— Прыйшоў час, і нікога няма...
Усе як знямелі і міжволі павярнулі галовы на голас. Узіраліся ў туманок, аднак нічога, акрамя кустоў, якія таксама, як і конь, нібыта адрэзаны ад вады, не бачылі. Але нездарма кажуць, што ў страха вочы вялікія.
Некаму падалося, што кусты ўвачавідкі адрываюцца ад зарослай мохам вады і лятуць угору. Ён падзяліўся гэтым назіраннем з іншымі:
— Во-во, глядзіце... Бачыце? Вэндзека вэнь... высока ўжо. Як бы не кусты, а цэлыя дрэвы...
— Ага, — згадзіўся Генік. — І конь нібыта хутчэй паплыў. — Ён запытальна паглядзеў на сястру, аднак яна нічога не адказала, адно таксама ўзіралася ў далекаватыя кусты. — І варушыцца нехта, — працягваў ён. — Бачыце? Ажно галіны на кустах рухаюцца... І конь як бы нагнуўсё...
— Не можа быць, каб Ткачоў з вады вылазіў, — паддала нечаканага страху Гэлька.
І раптам незнаёмы голас пачуўся зусім у іншым баку:
— Прыйшоў час, і няма...
Усе, як па камандзе, крутнулі галовамі. І амаль адначасова пачулася жабіна кваканне. Раз, другі...
І цішыня.
Маня адчула, што бярэцца на сапраўдны страх. Мурашкі пабеглі па скуры, нечакана перасохла ў роце, што хоць ты вады той з лугу глыні...
Але там, куды скіравалі позіркі, узвышалася жыта, і — нікога. Ды адчуванне разгубленасці запаланіла ўсіх. Сёй-той мо знарок паддаваўся агульнаму настрою. Але большасць спужалася па-сапраўднаму. Ці мала што на свеце бывае, здараецца, і казкі явай становяцца...
А тут месца такое. Чалавек утапіўся. Дак мо ягоная душа і не трапіла на неба, не можа з ілу доннага выбрацца, канём прыціснутая. Просіць чалавечай дапамогі.
— Прыйшоў час, і нікога няма... — зноў прагучаў голас, але на гэты раз, падалося, больш весела.
А тады зашамацела каласамі жыта, ад чаго нервы ва ўсіх наструніліся Нават Васілю, які ніколі не святкаваў труса, і то стала непамысна. І ён нечакана для самога сябе прамовіў:
— Дак сам выходзь, калі нікога няма.
І во дзіва — толькі ён гэта вымавіў, як жыта зашамацела яшчэ мацней, захісталіся высокія каласы, а з іх вышчаміўся мокры ад расы Чэсь.
— А каб ты здох, стаўдур! — першай не вытрымала Маня. — Чаго ты тут швэндаешся? Цьфу, згінь, нячыстая сіла... — а сама падумала: «Хаця каб не завінуўсё біцца, бо п’яны шмат бяды можа нарабіць...»
— Хто? Я нячысты? — здавалася, Чэсь не працверазеў, а яшчэ больш ап’янеў, нібыта недзе ў полі глынуў самагонкі. — Дак ты хіба не бачыш, што я расой вымыты? Разумееце, вы-мы-ты! — па складах прамовіў Чэсь.
— А колькі ж нас тут? — нечакана для ўсіх жартаўліва спытаў Міця. — І да каго ты звяртаешся? Вы... мы... ты... — паўтарыў ён. — Колькі ж гэта выходзіць, га?
— А табе хібя вочы засланіла? От мудры, от дасціпны, — зласнавата адказаў той і зноў павярнуўся да Мані: — Спецыяльна для цябе Божай расой памыўся, каб з табой пацалавацца, — і Чэсь хістка ступіў да Мані, намагаючыся абняць яе.
— Адчапіся, назола, — наставіла яна рукі. — І ў каго ты гэдакі ўпарты ўдаўсё?
Яе ажно скаланула. А сама падумала: «Куды ты прэшся, дурэц, каб табе кутніцу выперла? Хгбя звар’яцеў, не цяміш, што робіш? Ці мо мазгі выветрыліся? Цалавальнік знайшоўсё... Дзербалызнуў дак дадому цягніся, а не па полі блэндай... Цягаешся тут, як валачашчы сабака. Збрыдзеў, горш за сытаё мяса...» Не прамовіла гэтага, бо не хацела ўгнявіць Чэся: п’янаму хоць у вочы плюй, ён сваё рабіць будзе.
— А што, не пад мысль табе? — спытаў Чэсь. І вочы яго наліліся злосцю. — Я ж казаў, што з табой пайду? На танцах. Казаў, га? А ты не паслухалася. Вось я і апярэдзіў цябе. Каб вы-мы-тым сустрэць, — запальчыва гаварыў ён, і было не зразумець: жартуе ці гневаецца.
Але пасмялелая ад прысутнасці людзей Маня не хацела прызнаваць ягоную перамогу і адказала:
— Казаў — вяроўку вязаў... Я ж таксама казала, што не адна я... Ёсцека і іншыя. Табе ж усё адно муляе...
— Ладна, Чэсь, — прымірэнча прамовіў Васіль, які не любіў не адно бойкі, а і пустога перабрэху. — Чаго ты чапляешся? Прыйшоў, дак будзь разам. Не плявузгай абы-чаго. Разам па дамах паразыходзімсё.
— А я не хачу яшчэ дадому, — фанабэрыста запярэчыў Чэсь і нечакана дастаў з кішэні ножык-складанчык. Маню пачало браць на страх. Тут жа падлеткі, чаго ён фарсіць? Ножык — гэта ўжо не жарт.
А Чэсь адчыніў лязо, паспрабаваў на ногаць. «Востраё!» — прамовіў як бы сам сабе і павярнуўся да жыта. Пачаў узірацца. Заўважыў валошкі, зрэзаў адну. Пасля яшчэ і яшчэ... Калі набраўся велікаваты букет, падышоў да Мані.
— Гэта табе, Назанова ганарліўка, — падаў кветкі і пільна пазіраў у вочы, нібыта сваім паглядам хацеў дагаварыць тое, што не сказаў словамі. А ножык трымаў у руцэ незачыненым.