— Блізка луг, — як бы папярэдзіў Генік.
— Прыйдзем туды, а там на беразе вершнікі, — дадаў Міця, які ўжо нёс гармонік, нібыта згадваючы страшнаватую показку альбо з жадання напалохаць сяброў. — Нас чакаюць...
— Гэта ты пра легенду ўспомніў? — адгадала ягоныя думкі Гэлька.
— Пра якую? — спытаў Васіль, хоць кожны хутаранін не раз чуў гэты расповед ад сваёй маткі альбо дзеда. Але заўсёды цікава яшчэ раз паслухаць пра таямнічае і загадкавае, а то і напалохаць якога-небудзь баязліўца.
— Пра Ткачова, які ў лузе ўтапіўсё, — патлумачыла Гэлька.
— Не згадвай, нанач гледзячы, — папярэдзіў Генік.
— Якая табе ноч? — здзівілася Гэлька. — Сонца хутка нос высушыць.
— А я і не смаркаты, — жвава адпарыраваў Генік.
— А я і не пра цябе кажу, — прамовіла Гэлька і дадала: — Мне пра таго салдата баба мая расказвала...
Было тое падчас нейкай вайны. Якой дакладна, то й згадаць цяжка, бо шмат іх праз усе часы пляжыла нашу зямлю. Адно вядома, што гарачым летам уцякаў вораг ад мацнейшага войска гаспадароў гэтых палеткаў. На сваім шляху нішчыў і паліў хаты, рабаваў жыхароў, вязаў іх вяроўкамі і гнаў у палон. Дым, плач і стогн стаялі навокал, падымаліся да самага сонца, атуляючы яго самотнай жалобай. Ды раптам нечага спалохаліся заваёўнікі, кінулі нарабаванае багацце, пакінулі звязаных людзей. Аказалася, наўздагон за імі ехала коннае гаспадарскае войска. Не да крадзенага стала ворагу, тут бы жыццё ўласнае ўратаваць.
А вершнікі ўжо недалёка. Лятуць разгарачаныя коні — бо лета, мала, што сонца смаліць, дык і паход-пагоня імпэту дадае. Помстай ахоплены твары, блішчаць на сонцы коп’і і шаблі, вынутыя з похваў. За зямлю родную, за люд тутэйшы жыццём сваім гатовы ахвяраваць. Убачылі воі луг, скіравалі да вады. Каб коней напаіць, самім прыгаршчы жывой вады на спацелы твар кінуць. Спешыліся, абмыліся, напіліся і далей паехалі. Спяшаюцца ворага лютага за межы сваіх надзелаў выкінуць, енцаў вызваліць.
Ціха стала над лугам. Адно пах конскага поту трымаецца ля вады.
Ды тут раптам пачуўся тупат капытоў. З усёй моцы нясецца да лугу адзінокі вершнік. Відаць, адстаў ад сваіх, а цяпер вось даганяе. Чуйны конь па паху знаходзіць дарогу.
А з-над лугу, недзе з кустоў чуецца дзіўны голас, які нараспеў і гучна, ажно рэха разносіцца над вадой, прамаўляе:
— Прыйшоў час, а няма...
Нічога не пачуў вершнік, а конь з усёй сілы да вады імкнецца. Не стрымлівае яго гаспадар, хай нап’ецца.
І другі раз голас той самы:
— Прыйшоў час, а няма...
Пачуў вершнік чужы голас, насцярожыўся: мо вораг побач? Азірнуўся вакол — нікога. Падалося, падумаў. Адпусціў павады, хай конь да вады дападзе, смагу прагоніць.
І трэці раз чуецца аднекуль з-над лугу, як бы роспачна і адначасна поклічна:
— Прыйшоў час, а няма...
Дапяў конь да вады, апусціў галаву, бакі аж ходырам ходзяць, з крыжа пара валіць. А вершнік не спешваецца — каб сваіх хутчэй дагнаць. Хлёбча конь напоўніцу, наперад у ваду ступае, дзе чысцейшая, не збоўтаная капытамі.
І не заўважыў вершнік, як конь моцна схіліўся, ногі на слізкім дне пакаўзнуліся і пачаў ён усё глыбей у ваду апускацца. Адчуў, відаць, небяспеку, заднімі нагамі ўпіраецца, галаву ўгару задзёр, затрымацца намагаецца. На ўсё цела выструніўся, ды не трымаюць пярэднія ногі, усё больш у вадзе хаваюцца. Вершнік нацягвае павады, хоча хоць нейкім чынам памагчы каню. Але марна. Вось ужо і ў самога ногі ў вадзе апынуліся.
Страх апанаваў абодвух. Намерыўся воін саскочыць з каня, ахвяраваўшы ім дзеля ўласнага жыцця, ды позна. Адарваліся ад зямлі заднія ногі каня, апошні раз бліснулі ў паветры падковы, і кульнуўся ён разам з седаком проста ў глыбіню глыбокую. Адно цяжкі ўздых вырваўся з вады, з кустоў пачулася жаласнае вохканне ды бурбалкі доўга булькалі на паверхні.
А над вадой, здаецца, застыла конскае развітальна-трывожнае ржанне.
Не стала ні каня, ні вершніка. Кажуць, вярнуліся пасля сябры баявыя. У ваду апускаліся, доўга шукалі, але нікога не знайшлі... Мо пад самыя кусты паднырнулі абодва.
А з тае пары луг Ткачовым назвалі. Бо прозвішча вершніка Ткачоў было...
Такая вось показка-легенда, а мо і праўда — бо скуль жа тады назва за лугам засталася? — жыве сярод людзей і колькі ўжо гадоў перадаецца ад аднаго пакалення другому. І кожнае намагаецца вытлумачыць пачутае па-свойму. Адны лічаць, што выдумка гэта, байка. Іншыя не згаджаюцца — якая байка, калі глыбіня ў лузе і сапраўды бяздонная...