Выбрать главу

Таму адно збавенне — мець зямлю. Пра гэта хораша Колас сказаў. Нездарма ўсё ж коласам называецца, добрыя зярняткі выспельвае. Бацька ад Сашы ўжо сёе-тое запомніў, хоць ніколі нікому не прызнаваўся: засмяюць, скажуць здурнеў чалавеча. Міхась ажно лоб зморшчыў, прыпамінаючы Коласавы словы пра зямлю. Яны найбольш запалі ў душу, нешта там абуджалі, да нечага клікалі. Згадваў іх, і як бы знаходзіў апірышча ў скрутных сітуацыях, нібыта дужэў і здаравеў. От жа знайшоў Колас чым праняць селяніна, здолеў адчуць найпякучую балячку хлебасея, зразумеў ягоную беднасць і бядоту.

А дзе ж той выхад? дзе збавенне

З няволі цяжкай, з паланення?

Адзін ён ёсць: зямля, зямля,

Свой пэўны кут, свая ралля:

То — наймацнейшая аснова

І жыцця першая ўмова.

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй айчыне...

О, так, зямля — аснова і для гаспадара, і для дзяцей. Толькі дзе ж яе ўзяць, от у чым штука. Не сказаў паэт, адно яшчэ больш разверадзіў даўнюю рану, разварушыў прысак крыўды. Бо ў любога гаспадара адзін і той жа спрадвечны ад прадзедаў клопат: дзе ўзяць зямлі, каб дзяцей сваіх надзяліць? Без яе ты ніхто — пылінка, якую лёс дзеля кавалка хлеба закіне немаведама куды.

І ехалі — у белы свет, як у капейку. Шукалі недзе нечага лепшага, нібыта чужое можа быць лепшым за сваё. Але што зробіш, калі свайго не хапала. Вось і клікала шчыравальнікаў далёкая чужая зямля — ажно за морам-акіянам, якога ніхто з тутэйшых і ў вочы ніколі не бачыў, дзе патрабаваліся працавітыя рукі ды разумная галава, каб не згібець бясхлебным на чужыне, каб памнажаць багацце нейкага невядомага заморскага гаспадара, які ўжо тым карысны, што дае працу, а за яе неблагія па тутэйшых мерках грошы.

З’язджалі лепшыя, мо самыя ўвішныя ды гаспадарлівыя, хто ўмеў круціцца ў любых абставінах, у такіх шанец здабыць капейку быў большы. І не адно з хутара, а і з суседніх вёсак падаваліся ў белы свет. Згаворваліся, збіраліся разам і ехалі. Пакідалі на слабейшыя рукі тутэйшыя палі, лугі, паплавы. Вярталіся не ўсе, а калі каму ўдавалася сабраць за морам сякі-такі скарб і прывезці яго сюды, то набываў за яго найперш добры гаспадарскі інвентар, будаваў новую стайню, кароўнік альбо гумно. І праз тое багацела тутэйшая зямля, больш выніковай станавілася сялянская праца. Але нават у страшным сне не мог сасніць такі гаспадар, якія беды і нягоды чакаюць яго неўзабаве праз гэтую зямлю і лепшы за іншых інвентар, праз сваю рупнасць і гаспадарлівасць, не паверыў бы нават бацьку роднаму, што за ўласны хоць нейкі дабрабыт, за нажытае пякучым потам і крывавым мазалём, можа апынуцца там, куды і думкай не сягаў, альбо зусім пазбавіцца жыцця...

Але пабагацелым таксама патрэбна больш поля, каб было дзе разгарнуцца — пасевы з розумам чаргаваць, новую агратэхніку, падгледжаную за мяжой, скарыстаць. Часам удавалася прыкупіць зямлі ў пана. Але найчасцей мусілі прадаваць яе альбо здаваць у арэнду былыя паплечнікі па няшчасці, якіх іхнія надзелы не маглі пракарміць. І не адно добры палетак, а і няўдобіцу куплялі, бо руплівыя рукі могуць усё ў парадак прывесці. Што праўда, ад гэтага багацелі не надоўга, не надта выбаўляліся з гаротнасці. Многім і да таго жылося надгаладзь, а пасля наогул існавалі ўпрогаладзь.

Мо таму і даглядалі кожную магулінку лесу, поля, луга, поплава, нават балота, пеставалі зямлю як немаўля, як малое дзіця, абы давала яна скібку хлеба надзённага, без якога ні жыць немагчыма, ні з бяды выбавіцца. І горкімі слязамі плакалі, не саромеліся гэтага нават мужыкі, калі град паб’е, альбо навальніца пакладзе, ці мароз пашкодзіць пасевы, калі змарнееюць людскія высілкі. Гора тады невымернае — хоць чапляй на плечы кайстру ды ў свет выпраўляйся пабірацца-жабраваць. Адно толькі заставалася даступным, бясплатным і навечным для кожнага — маленькі грудок на могілках. Ды і то Язавец не меў сваіх, хаваць вазілі цераз шашу-брукаванку, што з Нясвіжа на Баранавічы, — на Доўкіндскія могілкі, дзе ўсё большала і большала вялікіх і малых крыжоў.