Іван зірнуў на Сашу яшчэ больш здзіўлена, што, відаць, азначала: «Дак ты мяне падмануў хітрэц? Казаў жа пра два. Аказваецца, ужо тры. Дак мо і чацвёрты знойдзеш? Ці мо ты сам іх пішаш, а спасылаешся на Пушчу?» Саша, не зважаючы на Івана, пачаў чытаць:
Выгляд твой маладжавы зблажэў,
Ты ўжо стала не тая, другая.
Да мяне прытуліся бліжэй,
Хоць зарніца ў палёх дагарае.
Нашто свецяцца слёзы ў вачох
І спадаюць расой каляровай?
Палажы мне чало на плячо,
Не сумуюць хай хмурыя бровы.
Нечакана цябе я сустрэў, —
Твае вусны красою палалі.
Зорны смех рассыпаўся між дрэў,
І ўсміхаліся зорамі далі.
Мы былі тады толькі адны,
Па дарозе ступалі спакойна.
Праімчаліся гэныя дні,
Праімчаліся шпаркімі коньмі.
Не вярнуць іх ніколі ўжо, — Толькі ўспомніцца часам, як неслі. Яшчэ жар не адцвіў, не пажоўк, Яшчэ будуць і казкі і песні.
Саша яшчэ чытаў, а Іван, які спадылба пільна назіраў за дзяўчынай, зразумеў: «Усё, правал. Не пад мысль гэта Стасі». Ён бы і сам не патлумачыў, чаму падумаў менавіта так, але ведаў, што не памыліўся.
Стасю знервавалі самыя першыя словы: на што намякаюць? Чаму і ад чаго яна зблажэлая? Насміхаюцца. Чым далей чытаў Саша, тым больш хмурым станавіўся Стасін твар, гаслі вочы і чырвань залівала шчокі: вунь што выдумалі, зрабілі яе закаханай і пацяшаюцца, здзекуюцца... І яна не сцярпела:
— Што вы сабе дазваляеце? — выбухнула гневам, як сапраўдная шляхцянка. — Пасмяяцца хочацца? Дак Тэклю знайдзіце. Ёй чытайце свае вершыкі. Альбо нашай карове. Яна перадойка, малака не дае, не страшна... Ці свайму быку, — гэта ўжо ў Іванаў адрас. Рэзка крутнулася і подбегам пусцілася па сцежцы. А наўздагон ёй чулася толькі Сашава і Іванава спалоханае маўчанне. Іван першы парушыў яго:
— Пайшла...
Саша намагаўся нешта казаць, каб затрымаць дзяўчыну, але Іван сумна папрасіў:
— Не трэба, хай ідзе... І ты ідзі, — і дадаў: — Паэт...
— Я ж хацеў як лепей, — апраўдваўся Саша. — Хто ж ведаў, што яна сюды прыйдзе? Ды і што я такое сказаў? — пасмялеў. — Бач, фанабэрыю сваю паказвае...
— Добра, сціхні ты... — зноў неяк сумна папрасіў Іван. Саша змоўк, а пасля нечакана згадзіўся:
— А мо і добра, што сама пачула. Не трэба будзе перапісваць.
— Добра, добра, — перабіў яго Іван. — А калі яна ў пастарунак пойдзе ці да паліцыянтаў? Што тады, га? Зноў будзе бэтаха беднаму беларусу. І ніхто не паверыць, што я не ўмею чытаць...
— Дак ты праўда спалохаўсё? — неяк здзіўлена і адначасова як бы з роздумам спытаў Саша. — Тады аперадзі яе.
— Што? — не зразумеў Іван.
— Першы збегай у пастарунак і пра ўсё раскажы. Сам. І пра мяне не забудзься...
— Што ты вярзеш? — загарэўся заўсёды нетаропкі Іван. — З глузду з’ехаў? Ці мо зусім звар’яцеў? А, зрэшты, ідзі ты, памо-очнічак...
— Куды? — не зразумеў Саша.
— Куды, куды... Сам ведаеш. К чортавай матары. А то і далей магу паслаць.
Іван сціх, адчайна махнуў рукой. Ён амаль упэўнены быў, што больш яму да Стасі не падступіцца, не зразумее яна, а то яшчэ і насміхацца пачне. А гэта для Івана самае страшнае.
«І нашто батраку нейкія там вершыкі? У яго адна кніга. Вядома якая...»
Ігрышча імкліва кацілася да завяршэння. Васілёў надворак усё больш пусцеў. А Маня была разгубленая. Яна баялася ісці дамоў адна, бо невядома, што выдумае падпіты Чэсь. Але і заставацца ўжо не было ніякай падставы.
Ды Бог не пакінуў дзяўчыну. Недзе ўжо зусім пад раніцу, калі ўскраек неба трошкі пасвятлеў ад пабліжэлага да іхняга хутара сонца, Васіль рэзнуў наастатак звыклае тут «Развітанне славянкі» альбо, як больш прывычна называлі, — маршу, звёў мяхі гармоніка і скамандаваў:
— Усё, хлопцы, хопіць. Заўтра, не, ужо сёння, — паправіўся, зірнуўшы на неба, — праца чакае. Пара па хатах. Ці мо адразу на зажынкі пойдзем? На Назанова поле. Га? Як ты? — звярнуўся ён да Мані.
Ад нечаканасці дзяўчына не ведала, што адказаць. Толькі сэрца затахкала больш спакойна: начных прыгод з Чэсем не будзе. Але нехта як бы параіў не спяшацца. Нечакана згадалася прымаўка: «Рана пташачка запела, каб яе кошачка не з’ела...»
Пакуль яна разгублена маўчала, Васіль прапанаваў:
— Пойдзем разам, па дарозе яшчэ паспяваем. Добра?
Для Мані гэта сапраўдны паратунак, яна зразумела, што для Чэся будуць непярэліўкі. Як бы ні склалася, а з Васілём бяспечна, надзейна. Калі што якое, то і сілай не слабы Васіль — рослы, шыракаплечы, як каваль-вярнідуб з вядомай казкі. Таму Маня аберуч ухапілася за гэткую прапанову: з Васілём не прападзеш.
— Ой, і мы з вамі, — папрасіліся Саня і Гэлька. — Мы таксама спяваць хочам. Добра?