Вось і цяпер мужыкі, падахвочаныя музыкай ды скокамі маладых, прыстаўлялі да сцяны кульбакі, з даўнейшай галантнасцю рабілі паклон сваёй пані-гаспадыні і спаважна вялі яе ў танцавальнае кола — зараз і мы тупнем, пакажам маладым, што такое праўдзівыя скокі. Моладзь паважліва саступала, каб не замінаць і не блытацца пад нагамі, Васіль пачынаў нетаропкі вальс альбо падыспань, і ўсе дзівіліся жвавасці танцораў, намагаючыся ўявіць, што маглі яны ў свае маладыя гады.
Часам дзяўчаты пляскалі ў ладкі, падбадзёрвалі прыпеўкамі, кшталту:
А там пад баракам
Танцавала рыбка з ракам.
А пятрушка дзівавала,
Як там рыбка танцавала...
З другога боку чуліся насмешлівыя галасы:
— Гэта хто рыбка? Па-аўка рыбка? Ды яна ўвесь луг выплюхае...
— А Ігнась дак і праўда да рака падобны. Бач, рукі расставіў, як рак свае клешні...
— Гэта ён жонку абараняе, каб ніхто і не дакрануўся да яе...
— Іш, цікаўная... Хібя не ведаеш, што цікавай Варвары нос адарвалі?
— Не губляй пільнасці, бо Чэсь не адно нос адарве...
І ўжо да Чэся:
— Глядзі, а твой бацька не горш за цябе танцуе.
Пахвалёнчыкаў Чэсь з гонарам за бацькоў сам ажно прытупвае на месцы, а тады кажа:
— Яны не толькі абэрак, яны і сербіянку могуць... Калі захочуць.
— Ага, ім толькі тваёй полькі-янкі-сербіянкі і не хапае, — кажа Гэтэвічава Шура. — Рассыплюцца, калі пачнуць скакаць. Не збярэш...
— Глядзі, каб ты сама не рассыпалася.
«Сербіянка» — гэта песня такая, што прыйшла сюды з-за кардона. Аднекуль з-за Слуцка, Капыля, Заслаўя ці мо Негарэлага — адным словам, з таго, савецкага, боку. І так яна прыжылася тут, так спадабалася, што і танцуюць пад яе, і спяваюць, і нават самаробных частушак на яе матыў навыдумлялі...
— Але бачыш, Чэсь, як гжэчна і далікатна водзіць бацька матку? — зноў кажа Шура, мо каб апраўдацца за ранейшае.
— Ага, праўда, — хваліць Гэтэвічава Гандзя. — Усё адно як сямнастка скача Стася.
— Дак жа і Стась не адстае, — кажа яшчэ нехта.
Пахвалёнчыкі і праўда танцавалі так спраўна, што неўзабаве іншыя пары аціхлі, сышлі з кола, саступаючы ім. Гэта выклікала яшчэ большы імпэт у танцораў. Стась ажно свяціўся — ад такога гонару, ад усведамлення, што на іх скіраваны ўсе позіркі. Ён так умела і беражліва вадзіў партнёрку, нібыта баяўся незнарок прычыніць ёй якую нязручнасць.
Вось ён дробным паўкрокам павёў яе ў хуткім ланцужку ажно праз увесь надворак. Пасля трохі марудней — два крокі ўперад, адзін назад. Вось крутнуў на месцы, каб зрабіць паварот, і адначасова ўзняў сваю правую руку з яе левай над галавой, робячы своеасаблівыя вароты. Стася зразумела намер мужа. Яна спрытна юркнула пад гэтую стрэшку, за ёй і Стась. Ды так удала, што зноў пачуліся воплескі.
А Стась прыбавіў тэмпу, абняў партнёрку за плечы і кружляў вакол сябе, як лёгкае пер’ейка. Пасля збавіў тэмп, перайшоў на плаўны і няспешны. Ён хітаўся то ўправа, то ўлева, то падаваўся бліжэй да жонкі, то адпускаў яе ад сябе на ўсю даўжыню сваіх рук. Пабраўшыся толькі адной рукой і стаўшы адно поруч з другім, яны з прытупам спяшаліся наперад, трохі адступалі назад, згіналі галаву і ныралі пад рукі — спачатку Стась, а пасля Стася. І было не зразумець, ці то танцоры так удала падладжваюцца пад Васілёў гармонік, ці то гарманісты патрапляе ў такт іхнім задумам.
Увесь надворак у захапленні сачыў за Пахвалёнчыкамі, радаваўся іхняму спрыту, цешыўся іхняй зладжанасці і ўзаемнаму разуменню аднаго адным, нават зайздросціў гэткаму нязмушанаму майстэрству. Кожнае ўдалае каленца ўзнагароджвалася дружнымі воплескамі і воклічамі адабрэння.
Нават Чэсь прыціх, выставіўшы ўперад грудзі, — нібыта частка гэтай пашаны перападала і яму. Але не стрымаўся і пыхліва прамовіў, нагнуўшыся да вуха Гэлькі Нурашовай:
— Бач, як мае бацькі ўмеюць? Не тоё, што некаторыя...
— Пэўне ж, відаць пана па халяўках, — прамовіла Гэлька Нурашова. — Не тоё, што ты. І бацька не хапае партнёрку за шыю, як ты часам.
— І цалавацца не лезе, як ты, калі нап’ешся, — падавала голас некалі пакрыўджаная Чэсем дзяўчына..
— Дак я магу і без п’янкі, — разгарачаны не толькі танцамі Чэсь і сапраўды наважваўся прыхінуцца да першай, што пад руку пападзецца, дзяўчыны і паказаць, як ён умее даваць буську. Так звычайна рабілі малыя дзеці, калі іх прасілі: «Дай, Колічак, буську маме, дай. От добра, от маладзец. А дзеду? Пабуськайся і з дзедам. З дзедам пабуськайся... »
Каб не набрацца сораму ад прылюдных пацалункаў, Чэсева ахвяра настаўляе рукі, каб уперціся яму ў грудзі, калі што якое, махае імі і злосна гукае: