— «Ну, калі панна Паўлінка так пекна просіць...» — Васіль здзівіў усіх сваім веданнем п’есы Янкі Купалы.
Адно да Чэся, відаць, не дайшло, не зразумеў ён што да чаго, бо няўцямна спытаў:
— Якая Паўлінка? Якія песні? Маня ж са мной пойдзе. Абяцала... — дадаў не надта пэўна.
Не паспела Маня нічога адказаць, як нехта з хлопцаў спытаў:
— А ты хадзіць умееш?
Чэсь не зразумеў падначкі і ганарыста адказаў:
— А то!
— Ну вось і ідзі...
— Куды? — Чэсь ці то прытвараўся, бо звычайна яго востры розум імгненна рэагаваў на любую насмешку, ці то знарок цягнуў час.
— Проста ідзі. Прама, значыцца. Нікуды не зварочваючы, увесь час проста... Аж пакамісь не трапіш к чортавай матары, — прамовіў хлопец, і смех заглушыў Чэсева абурэнне.
Аднак для фарсістага Чэся гэта было крыўднай абразай, а абразы ён звычайна не дараваў нікому.
— Ты не вельмі выскаляйся, я з Маняй гавару. З табой пасля разбяруся. Мы ж разам пойдзем. Праўда, Маня, га? Маня, чуеш?..
— Маня, дзе ты дзелася? А-вой, мусіць заснула там? — чуўся гучны голас маці. — Выходзь са свайго зацішку, дождж перастаў... Маня, чуеш?
Маня спалохана крыкнула:
— Га? Што? — а сама яшчэ не зразумела, хто яе кліча і каму яна адказвае.
Але хуценька ачомалася і порстка выпырхнула са снапоў на намоклае
іржышча. Толькі з закранутых каласоў капелюша на мыдлі пасыпаліся спорыя кроплі. Абцягнула трохі намоклую сукенку, якая прыліпала да цела, міжволі зірнула на грудзі — згадала Сашыны словы пра цыцкі і жніво і турзанула за сукенку насупраць двух грушак, што, здавалася, пабольшалі за гэты дзень. Зрабіла гэтак і ажно сумелася, пачырванела: ці не заўважыў бацька, брыдка будзе, калі кінецца ў вока Манін клопат. На шчасце, тата кешкаўся з возам, збіраўся ехаць дахаты.
— Я тут, мама, — гучна прамовіла Маня, каб заглушыць уласную няёмкасць. — А што — рабіць будзем? Усё ж такоё мокраё.
— Нічога не будзем рабіць, — як бы загадаў бацька. — Дахаты паедзем, у гумне снапы яшчэ паспеем злажыць.
Ехалі па палявой дарозе. Калёсы праціскалі раскіслую зямлю да сухога, наматвалі гэтую балабэху разам з зеллем і жытнімі сцяблінамі на восі, на спіцы, сям-там, калі траплялі ў лужыну, з-пад калёснага акуцця ляцелі пырскі ажно на воз, дзе між драбінамі сядзелі падмоклыя гаспадары гэтага поля.
Вялікі дождж прайшоў бокам, іх толькі краем зачапіў. Вунь і неба пачынае праясняцца, праз хмары прабіваецца сонечнае праменне, робіць празрыстымі і бліскучымі кропелькі на каласах — нібыта брыльянтавым становіцца збожжа. А сонца яшчэ і качаргой не дастанеш, яшчэ на таку ў гумне і праўда шмат зрабіць можна.
Маня моўчкі пазірала на абмыты дажджом лапушысты бульбоўнік, які свяціўся густым зялёным колерам, месцамі здаваўся ажно сіняватым, над ім яшчэ сям-там бялелі кветкі — не да канца адцвіла бульба. Яе змянялі палосы льну, пасевы пшаніцы, аўса, ячменю — усё тое, што патрэбна сельскаму гаспадару для свайго спажывання і для продажу ў горадзе дзеля жывога граша, расло на полі. І ўсё патрабавала да сябе своечасовай і пільнай увагі, сапраўднай павагі, паклону і майстэрства, мазаля і поту. Іначай не будзе плёну, не дасца ў рукі жаданы вынік.
Гэта яна разумела з малых гадоў. Што праўда, не адна яна. Кожны, хто нарадзіўся на зямлі, мо з малаком маці ўсмоктваў найперш разуменне сваёй сельскай прыналежнасці, неабходнасці аддаваць зямельцы ўсе свае сілы, быць дбайным гаспадаром усяго, што мае і дае прырода.
А той, каго ахінула сваім непаўторным водарам, атуліла небывалым прасторам хутарское жыццё, адчуваў да зямлі асаблівае пачуццё, узмоцненае адкрытым супрацьстаяннем прыроды і чалавека, калі ты твар у твар, вочы ў вочы з прыродай, са стыхіяй, адзін на адзін з яе праявамі ваяўнічасці і нават агрэсіўнасці. Спрадвечная барацьба чалавека і абставін, у якіх ён жыве, жаданне змяніць іх, палепшыць, апанаваць, дабіцца, каб сабе стала лягчэй, каб дзецям было лепш, каб унукі з праўнукамі не гаравалі ад бясхлебіцы, а калі больш агульна, то каб усім не забракла хлеба надзённага.
Маня ўздыхнула і зірнула на бацькоў, якія мо дачасна і старэлі ад зазнанай долі. Яны пра нешта ціха гаварылі — гаспадарскія клопаты не адпускаюць ніколі, заўсёды патрабуюць не толькі руплівай працы, але і дамовы, згоды — дзе, калі, што і як рабіць, каб лепшы плён, каб менш выдаткаў і страт. Для селяніна кожны набытак важны, кожны грошык да справы.
Вось і шчыравалі з году ў год, з пакалення ў пакаленне, ад дзеда да бацькі, ад бацькі да сына, перадаючы да бліскучасці адшліфаваныя намазоленымі рукамі ручкі плуга, касу ды граблі. І хоць часам скардзіліся на беднасць і скупасць зямлі, бедавалі, што цяжка яе абрабляць, што выціскае яна ўсе сілы і высмоктвае з чалавека ўсе сокі, ды ніхто самахоць ад зямлі не адмаўляўся. Кожны разумеў, што адно зямля і адна яна ўратуе, дасць спажыву на сёння і на заўтра, дапаможа жыць альбо хоць бы выжыць, а без яе — хоць у палонку. Той, хто чуў Сашава чытанне Коласа, цалкам згаджаўся з тым невядомым, але праніклівым паэтам, які так добра пра зямлю сказаў. Бедавалі, што мала зямлі, няма дзе ні самому разгарнуцца, ні дзяцей на ногі паставіць, а калі пажэняцца ці замуж павыходзяць, то няма з чаго надзел даць, каб з руплівасці свае хлеб здабывалі.