Выбрать главу

А як жа — іх саміх, іхніх дзядоў і прадзедаў, а мо яшчэ і далей углыб так доўга штурхалі наперад, не дазвалялі азірацца назад, што ўсе яны не толькі мовы сваёй цураліся, але і гісторыі не ведалі, баяліся знацца са сваімі найдалёкімі продкамі, што некалі гэтую зямлю абжывалі і іхніх дзядоў на свет пусцілі. Таму не толькі на Язаўцы тутэйшыя людзі прывыклі гаварыць на мове начальства. Не, каб самі захацелі, то не скажаш — змушалі да гэтага, каралі, адвучвалі. Працяглай — не адно стагоддзе, балючай і не бяскрыўднай — дубцамі лупцавалі, у турму саджалі, нават галаву сціналі — была тая навука. Вучылі дагаджаць начальству то па-польску, то па­руску, то зноў па-польску.

Нават цяпер у школе ўсё па-польску, толькі і пачуеш іншае слова, што ад бацюшкі — яму аднаму дазволена выкладаць Закон Божы не па-польску. Але ж і не па-беларуску, а па-руску, ці мо больш дакладна — па-стараславянску. Сама школа, што ў Высокай Ліпе, мае сем класаў. Хто закончыць яе, можа працаваць настаўнікам. Але дзе там вельмі закончыш, калі восенню працы — вышэй галавы, а зімой, калі трохі вальней, адны валёнкі на ўсіх дзяцей у сям’і. Вось і даводзіцца хадзіць па чарзе. Ды яшчэ падганяе страх, што прыпаяюць штрафу, бо дзеці ад сямі да чатырнаццаці гадоў мусілі абавязкова хадзіць у школу. Польскія ўжандоўцы стараліся сачыць за гэтым пільна — грошы для казны былі патрэбныя.

У сувязі з гэтым дзіўнымі падаваліся пагалоскі, што беларусам быццам бы можна вучыцца не вышэй за чацвёрты клас. Паверыць у гэта не маглі. Як жа тады звязаць канцы з канцамі? З аднаго боку, прымус, а з другога — забарона. А калі не скончыш сямігодку, — не падасіся ў настаўнікі, у лепшым выпадку станеш дарэктарам, будзеш па хатах вучыць арыфметыцы ды чытанню такіх, як сам. І то наўрад ці здолееш прывіць дзеткам любоў да свайго, бо няма падручнікаў на роднай мове. Хіба што так, як Саша Назаноў, — за кардонам здабываць беларускія кніжкі. Але небяспечна, не кожны адважыцца, як не ўсякі пойдзе і на тое, каб дзіця ягонае чытала беларускія кніжкі, а тым больш вучылася на сваёй мове.

Адвучылі. Запалохалі.

Вось і трымаюцца гэтай звычкі хутаране. Хоць і кажуць, што воўк сабакі не баіцца, але ж звягі не любіць, ды і беражонага Бог беражэ...

Цяпер жа старыя паважна сядзелі каля сцяны. Спрацаваныя рукі, а ў найбольш пажылых — з пакручанымі і сагнутымі пальцамі, кабеты паклалі на беленькія фартухі. Бо не прыстала ім, захавальніцам традыцый і старэйшынам у родзе, хадзіць не так, як іхнія бабулі і прабабулі. Не мелі яны на гэта ніякага права. Таму і падаставалі спады спаду сваіх куфраў святочныя спадніцы, пашытыя з вытканага на ўласных кроснах ваўнянага палатна. А паўзверх іх павязалі хто проста белыя, а хто вышываныя фартухі. Ад гэтага не толькі іхнія спіны выпрасталіся, а нават маршчын на твары паменела, яркія маладыя агеньчыкі засвяціліся ў вачах. Гэткаму настрою спрыялі і звыклыя пытанні-захапленні:

— А дзе ж ты, Маня, гэдакі хвартух хавала, што ніколі не відаць было?

— Ого, глядзі, якая ў бабы Волькі спадніца — паласатая, шырокая, на дваіх хапіла б. А яна адна ў ёй красуецца. І праўда, як кветка.

— А бабу Раіну і зусім не пазнаць. Як у будзень, то ў адной рвані ходзіць. А тут вунь як выфранцілася. Хоць ты пасватайся да яе.

Кабеты паселі поруч са сваімі альбо суседскімі мужчынамі і паціху гаманілі па-свойму, пазіраючы на танцораў, а заадно не праміналі ацаніць маладых, абгаварыць, хто што апрануў, у каго якія здатнасці да танцаў ды хто каго звыш меры да сябе прыціскае.

Здаралася, мужчыны, якія нямала патапталі поля на гэтым свеце, згадвалі сваю незваротна збеглую маладосць, незабыўны час ігрышчаў, і тады з грудзей вырываўся ўздых шкадавання і надзеі, а ногі самі прасіліся ў рух. Раўняцца з юнакамі яны, вядома, не маглі, бо ў іхнія гады якія ўжо скокі. Так ва ўсякім выпадку здавалася моладзі. Але сярод старэйшых былі не толькі нямоглыя. Сёй-той яшчэ так польку адаб’е, што не кожны малады патрафіць. Васіль жа мог і «лысага» зайграць, і вальс з падыспанню. Сёйтой нават на кракавяка адважваўся, бо для старэчых ног ды спінаў гэта найбольшае выпрабаванне.