Не вельмі ахвота размаўляць і людзям. Таксама натаміліся, наскакаліся, напяяліся, а цяпер у ахвотку слухаюць згукі начной цішыні. І так прыемна, так гожа, так ладна на душы, што нічога казаць не хочацца. Усё зразумела і без слоў. Ідуць, пазіраюць то на неба, то на прыцемненую ў месяцавым святле спалавелую збажыну, то на выразны на святлейшым нябесным фоне абрыс Школьнага лесу, то на пакрытую буйнай расой траву каля палявой дарогі і на ёй самой — адно каляіны, выбітыя коламі вазоў, пясчана святлеюць між лісця бабкі. Кроплі расы яшчэ не вылушчыліся з паўзмроку, яны толькі ўгадваюцца. Але міне невялічкі адрэзак часу, і кожная кропелька пачне з усёй сілы лавіць першыя пасылы сонечнага прасвятлення. І разам з імі стане святлець сама, нібыта налівацца ўнутранай сілай, магутнасцю і святлом.
Чым сонца бліжэй да небакраю, тым больш выразнай стане кожная пацерачка расы, нават самая драбнюткая. І будзе яна цягнуцца ўгору, увышкі, падымацца па сцяблінцы да самага яе беражка, да саменькай высокай пікі — каб першай убачыць сонейка. І заірдзецца, заіскрыцца, заззяць усёй сваёй прыгажосцю. Як бы не разумее ў гэтым апантаным намаганні, што яе імкненне да святла, да неба, да сонца — гэта яе смерць. Бо выгляне сонейка, запаліць ззяннем расы травяны дыван, пасерабрыць яго, нацешыцца само з гэткага непаўторнага цуду і выцалуе, як маці дзіцятка, усе да адной кропелькі.
А на іх месца заўтрашняй ноччу шчодра выкацяцца на мураву, на травінкі і сцяблінкі новыя вадзяныя пацеркі, каб цэлую ночку цешыцца зямным жыццём, радаваць чалавечае вока, а пасля соладка пацалавацца з сонцам і зноў знікнуць, растварыцца, выпарыцца...
Маня, якая не баялася халоднай расы, першая зняла свае чаравікі, звязала шнуркі, перакінула праз плячо і смела ступіла на траву: мерылася абмыць расой стомленыя ногі. Падлеткі, якія ашываліся тут, нічым не замінаючы, — бо і без таго хапала цікавостак, якімі можна будзе павыхваляцца перад іншымі, ажно плечукамі сцепанулі, нібыта і ім стала холадна. Ішла нетаропка, пасля рушыла смялей і паклікала:
— Хто не баіцца, хадзеця за мной. Папробуйця, не пашкадуяця.
Але раса бліскала так металёва холадна, што ахвотнікаў не знаходзілася.
— Эх вы, а яшчэ храбрымі хочаце быць, — папікнула ўсіх чохам, хоць ніхто і не адмаўляўся, але і не выказваў храбрасці. — Не бойцеся. Паздаравеяця. Вы думаеце, чаму я не стамілася на танцах? Бо штодня па расе хаджу. А гэта ж Божае акрапленне нашай грэшнай зямлі святой вадой, як акрапляюць вярбу ў царкве на Вербную нядзелю альбо свенцяць спажыву на Вялікдзень. Гэта Бозенька перад жнівом акрапляе каласы, каб зернейкі моцы і дужасці набраліся. Каб хлеб наш надзённы смачным і наедным быў...
— Ну, Маня, ты, як Валодзік Хвілосаф, — суняў яе красамоўе Васіль. — Проста мне няма куды боты дзець, бо гармонік у руках...
— Дак дайце нам, дзядзечка, — пачулася адразу некалькі хлапечых галасоў.
І было не зразумець, просяць падлеткі аддаць ім гармонік альбо боты. Васіль зняў з плячэй гармонік, і да гарманістага адразу ж падскочылі два хлапчукі.
— На, Міця, — звярнуўся Васіль да Дарашчэнкавага хлопца, — і дапамог яму нацягнуць на плечы рамяні, падкараціўшы іх, каб не звальваліся з худзенькіх плечукоў.
Сам жа, ставячы пятку аднаго бота на насок другога, а пасля другі на пальцы голай нагі і дзеля раўнавагі расстаўляючы ўбакі рукі, разуўся, упхнуў анучы ў халявы, дастаў вяровачку, звязаў і хацеў перакінуць боты праз плячо. Але тут падскочыў Генік Сіневічаў:
— Дайце мне, — папрасіў. — Я панясу. А пасля мы з Міцем памяняямсё.
Васіль хітравата зірнуў на Геніка і згадзіўся. Аддаў боты, падцягнуў
вышэй, як толькі мог, калошы галіфэ, знарок гучна жахнуўся, як бы ныраючы ў лугавую вадзяную глыбіню, і з падскокам — высока падымаючы босыя ногі, ступіў на густаросную траву. Крахтануў ад задавальнення і пайшоў побач з Маняй.
Палявая сцежка-дарога вілася паміж жытоў, што спалавелым дываном атулялі боханы невялікіх пагоркаў. Зверху на сцежку звісалі доўгія, набрынялыя буйнымі зярняткамі каласы. Жыта было высокае, у ім спакойна маглі схавацца не адно хлопцы-падлеткі. Сям-там каля дарогі сінелі высокія і разгалістыя — ажно па некалькі сцяблін — валошкі. Паколькі сцежка віхляла ва ўсе бакі, то што там наперадзе, не было відно. Але пра набліжэнне да Ткачовага лугу здагадаліся ўсе — з-за чарговай павароткі моцна пацягнула вільгаццю і халадком.