— Дак ты што, намерыўсё паслаць верш і Стасінай матцы? — не адразу зразумеў Іванаў жарт Саша.
— Ага, ты скажаш. Ці мо адзін ад мяне — малой Стасі, а другі ад цябе — вялікай?
— Не, я не буду табе дарогу перабягаць, — адказаў Саша і пачаў гартаць кніжку. — Во, знайшоў. Слухай спачатку адзін. А пасля я другі прачытаю, — і Саша сеў на траву побач з Іванам. — Ты адно паслухай, як называецца: «Каханне, залатое каханне».
— А што, справядліва. Асабліва для мяне. Бо як не прыдбаю золата, так не даб’юся і кахання. Чытай.
Саша для важнасці адкашляўся і пачаў:
Каханне, залатое каханне,
Я стаю, пахіліўшы чало!
Не спаткаў я цябе пры кургане,
Не сустрэў у завейных палёх.
Ты само да мяне, маладога,
Прыгарнулася сэрцам сваім.
Усміхаліся далі, разлогі,
Усміхалася радасць у сінь.
А песні, санцавейныя песні
Разліваліся ўсплёскамі хваль.
Яны з сэрца каханне разнеслі,
Яны з сэрца памчаліся ўдаль.
Ў гэты вечар самоты не песціў,
Найшчаслівейшы быў між людзей.
Ціха зоры смяяліся ў вецці,
Я на іх задуменна глядзеў.
Разгадаць мне хацелася ўсмешку
Адной зоранькі яснай, як дзень.
Ружавела каліна на ўзмежку,
Я прыціснуў яе да грудзей.
Застануся з табою, красуня!
Я не ведаў уцехі ў жыцці.
Мне расслухаць хацелася ў шуме,
Аб чым ліст да ліста шапаціць.
Яна слоў мне тады не казала,
Толькі вусны палілі мой твар.
Не было, не было ў песні жалю,
Толькі кідала сэрца ў жар.
А што далей?.. у ветра спытайся.
Пакахаў, як ніхто, пакахаў.
Ой ты, Стася, смуглявая Стася,
Ўзгадаваў цябе Случчыны гай!
Ты расла там адна, сіратою,
Вочы карымі сталі ад рос.
Вось кахаю цябе мо за тое,
Што і сам я ў самоце ўзрос.
Саша закончыў, сціх і запытальна пазіраў у Іванаў твар.
— Нешта ёсцека. Але канцоўка нейкая дзіўная... — выказаваў сумненні Іван.
— Ты маеш рацыю, — згадзіўся Саша і трохі задумаўся. Пасля пераканана прамовіў: — А мы апошнія слупкі апусцім.
— Апусціць, вядома, можна. Але ж там, мусіць, якраз самыя добрыя словы. Прачытай яшчэ раз.
— Што? — удакладніў Саша.
— Тое, што ў канцы.
Саша прачытаў:
А што далей?.. у ветра спытайся.
Пакахаў, як ніхто, пакахаў...
— Во-во, — перапыніў яго Іван. — Гэта. Бачыш, як хораша: пакахаў, як ніхто, пакахаў... Хай ведае, што я мацней за іншых... — і не закончыў, сумеўся: нікому ніколі не казаў такіх слоў. І, відаць, не скажа. Бо лічыць, што пачуцці не ў словах выяўляюцца, а ў справах, у адносінах. — А калі апусціш апошнія слупкі, то прападзе і гэта...
Захопленыя паэтычным настроем, хлопцы забыліся і пра наваколле. Хоць азірацца ды ўглядацца ў дзівосы прыроды ім не было патрэбы: усё знаёмае, сто разоў бачанае, хоць заўсёды непаўторнае і вабнае. А што да якой-небудзь небяспекі, то адкуль яна можа тут, на бязлюддзі, узяцца?
Аказалася, дарэмна так думалі. Бо яны і не заўважылі, што за імі ўжо колькі часу назірае дзявочае вока. І не абы-хто звярнуў увагу, а сама... Стася. Яны пра яе маракуюць-гадаюць, а яна тут як тут, нібыта пачула і з’явілася на кліч.
На самай жа справе Стася ішла праз поплаў да сваёй хрэснай маткі — мама папрасіла даведацца, ці не прыйдзе памагчы масла збіць перад аўторкам, каб у Сноў на базар завезці. Бегла Стася па сцежцы між жыта — каб да прыцемкаў паспець вярнуцца, бо надвячорак бярэцца, пасля на поплаве аказалася. І спынілася ў здзіўленні — два хлопцы пра нешта ажыўлена гамоняць, час ад часу смяюцца.
«Хто гэта вечаровыя смешкі строіць?» — зацікавілася Стася. Аказалася, свае. Але што іх так развесяліла, бо нічога вакол не заўважаюць? Стася падышла так блізка, што сталі чуваць галасы. Найбольш Саша Назаноў гаворыць, а Іван Гэтэвічаў толькі зрэдку слова ўстаўляе.
Стася вельмі і не прыслухоўвалася, бо выхавана не так, матка карае, найбольш словам, калі без дай прычыны да чужой гаворкі знарок вуха прыстаўляеш. Яна і тут мо прайшла б міма, але нечакана пачула як бы сваё імя. Ва ўсякім разе нешта гаварылі пра Стасю. І яна не стрымалася, парушыла этыкет, ды і хто тут, пасярод поплава, асабліва зверне на гэта ўвагу, прыпыніла хаду, натапырыла вуха.
Хлопцы і праўда гаварылі пра Стасю.
— А што, чым кепска гучыць? — казаў Саша і цытаваў: «Пакахаў як ніхто, пакахаў. Ой ты, Стася, смуглявая Стася, узгадаваў цябе Случчыны гай!»
— Дак жа далёка мы ад Случчыны, — зноў пярэчыў Іван.
— Ну, па-першаё, не так і далёка, — не здаваўся Саша. — А, па-другоё, будзем лічыць гэта паэтычным вобразам. Затоё якія словы: «Пакахаў, як ніхто, пакахаў». Простыя, як твае ўсё адно.