— Ага, праўду кажаш, — паддакнуў іншы. — Чалавек ад сэрца свайго залежыць, а не ад пасады ці багацця.
— Але ж панскаё сэрца мо і стукае іначай, па-панску пагардліва, — як бы не згаджаецца сам з сабою першы.
— Гэта ты ад злосці на пана кажаш, — пярэчыць другі. — Што сам бедны, а пан не хоча памагаць. Бо ведае, што не на карысць яго помач табе будзе, прашманаеш, як і ўсё іншаё...
І ўжо гатова ўспыхнуць не абы-якая спрэчка, бо няма горш, як некага пры людзях зганіць, зганьбіць. Але тут рашуча ўмешваецца Валодзік Хвілосаф:
— Ды сціхніце вы. Схадзіце да галавы па розум. А вы, дзед, гаварыце далей. Што рабіць нам раіце — паноў біць ці шанаваць? — як бы падрахоўвае Валодзік.
— А мае вы гал_убкі і галубкг! Ці ж я вам такоё казаў? — супраціўляецца дзед Мацейка. — Мо ў вашых вушах козы начавалі і свайго «дабра» туды наклалі? Я ж казаў, каб былі ўсе разам, грамадою. Каб не аднаму са сваёю бядою кешкацца.
— Дак ты, дзед, мо таксама камуністы? Як Хвілосаф? — пытаецца Ясь Гэтэвіч. — Бо гаворыш, як бальшавікі з тае Беларусі. Гэта там яны гамузам працуюць. Усе разам. Пааддавалі сваё, спрадвеку дзядамі нажытаё, павыганялі паноў і цешацца. У гульні гуляюць. Камунамі гэта паназывалі. А пасля калхозамі. Панскаё багаццё між сабой падзялілі. Толькі невядома, ці ўсе ад гэтага аднолькава багатымі сталі? Ці мо ўсе ў беднасці зраўняліся? Але калі так, то чаго было паноў скідаць? Каб усім яшчэ больш збяднець? Ды і нашто ў беднасці раўняцца? А ты, дзед, пра гурт, пра з’яднанасць... Дак мо ты нас туды клічаш, у калхоз? — сёй-той са слухачоў з’едліва хіхікнуў. — Каб сваё аддаць? Не, дзякуем, неяк перагораем і без гэтага...
— А мае вы гал_убкі і галубкг! Дак у вас, мусіць, не адно козы, а і каровы ў вушах стаялі, добрых ляпёшак панакладалі. А ў галаве скразняк гуляе. Бо ўсе мазгі замарозіў. Ці мо выветрыў? Я пра тых камуністых ад вас адно і чую. А каб людзі самі па сабе, па сваёй ахвоце ад дабра свайго паадмаўляліся, то не для майго гэта старэчага розуму. Ага. Я кажу пра тоё, каб розуму ў кожнага пабольшала, разумнасці дадалосё і разважнасці. Бо на гарачых д’яблы смалу ў пекле возяць. Ага. А людзям жа ад няроўнасці ды нястачы збавіцца трэба... На гэтым свеце. Праўда? — пытаўся Мацейка, ні да кога канкрэтна не звяртаючыся.
— Праўда то праўда, — чухае патыліцу Ясь. — Але ты, дзед, адно загадкамі сыплеш. А ад іх жывот не паўнее.
— Дак покуль вы, мае вы гал_убкі і галубкг, адно пра жывот думаць будзеце, то доўга так мае быць. Ага, доўга, — казаў Мацейка і нечакана прасіў: — Але выбачайце вы мне старому. Саўсім забыўсё, а мне ж курэй пакарміць трэба. Ага. Я пайшоў...
Хітраваў стары, але хто яго змусіць? І да чаго? Не цудатворац жа ён, каб іншых з бяды выбавіць, не можа, каб адным боханам усіх галодных накарміць...
Адыходзіцца і Ясь, наастатак зноў згадваючы Сашава чытанне Коласа:
Купіць зямлі, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут...
Нетаропка цягне воз бык, нягучна гамоняць Маніны бацькі, час ад часу ўздыхаюць, нехта галавой закруціць ад цяжкіх дум, а Мані зноў набег на памяць той апошні танцавальны вечар. Дакладней, яго заканчэнне.
Тады яны пайшлі з танцаў разам з Васілём. Далучыліся Гэлька Юрашова, Саня Кандратукова з братам Генікам, які меншы за яе, і яшчэ нехта з падлеткаў, чалавек шэсць набралася. Вырашылі развесці па хатах усіх — каб русалка не перастрэла, выскачыўшы няўзнак з жыта альбо з Сержановага лугу, і не напалохала, як пажартаваў нехта. Лугам тут называлі не высахлую бязводную балацявіну, зарослую травой, а вадаём, дзе вада стаяла і марознай зімой, і самым гарачым летам, бо ўтвараўся луг, відаць, на месцы крыніц. Два іх было на Язаўцы. Невялікі Сержаноў, дзе толькі кусты асакі зелянелі ў цэнтры, і значна большы Ткачоў, а па тутэйшых мерках дык надта вялікі, бо адно вадзяное люстра мела са сто метраў у дыяметры. Быў ён моцна зарослы кустамі, травой і мохам, і зараснікі гэтыя былі мо ў дзесяць разоў большыя за вадзяное вока. Глыбіню ж меў неверагодную, проста бяздонны, як сведчылі самыя адчайныя плыўцы, што не раз спрабавалі дасягнуць дна.
Вось да яго і вырашылі прашпацыраваць не ахвочыя да сну хлопцы з дзяўчатамі.
Васіль ціха найграваў на гармоніку, дзяўчаты пакуль што маўчалі. Адно падлеткі гілелі, не маглі супакоіцца, ці мо радыя былі, што далучыліся да дарослай кампаніі.
На вуліцы шарэла. Неба там, дзе павінна з’явіцца сонца, як бы трошкі пасвятлела. Не надта каб прыкметна, але пераканацца, што адтуль выкаціцца на неба дзённае свяціла, можна. Быў акурат той перадсвітанкавы час, калі ўсё навокал нязвыкла заціхае, нібы адыходзіць на спачын. А цішыня такая чуйная, што, здаецца, чуваць рыпенне зорак на высокім небе, якія збіраюцца на дзённы спачын. Адно з лугу даносяцца галасы жабак. Яны, як тыя пявунні на Васілёвым надворку, толькі што на ўвесь голас даказвалі сусвету, хто тут самы галоўны і самы галасісты, нават не раўня салаўям, якія звечара і пад раніцу спяваюць-заходзяцца ў лугавым зарасніку, а цяпер вось жабкі патаміліся, прыціхлі. Але і на каліва не сумняваюцца, што іхні жабоцькаў хор мацнейшы і больш дружны — калі зладжана возьмуцца за справу, то могуць любога аглушальна пераканаць у гэтым. Цяпер яны адно лена перамаўляюцца, каб не падумалі, што дачасна паддаліся адпачынку.