікамі, Стась са Стасяй лічылі сябе і палякамі. Тутэйшаму люду даўно ўбівалі ў галаву, што любы каталік — гэта паляк. І ўбілі, не змарнаваліся высілкі, не пайшлі на цёмны лес. Людзі прывыклі да таго, што казалася зверху. І цяпер, калі нехта прамаўляў «каталік», то само сабой мелася на ўвазе «паляк». А як жа іначай — у касцёл ходзіць, двума пальцамі хрысціцца, па-польску размаўляе, хоць, што праўда, польскасць гэтая, асабліва ў мове, далёкая ад дасканалай. Аднак жа ў касцёл хадзілі не адно палякі. Сяму-таму наогул цяжка было разабрацца, хто ён — сапраўдны паляк ці спалячаны беларус. Таму і на школу наракалі: што не вучаць там па-іхняму, не даюць развіцца беларускаму дзіцяці, зноў жа — да касцёла заахвочваюць, а то і змушаюць. А калі пабярэцца які-небудзь беларускі бядак з каталічкай, то і яго да касцёла залічваюць, і дзяцей палякамі пішуць.

Зрэшты, пра нацыянальнасць асаблівай гаворкі на хутары не заводзілі. Не гэта было вызначальным. Не прывыклі хлебадаўцы да такіх мудрых разваг. Яны з іншым звыкліся, ім зямля рупіла. Вось каб з ёй удалося саўладаць, то гэта было б найвышэйшым шчасцем, самым справядлівым спраўджаннем Божага промыслу, які прывёў чалавека на гэты свет і даў у рукі спрыт для працы на зямлі. А раз спраўляешся з гэтым, то для зямліцы няма розніцы: беларус ты ці рускі, татарын ці паляк, працуй так, каб не крыўдзіць сваю карміцельку. А калі, крый Божа, няўмека, няздатнік, то тым больш не ад нацыянальнасці гэта залежыць, а ад рук, ад умельства і жадання выявіць свой хлебасейны дар. Мо недзе ў горадзе і ўмелі звязваць пасаду і працу чалавека з яго нацыянальнай прыналежнасцю, а тут гэта было зусім непатрэбна, а часам мо і шкодна.

Тым не менш знаходзіліся і тут ахвотнікі праявіць сваю дасведчанасць, ацаніць чалавека не па яго працоўнай і гаспадарскай здатнасці, а па ягоным моўным звароце да Бога, нібыта гэта не інтымная і асабістая справа кожнага, а падсправаздачнае «ўжандовым» служкам публічнае дзейства. Таму меліся і сярод тутэйшага люду, найперш чыноўнага, тыя, хто не супраць палавіць рыбку ў каламутнай вадзе, а дзеля гэтага найперш патрабавалася тую вадзіцу замуціць.

Каму трэба, умелі падкрэсліць нацыянальную рознасць іншым чынам. І тады атрымлівалася дзіва дзіўнае. Выходзіла, што беларусы павінны пачувацца тут як бы не на сваёй роднай зямлі, нібыта часова каля палякаў прыжыліся, дадаткам да іх выглядалі. Хоць разапніся, а не дакажаш, што ты не мядзведзь. Ды мядзведзь і той сваю бярлогу і свой лес мае і на сваёй мядзведжай мове з медзведзянятамі размаўляе. А то ж людзі...

Ды нават асаднікаў, якія прыехалі на чужую зямлю, апынуліся сярод чужых людзей, начальства паважала больш, чым тутэйшых хлебасеяў. Калі сёй-той кемлівы і здатны да разваг гаспадар пачынаў кумекаць што да чаго, то амаль заўсёды заходзіў у тупік. Бо што ж гэта выходзіць?

Прыехалі адзінкі тых, хто не адно не тутэйшы, а, значыць, не мае тут сваіх каранёў, не паліваў потам гэтай зямелькі ні сам, ні ягоныя дзед з прадзедам, хто не ўмее гаварыць на мове тутэйшых гаспадароў, а часам знарок ігнаруе яе, нават здзекуецца, і яны, гэтыя адзінкі, намагаюцца ўсталяваць на г э т а й зямлі, сярод мясцовых хлебасеяў свае парадкі, зацвердзіць сваю мову, даказаць вышэйшасць сваёй веры.

Дак хіба справядліва гэта, хіба па Божых законах, што большасць павінна слухацца меншасці, падпарадкоўвацца ёй і праз гэта выракацца, адмаўляцца ад свайго? Дзе ж тая справядлівасць, пра якую не спыняюцца гаварыць розныя начальнікі, калі на справе яны сілком цягнуць беларусаў у не вядомае ім, нязвыклае — не сваё? Хіба з прымусу будзе плён? Спружына мае здольнасць сціскацца толькі да пэўнай мяжы. А пасля яна пачне выпроствацца. Сціснутая сіла можа набраць такой моцы, што не аднаму сціскальніку і прыціскальніку лоб разаб’е.