Выбрать главу

Бо не могуць зразумець мясцовыя жыхары гэткіх напорыстых дзеянняў улады, не даходзіць да іх, чаму змушаюць прызнаць сваю другаснасць? Ды і некаторыя разумныя людзі падказваюць ім, настаўляюць на шлях ісціны. Часам насенне гэтае падае на спрыяльную глебу, і тады гатова ўспыхнуць іскра, якая здольна запаліць не адно сухую салому ў гумне. У такія моманты і пачынае выпроствацца тая сціснутая спружына. Але толькі крышку, ледзь-ледзь, адным намёкам, каб пасля зноў прыняць ранейшае становішча. Бо сіла ціску яшчэ не ўраўнавалася з сілай супраціву, а сіла супраціву ніяк не можа перавысіць сілу ціску. Маладыя выпрамляльнікі не могуць пакуль саўладаць з езуіцтвам і хітрыкамі вопытных сціскальнікаў. Аднак на сподзе душы тлее той вугалёк, які грэе пякучыя думкі: дакуль яны мусяць працаваць на пана, на «ужанд»? Як бы без чужога прымусу, без прышлых асаднікаў, якія прызнаюцца ўладай адзінымі і большымі гаспадарамі за саміх тутэйшых гаспадароў, яны ўжо і жыць не здолелі б. Нібыта ім Богам наканавана араць чужую зямлю, а не цешыцца з працы на сваёй. Начальства ж разам з асаднікамі не прамінала выпадку, каб не падсмяяць няздатных беларусаў, якія не могуць нават польскай мовы засвоіць, гавораць на такой тарабаршчыне, што хоць вушы затыкай.

Але гэта палітыка ўжо, а Іван да палітыкі адносіўся насцярожана. Яго больш займаў кавалак хлеба, мара пра сваю зямлю ды Стасю, якая балючай стрэмкай засела ў душы. Варухнеш яе, стрэмку гэтую, і адразу балюча становіцца. Да таго ж не адзін Іван на Стасю вока паклаў. Бачыць, што прыхільнікаў не так яе прыгажосці, як найперш бацькавых багаццяў, шмат. Іван не хоча, каб яго таксама да ахвотнікаў Пахвалёнчыкавай зямлі залічылі, бо ў яго сур’ёзныя намеры. Не, адмаўляцца ад пасагу, калі Стасін бацька дасць надзел, ён не будзе, бо добра ведае, што такое праца на чужога гаспадара, адчуў якая твая вага, калі ты беззямельны, як бы чалавек без будучыні, быццам і пачуцці ў цябе іншыя, і кахаць ты не можаш, як усе.

Трэба і яшчэ адну праўду засведчыць, што Іван не ведае, як на гэта глядзяць Стасіны бацькі. Ды і пра сваіх нічога пэўнага сказаць не можа, не было ніякай сур’ёзнай гаворкі. Адно часам звычайныя разведвальныя жарты, на якія Іван навучыўся аджартоўвацца так, што і не зразумееш — хочацца яму каго-небудзь у бацькаву хату прывесці ці не спяшаецца яшчэ жонку выбіраць: каб не стала лішнім ротам, дадатковым едаком, які не ў хату, а з хаты носіць. Аднак сябры не адно здагадваюцца пра ягоныя намеры, некаторыя нават добра ведаюць, што падабаецца Івану Стася. Ды ў яе іншы наўме, бо не хінецца яна да Івана, не адказвае ўзаемнасцю. Ужо як ні стараўся паддобрыцца, як ні расхвальваў яе касу і красу — аж самому часам станавілася непамысна: каб такі дарослы дзяцюк ды лістом слаўся перад зялёнай дзеўчынёхай, а выніку, лічы, ніякага, як з рака смаку.

Ды гэта так толькі, проста храбрыцца Іван, харахорыцца, настаўляе чуб — як той гусак, што палохае людзей, аберагаючы сваю чараду. Бо калі б Стася паклікала, то лётам паляцеў бы, каб загадала, то мо і ўкленчыў бы перад яе прыгажосцю. І нічога тут страшнага альбо смешнага Іван не бачыць. Прыгажосць заслугоўвае на тое, каб ёю захапляліся, бераглі і шанавалі. А шацунак з розных спраў складаецца, часам нават з дробязяў.

Аднак, маўчучы, не накахаешся. І ўжо каторы раз Іван хоча падысці да Сашы Назана, але нешта ўсё замінае, як бы не пускае. Бо просьбу да яго мае нязвыклую для батрака-хлебасея. Хочацца яму, каб падказаў, як лепей пачуцці свае да Стасі выявіць. Саша ж вучаны, шмат чытае, гаворыць заўсёды складна. Быстры, пра такіх кажуць: на хаду падноскі адарве. Кніжак трохі мае ў хаце, беларускі каляндар таксама. Мо дзе што цікавае і карыснае вычытаў, хай бы падзяліўся. Але ж гэта трэба пра балячку сваю казаць, прызнавацца ў тых пачуццях, якія найперш павінен засведчыць самой дзяўчыне, а не некаму чужому. Гэта вось і спыняла Івана.

Але аднойчы Саша сам перастрэў Івана і нечакана спытаў:

— Што ты ўвесь час такі пануры? Хіба ператаміўсё на ксяндзовым полі?

Акурат тады Іван згадзіўся абрабляць зямлю нясвіжскаму ксяндзу,

у якога паўсюль былі надзелы. Быў такі і на Язаўцы. Вось нехта і падказаў, каб наняў Івана Гэтэвіча, бо працавіты, цягавіты, сапраўды гаспадарлівы і талковы — добра знаецца ў хлебасейнай справе. Не памыліўся ксёндз, але Івану клопату хапала. А ён з малых гадоў засвоіў: як ты да зямелькі, так і яна да цябе, не мог шкодзіць ёй, хай сабе і чужы гэта палетак.