Выбрать главу

— Занадта канкрэтна, — зноў не згаджаўся Іван. — Да не нашае зямлі прывязаны. Не мае гэта словы.

— Як гэта не нашае? — кіпяціўся Саша. — Хіба мы не на сваёй зямлі жывём? Ну і што, што панская? Скрозь нашая. Хоць і не нам належыць, а нашая...

Абодва памаўчалі, пазіраючы то на ўсё яшчэ палымяны ўскраек неба, то на ўцямнелы дыван разнатраўя, пазначаны ладыгамі яркіх красак.

— Або гэтыя во словы, — зноў загаварыў Саша. — «Застануся з табою, красуня! Я не ведаў уцехі ў жыцці»... Хіба дрэнна гучаць? Стася адразу ўсё зразумее.

Нечакана Стася быццам нечым папярхнулася, не стрымала кашлю. Хлопцы, як злоўленыя злодзеі, спалохана зірнулі ў яе бок. Убачылі дзяўчыну і знямелі. Іван порстка ўскочыў з зямлі. Саша таксама ўстаў і павітаўся:

— Дзень добры пекнай паненцы! А мы вось... — і невядома, што казаў бы далей, але яго перабіла Стася:

— Ага вы, вось... — яна нават не адказала на прывітанне. — Залезлі ў траву і на добрых людзей паляванне наладзілі, абгаворы. А ну кажыце, што вы тут задумалі? — падпусціла яна суровасці ў голас, бо на самай справе не ведала, пра што вялі гаворку пастухі.

Іван спыніўся, хоць і не падыходзіў.

— Дак мы не лоўчыя, — апраўдваўся Саша і нечакана прызнаўся: — Мы кніжку чыталі... Проста чыталі, праўда, — асмялеў ён ад нечакана знойдзенага апраўдання. — І натрапілі на вершы пра Стасю...

Саша змоўк і запытальна пазіраў на дзяўчыну. Яна недаверліва вадзіла вачыма то на Сашу, то на Івана.

— А што, хіба Іван ужо навучыўся чытаць? — не то са здзіўленнем, не то здзекліва спытала Стася.

— Гэта я чытаў, — патлумачыў Саша. — А Іван слухаў... А хочаш, я табе прачытаю? — нечакана нават для сябе самога спытаў Саша і заўважыў, што Стася адчула сябе менш пэўна. — Хочаш? Паслухай. Гэта кніжка Язэпа Пушчы, — паказаў вокладку. — Во, бачыш?

Стася мімаходзь зірнула, але паспела заўважыць прозвішча: праўда Пушча.

— А што, уся кніжка беларуская? — спытала.

— Ага, — пацвердзіў Саша.

Іван, які ад іхняй мірнай размовы пасмялеў, паціху вяртаўся назад. Яму было цікава, як да ўсяго гэтага паставіцца Стася. Бо момант быў самы спрыяльны, каб хацеў, то лепшага не прыдумаеш. Але і самы адказны. Калі не сёння, то ўжо, мабыць, ніколі не надарыцца такога.

— Кніжка беларуская, а ты хібя не ўмееш чытаць? — запнуўся і дадаў: — Па-беларуску?

Стася таксама адказала не адразу.

— Умею, чаму ж не. Але я наогул чытаю мала, — і адразу ж паправілася, каб не падумалі чаго благога: — Бо дзе ты дастанеш тых кніжак? Часам ксёндз дасць якую... Ды і часу не стае, клопатаў па хаце звыш галавы, — яна гаварыла ўжо зусім мірна, чаго не прамінуў скарыстаць Іван. Ён уставіў свае тры грошы і ледзь не сапсаваў абедні:

— Дак хібя ў вас больш клопату, чым у іншых? Вам жа батракі памагаюць. І адрабляльшчыкі...

Стася трохі пачырванела і выпаліла:

— І многа ты на нас батрачыў? Скажы, га?

— Ну, многа не многа, — зразумеў сваю памылку Іван, але на выручку яму прыйшоў Саша:

— Хібя пра тоё зараз ідзе? Працы заўсёды і ўсім хапае, — сказаў прымірэнча. — Мы ж пра кніжку... Дак я прачытаю? — звярнуўся да Стасі. — Добра?

Яна паціснула плечукамі.

— Тады паслухайце, — прапанаваў Саша.

— А тут ніхто не пачуе? — нечакана спытала Стася.

— А як жа. Пачуюць. Вунь конь пасецца. Пташкі, чуеш, спяваюць у траве, ды кузуркі і мошкі розныя, — адказаў Саша.

— Ну то мо ім лепш і пачытай, — трохі засердавала Стася. — Я пра другое. Сам ведаеш, што бывае за чытанне беларускіх газет і кніжак...

— Ведаю, — смела адказаў Саша. — А ты што, маеш жаданне некаму расказаць? — у ягоным голасе чуваць была не насцярожанасць, а выклік. — Дак мы ж тут усе па-беларуску гаворым, — прамовіў і паправіўся: — Калі самі з сабой. Адно з начальствам язык свой выкручваем...

— Але беражонага Бог беражэ, — разважна прамовіла Стася. — Хібя не ведаеш, што за такую храбрасць не адзін у пастарунак трапіў? І з Баяр, і з Ліпы — аднае і другое...

— Ведаю, — перабіў Саша і яшчэ больш запальчыва адказаў: — А мы што, хібя не на сваёй зямлі? Увесь час усіх будзем баяцца? Са страхам і памром? — ён бы гаварыў і далей, але Іван выразна кашлянуў, здзіўлена зірнуў на сябра: што ты, маўляў, малоціш, абяцаў верш прачытаць, а самога вунь куды панесла, як Хвілосафа. Саша раптоўна астыў, з разуменнем і непрыкметна падміргнуў Івану і адразу ж перайшоў да справы:

— А верш я хацеў прачытаць пра Стасю, — заўважыў, як зноў коса зірнуў на яго Іван, і дадаў: — Новы, не той, які мы чыталі. Бо ў Пушчы ажно тры вершы, прысвечаныя Стасі.