Паслухалі яны яшчэ раз знаёмую показку і прыціхлі, як бы раздумваючы пра вайсковы лёс. Некаторыя скіравалі позіркі ўбок лугу. Пазіраюць, маўчаць. Кожны думае пра сваё.
— Цікава, а хто клікаў таго салдата? — парушыла маўчанне Маня, хоць і яна сама, і іншыя не раз чулі адказ. — Няўжо і праўда лёс ягоны?
— Ну то хто ж яшчэ? — пытаннем на пытанне адказвае Гэлька. — Так было яму на раду напісана — загінуць у гэтую хвіліну, у гэтым месцы і менавіта гэткім чынам. Ды недзе, мусіць, затрымаўсё чалавек. А лёс яго і клікаў, гаворачы: «Прыйшоў час, а няма...»
— А што, і нас лёс таксама падпільноўвае? — задае чарговае пытанне Маня. — Назірае за намі?
— Вядома, — пераканана кажа Г элька. — Лёс такі магутны, што ён усё можа. А калі пачнеш яму супраціўляцца, то можа пакараць. Адвернецца ад цябе, і тады адно злыдні будуць круціцца побач, д’яблы пачнуць спакушаць...
— А калі пад куст схавацца? — падае голас Міця. — Каб не бачна было... Каб міма прайшоў нядобры лёс... І каб злыдні не бачылі.
— Схаваешся, а тады і добры лёс міма пройдзе, — разважна, па-сталаму паправіў Міцю Генік. — І не станеш ты тады гарманістым... — як найгоршае пакаранне выказаў ён меркаванне, чым моцна напалохаў сябра, бо шмат хто з хутарскіх падлеткаў, захоплены музыкай Васіля Пулікоўскага, проста трымцеў, каб і самому навучыцца.
«Цікава, а ці дасць мне шанец мой лёс спаткацца на жыццёвай дарозе з Петрыкам? — падумалася Мані. — Ці не развядзе нас?» — яна цяжка ўздыхнула, зірнула на бліскучую расу, якая заўсёды цешыла яе і супакойвала.
— Глядзіце, во сляды на траве, — нечакана гучна прамовіла Маня, калі выйшлі на лугавы поплаў.
Усе насцярожана спыніліся, пераглянуліся. Кожны, відаць, падумаў пра адно і тое ж: няўжо даўнейшыя воі? Ці мо здані іхнія? Але ж след толькі адзін. Не, вунь з другога боку сцежкі яшчэ адзін, але ішлі, відаць, два чалавекі, бо раса збіта шырока.
— Няўжо нечы лёс некага падпільноўвае? — знарок гучна, каб заглушыць уласны страх, прамовіў Міця.
— Дак сляды ж два, — паправіў яго Генік.
— Значыць, або два лёсы спаркаваліся, — у тон ім прамовіла Маня, хоць у самой таксама з’явілася незразумелая трывога, — або два злыдні пайшлі тапіцца...
— Лепей, каб злыдні, — падтрымаў яе Генік, але на яго злосна шыкнуў Міця:
— Ты што? Звар’яцеў?
— А што? Я пра тоё, каб патапіліся злыдні і застаўся адзін добры лёс, — улакладніў Генік.
— А-а-а-а, — нібыта згадзіўся Міця, але яго нечакана перапыніла Саня Кандратукова:
— Ой, дзяўчаткі, — хоць дзяўчатак тых было ўсяго тры разам з Маняй ды Гэлькай, — глядзі-іце... — і яна паказала рукой убок лугу. Там, над вадой і блізкім да яе берагам, вісеў белы і рэдкі туман. Хоць яшчэ і рана для яго, не час — яшчэ і жаць не пачыналі, але над лугам плыло нейкае чароўнае мроіва, быццам вялікія гусіныя пёркі, што надавала гэтай перадсвітальнай пары асаблівую таямнічасць і загадкавасць. Усе пазіралі на луг.
— А вунь і конь... нечы, — не верачы самому, сабе прамовіў Міця.
— Ага, і коннік на ім, — паддакнуў Генік, проста так, каб падтрымаць Міцю, які, лічыў ён, жартуе, бо сам Генік каня яшчэ не бачыў.
— Ціха ты, жартаўнік, — спыніла яго Саня. — Хібя не бачыш? Вунь і праўда конь... І шавеліцца — шаволь-шаволь..
— Ага, — Генік прыгледзеўся і сапраўды ўбачыў каня. — Толькі чаму ён без ног?
— Праўда, чаму? — падтрымаў Міця. — Нібыта плыве над зямлёй...
Міця зірнуў на падлеткаў, якія, відаць, з перапуду збіліся ў гурт.
— Гэта з-за туману, — упэўнена патлумачыў Васіль, хоць і ў яго скура заварушылася на спіне. І каб супакоіць сябе, больш цвёрда дадаў: — Канешне, гэта туман вісіць над лугам. Ён і хавае ногі каня. Таму здаецца, што конь бязногі, што плыве над зямлёй.
— Ага, вунь і крылы з бакоў, — з натужлівай усмешкай дадала Маня. — Белыя, хоць сам конь чорны...
Але яе як бы ніхто не пачуў, бо ў гэты самы час прагучала больш важкае пытанне Міці:
— А чый гэта конь? Так далёка ад дому?
— І пастуха не відаць, — дадаў Генік, на ўсе вялікія вочы ўзіраючыся ў кусты, туман і абрысы каня.
— Засталосё адно голас пачуць, — прамовіў Міця.
Хоць ён і не сказаў, чый голас, ды ўсе зразумелі. Сёй-той знянацку ажно плечукамі сцепануў, а ў некаторых раптоўна выступілі кропелькі поту на верхняй губе, проста пад носам.
І не паспеў ён закончыць, як з лугу, дзе над вадой вісела рэдзенькая і тоненькая пялёнка туману, пачуўся гучны голас: