Але Іван трохі астыў, на што і разлічваў Саша, без злосці ў вачах зірнуў на Сашу і прымірэнча папрасіў:
— Ладна, давай сваё вучанаё меркаваннё. Паслухаем...
— Дак вось, верш і праўда пра Стасю. Вядома, не пра тваю. Але гэта не мяняе справы. Я прапаную перапісаць і перадаць ёй.
— Хібя ты не ведаеш, што я пішу яшчэ лепей, чым чытаю, — як курыца лапай? — пакрытыкаваў сам сябе Іван і зніякавеў. — Я часам і сам не прачытаю, што накрэмзаю. А то Стася...
— Не перажывай, я перапішу. Чаго не зробіш дзеля кахання, — прамовіў Саша і адразу ж паправіўся: — Дзеля твайго кахання, не бунтуй, а то зноў загізуеш.
— А калі яна пазнае, што не я пісаў?
— Ну што ты наладзіў допыт, як поп на споведзі?
— На споведзі ты сам пра ўсё расказваеш бацюшку, — дасведчана паправіў Іван. — А як мы перадамо той верш? — нечакана выявіў прагматычны падыход. Ён і не заўважыў, што на гэты раз сам прамовіў «мы».
Саша хацеў падкузьміць яго, але перадумаў: і без таго хапіла Івану эмоцый, навошта даросламу чалавеку гэтулькі перажывання. Таму адказаў:
— Не спяшайся, яшчэ не вечар. Пераначуем, болей пачуем. Нешта прыдумаем.
— Дак хоць спярша паслухаць бы той верш, — Іван не губляў прагматызму. — Ты сёння каня павядзеш на поплаў? — спытаў і сумеўся, бо забыўся, што ў Назаноў няма каня. Саша зразумеў гэта як жарт і адказаў:
— Павяду. А як жа. Мой бык без твайго каня не наесца...
— Даруй, я не хацеў. Але ты прыходзь проста так. Паляжым на поплаве і пачытаем.
— Добра, — згадзіўся Саша.
Іван прыйшоў на поплаў першы. Спутаў каня і пусціў яго на сакавітую траву. Сам жа лёг, раскінуў рукі — хай хоць трохі цела адыдзе ад стомы. Зямля і праўда, як казала некалі Тэкля, забірае ўсе адмоўныя эмоцыі, дадае сілы. Здаравейшым становішся, паляжыш усяго паўгадзінкі — і як не было ўтомнага працоўнага дня, адвечнага клопату ад першых сонечных праменняў да цямна.
Іван зірнуў на неба. Сонца ўжо не было, скацілася за Школьны лес, мо ў мох схавалася. А небакрай яшчэ вельмі светлы, бліжэй да гарызонту нават чырвоны, як загарэлы. Толькі сям-там невялічкія хмаркі, як бы маміны карункі ці выцінанкі бабы Раіны, якая жыве разам з імі і даводзіцца роднай сястрой бацьку. Але не собіла ёй знайсці сваё сямейнае шчасце, а разам з гэтым не займела свайго ўласнага куточка. Жыве ў іхняй сям’і, але на полі працаваць не ахвочая. Больш ходзіць па хатах і даглядае дзяцей. Часам нават на цэлую вясну наймаецца да якога-небудзь багаценькага несвіжаніна альбо занятага сваёй лаўкай яўрэя са Снова. Мо там, у чужых і багатых людзей, і падгледзела баба Раіна, што са звычайнай паперы самымі звычайнымі нажніцамі можна рабіць надта прыгожыя рэчы. А называецца гэта выцінанкамі.
Каб сказаць, што іх не ведалі ў простых сялянскіх хатах, то няпраўда. У многіх на вокнах віселі выразаныя з каляровай паперы фіраначкі. Імі былі часам аздоблены берагі куфраў палічкі на кухні і розныя іншыя рэчы. Але каб ператварыць гэта ў мастацтва, то не кожнаму паддавалася такое ўмельства. Баба Раіна ўмела. У хаце Міхася Гэтэвіча іх было некалькі — сапраўдных карцін, якія мелі свае сюжэты, нагадвалі прыгожыя малюнкі прыроды.
Вось і цяпер Іван нібыта ўбачыў на небе адзін з такіх малюнкаў. Адно, што быў ён рухомы. Плыў па небе, як восенню каляровае лісце па вадзе Сержановага альбо Тамашэўскага лугу. Іван ажно заглядзеўся на гэты дзівосны малюнак і не пачуў як на поплаве з’явіўся Саша. Іван нават спалохаўся, калі той ціхенька падкраўся да яго і як не гукнуў на вуха:
— А што гэта тут за лежабок?! Каму праца надакучыла? Не, каб дзелам заняцца, дак ён бокі адлежвае! А ну падаць яго сюды, я на ім дубцы лазовыя праверу...
— Дубцамі і я магу цябе асвянціць, — у тон адказаў Іван і падняўся з травы, сеў, абхапіў рукамі калені. — Цьфу, напалохаў. Паглядзі, якія выцінанкі на небе. Як у нашай бабы Раіны.
— Ага, прыгожыя, — згадзіўся Саша і нечакана прызнаўся: — А я таксама вучуся выразаць. Толькі паперы не знайсці. А так атрымліваецца ўжо.
— Дак гэта ж не мужчынскі занятак, — здзівіўся Іван.
— А ты паспрабуй, тады і будзеш казаць.
— Не, дзякую. Я ўжо лепш чым-небудзь іншым. Мне на зямлі лягчэй узоры выразаць. Плугам, — Іван памаўчаў. — Ну што, кніжку прынёс?
— А як жа. Во яна, — дастаў Саша з запазухі невялікага фармату кніжачку і спытаў: — Будзем чытаць?
— Ну то чаго ж тады мы тут сышліся?
— Але тут такая справа, — пачаў Саша. — Тут ажно два вершы пра Стасю.
— Во-во, акурат для абедзвюх Стасяў і будзе, — пажартаваў Іван. — Для старой і для маладой. Паасобку.